1 траўня 2024, Серада, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Італьянскія СМІ: Азербайджан заплаціў мільёны еўраў дэпутатам ПАРЕ

4
Італьянскія СМІ: Азербайджан заплаціў мільёны еўраў дэпутатам ПАРЕ
ЛУКА ВАЛОНТЭ

У студзені 2013 года Рада Еўропы прагаласавала супраць рэзалюцыі аб Азербайджане.

Паводле звестак італьянскіх следчых, краіне гэта каштавала 2 млн. 390 тыс. еўраў, якія заплацілі 18 ратамі праз тэлікам-кампанію Baktelecom, піша currenttime.tv.

Італьянская паліцыя вядзе расследаванне ў дачыненні да Лукі Джузэпэ Валонтэ, ганаровага прэзідэнта палітычнай групы Еўрапейскай народнай партыі (ЕНР) у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), былога дэпутата Палаты дэпутатаў Італіі. Паводле звестак італьянскіх газет, яго падазраюць у тым, што ён, будучы прадстаўніком Італіі ў Радзе Еўропы, арганізаваў атрыманне хабару ад урада Азербайджана сумаю 2 млн. 390 тыс. еўраў. Грошы пайшлі на тое, каб Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) не дала ход дакладу аб становішчы палітычных зняволеных у Азербайджане.

У студзені 2013 года Рада Еўропы прагаласавала супраць рэзалюцыі аб Азербайджане, у якой апісвалася становішча 85 чалавек, якія знаходзяцца ў турмах на палітычныя абвінавачванні. «За» рэзалюцыю было пададзена толькі 79 галасоў, у той час як «супраць» - 128, і яна была адхіленая з фармулёўкай «Абвінавачванні не адпавядаюць рэчаіснасці».

У перадачы хабару нібыта таксама ўдзельнічалі сябры азербайджанскай дэлегацыі ў ПАРЕ Эльхан Сулейманаў і Муслум Мамадаў, а яе адрасатамі былі сябры Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце. Паліцыя не называе імёны дэпутатаў, якія атрымалі грошы, аднак партыя ўключае ў сябе 73 калектыўных сябраў, у тым ліку нацыянальныя партыі з 39 краін (Аўстрыі, Бельгіі, Нямеччыны, Грэцыі, Гішпаніі, Італіі і іншых краін).

Азербайджанскія ўлады пакуль ніяк не пракаментавалі абвінавачванні італьянскага боку. Адвакаты Лукі Валонтэ адмаўляюць прад'яўленыя яму абвінавачванні.

У сакавіку 2016 года прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў падпісаў распараджэнне аб памілаванні 148 чалавек, у тым ліку 14 праціўнікаў рэжыму. Сярод тых, хто выйшаў на свабоду - палітвязні: праваабаронца Расул Джафараў, сябры NIDA Рашад Гасанаў, Рашадат Ахундаў, Мамед Азізаў, Амар Мамедаў, журналісты Парвіз Гашымаў і Хілал Мамедаў.

Палітычнай зняволенай многія лічаць таксама нядаўна выпушчаную на свабоду журналістку Хадзіджу Ісмайлаву, якая расследавала карупцыю ў вярхах кіруючай эліты краіны, у тым ліку ў прэзідэнцкай сям'і. Ісмайлава была арыштаваная ў снежні 2014 года, а ў верасні 2015 года яе прысудзілі да 7,5 гадоў турмы паводле эканамічных артыкулаў. Пасля амаль паўтара года ў засценках рэальны турэмны тэрмін ёй быў заменены на ўмоўны 3 гады і 6 месяцаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках