27 красавiка 2024, Субота, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экcперт: Сітуацыя ў эканоміцы Расеі нашмат горшая за чаканні

1
Экcперт: Сітуацыя ў эканоміцы Расеі нашмат горшая за чаканні

УБП Расеі ў студзені-траўні скарацілася на 1%, а звесткі ЗЭБа сведчаць пра яшчэ больш моцныя падзенні - на 1,1%.

Расейская эканоміка працягвае падаць. УБП Расеі за першыя пяць месяцаў гэтага года скарацілася на 1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, гаворыцца ў маніторынгу сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ад Мінэканамразвіцця, апублікаваным 27 чэрвеня. Зніжэнне УБП у траўні ў параўнанні з траўнем 2015 года склала 0,8%. У параўнанні з красавіком у траўні УБП знізіўся на 0,1%, піша РБК.

Негатыўныя тэндэнцыі адзначаюцца ў сектарах здабычы карысных выкапняў, апрацоўчых вытворчасцей, будаўніцтва і рознічнага гандлю. Пазітыўнымі вынікамі месяцы Мінэканамразвіцця называе вынікі ў сектары сельскай гаспадаркі, а таксама ў вытворчасці і размеркаванні электраэнэргіі, газу і вады.

Паводле ацэнкі Знешэканамбанка, прадстаўленай таксама 27 чэрвеня, расейская эканоміка ў траўні скарацілася больш, чым падлічылі ў Мінэканамразвіцця - у траўні ў параўнанні з красавіком - на 0,4%, а за студзень-травень 2016 года зніжэнне УБП склала 1,1%. Ацэнкі дынамікі УБП у траўні ў гадавым вымярэнні - мінус 1%.

Звесткі за травень апынуліся «нашмат горшымі за чаканні», гаворыцца ў каментары галоўнага эканаміста ЗЭБа Андрэя Клепача. «Нягледзячы на большасць зробленых апошнім часам аптымістычных заяў і падвышэнне цаны нафты, звесткі статыстыкі дэманструюць, што пералому ў эканамічнай дынаміцы пакуль не адбываецца. Эканоміка працягвае скарачацца, нягледзячы на паляпшэнне знешняй кан'юнктуры і рост экспарту», - піша ён.

Клепач таксама адзначае рэкордную працягласць спаду рознічных продажаў, ён працягваецца ўжо дзевяць месяцаў запар. Даходы насельніцтва няўстойлівыя, і ў красавіку-траўні яны сталі зніжацца ў рэальным выразе.

«Для прамысловай вытворчасці нядаўняе паляпшэнне канкурэнтаздольнасці становіцца відавочна недастатковым для кампенсацыі эфекту сціскання ўнутранага попыту. У выніку мы назіраем зніжэнне вытворчасці прамысловасці цягам ужо трох месяцаў», - гаворыцца ў каментары Андрэя Клепача.

Раней эксперты ВШЭ паказвалі, што за апошнія два месяцы вясны эканоміка Расеі абрынулася на 2,5% у параўнанні з траўнем 2015 года, які дагэтуль лічыўся «дном крызісу». «За красавік і травень стан расейскай эканомікі рэзка пагоршыўся, нягледзячы на павышэнне цэнаў нафты Urals з $30 за барэль у студзені-лютым да $40 і $45 у красавіку і траўні адпаведна. Паглыбленне рэцэсіі ў гэтыя месяцы аказалася настолькі вялікае, што пры захаванні эканамічнай актыўнасці на ўзроўні траўня падзенне УБП паводле вынікаў года складзе 1,5-2%, хоць мы чакалі ўбачыць такое падзенне толькі пры цане нафты $35. Застаецца спадзявацца, што хаця б нафта не адновіць падзенне», - падкрэсліваецца ў дакладзе ВШЭ «Каментары аб дзяржаве і бізнэсе».

Пры гэтым міністр эканамічнага развіцця Аляксей Улюкаеў захоўвае ўпэўненасць, што ўжо сёлета расейская эканоміка цалкам выйдзе з рэцэсіі.

«Ніжняя кропка спаду пройдзеная, ідзе хуткае аднаўленне эканомікі. Пачынаючы з трэцяга квартала расейская эканоміка будзе паказваць рост. Рэцэсія ў эканоміцы цалкам спыніцца паводле вынікаў гэтага года», - казаў міністр на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.

Базавы прагноз Мінэканамразвіцця мяркуе спад УБП паводле вынікаў 2016 года 0,3%. У прагнозе Сусветнага банка, які быў апублікаваны 7 чэрвеня, змяшчаецца здагадка, што УБП Расеі ў 2016 годзе знізіцца на 1,2%, у 2017-м вырасце на 1,4%, а ў 2018 годзе - на 1,8%.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках