27 красавiка 2024, Субота, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя БНФ падасць у суд на арганізатараў «выбарчай кампаніі»

12
Партыя БНФ падасць у суд на арганізатараў «выбарчай кампаніі»

У камісіі ўключылі ўдвая менш актывістаў партыі БНФ, чым на мінулых «парламенцкіх выбарах».

У абласныя камісіі ўключаныя толькі двое з шасці, а ў акруговыя - шэсць з 45 вылучэнцаў Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання «БНФ «Адраджэнне», паведамляе прэс-служба партыі.

Паколькі Выбарчы кодэкс прадугледжвае магчымасць аспрэчыць пастанову аб фармаванні выбаркамаў у судовым парадку, 29 чэрвеня Партыя БНФ мае намер накіраваць скаргі ў Менскі гарадскі суд і Менскі абласны суд.

На сёння ў склад выбарчай камісіі ў Менску ўвайшоў кіраўнік сталічнай арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч, а прадстаўнік «Адраджэння» Андрэй Розум уключаны ў акруговы выбаркам №109 ва Уруччы. Ніводзін з шасці вылучэнцаў Партыі БНФ у склад астатніх акруговых камісій Менска не ўвайшоў.

Вылучэнцы партыі былі ўключаныя ў Берасцейскую абласную камісію, а таксама ў тры з васьмі акруговых камісій. Ніводнага прадстаўніка Партыі БНФ не ўключылі ў тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Старшыня партыі Аляксей Янукевіч адзначае, што ў гэтым годзе выбаркамы сфармаваныя з рэкордна малым прадстаўніцтвам БНФ. «На мінулых выбарах 2012 года ў Партыі БНФ было 12 прадстаўнікоў у акруговых камісіях. Такім чынам, наша прадстаўніцтва ў акруговых камісіях скарацілася ўдвая», - цытуе Янукевіча прэс-служба партыі.

Палітык расцэньвае сітуацыю як «сведчанне намераў уладаў правесці выбары паводле звыклага адміністрацыйнага сцэнару».

«Выбаркамы сфармаваныя практычна без удзелу апазіцыі ў такім складзе, які будзе гатовы выканаць кожны загад уладаў. Такім чынам, даверу да гэтага складу акруговых і тэрытарыяльных выбаркамаў у нас няма, адпаведна, не будзе даверу і да тых вынікаў, якія гэтыя камісіі агучаць пасля 11 верасня», - заявіў Янукевіч.

Нагадаем, фармаванне тэрытарыяльных і акруговых выбаркамаў скончылася 27 чэрвеня. У Менску былі створаныя гарадская тэрытарыяльная і 20 акруговых выбарчых камісій. Склад выбаркамаў вызначаўся паводле вынікаў рэйтынгавага галасавання.

Вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій будзе праходзіць да 24 ліпеня.

Парламенцкія «выбары» ў Беларусі адбудуцца 11 верасня. Ніводныя «выбары» ў Беларусі пасля 1994 не былі прызнаныя АБСЕ і міжнароднай супольнасцю як адпаведныя дэмакратычным стандартам.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках