4 траўня 2024, Субота, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: На саміце NATO Беларусь разглядалі як сатэліта Расеі

10
Экспэрт: На саміце NATO Беларусь разглядалі як сатэліта Расеі
ФОТА: SVABODA.ORG

Калі Расея праявіць агрэсію супраць балтыйскіх дзяржаў, Лукашэнка аўтаматычна яе падтрымае.

Пра гэта «Нашай Ніве» распавёў кіраўнік беларускага Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі, які з групай беларускіх экспэртаў прысутнічаў у Варшаве ў якасці незалежнага назіральніка.

«Беларускае пытанне амаль не гучала, - сказаў Арсень. - Толькі міністр замежных спраў Польшчы сказаў, што яго краіна гатовая стаць пасярэдніцаю ў супрацоўніцтве паміж Беларуссю і NATO. Асноўныя ж рашэнні прымаюцца для стрымлівання Расеі - так, разгорнуцца 4 новыя батальёны ў Прыбалтыцы і Польшчы. Яны не нясуць пагрозы для Беларусі - такой колькасці войскаў недастаткова, каб стварыць пагрозу, але гэта прамы пасыл Расеі: калі яна вырашыць напасці на адну з краін NATO, то пяты артыкул Альянсу адразу ж будзе задзейнічаны. І гарантыя гэтаму - змешаны склад разгорнутых батальёнаў - там будуць прадстаўлены грамадзяне ўсіх 28-мі краін NATO».

Мяркуючы ж па размовах у кулуарах саміту, да нашай краіны стаўленне неадназначнае.

«Калі казаць пра тое, як нас успрымаюць у Альянсе, - сітуацыя даволі складаная. Стратэгічнае планаванне NATO разглядае Беларусь у якасці безумоўнага вайскова-палітычнага хаўрусніка Расеі. Уважаецца, што, калі Расея праявіць агрэсію да балтыйскіх дзяржаў, то мы, маўляў, аўтаматычна яе падтрымаем праз сур'ёзную вайсковую інтэграцыю», - сказаў Сівіцкі і дадаў, што паміж NATO і Беларуссю самы нізкі з усіх постсавецкіх краін узровень супрацоўніцтва.

«Нават у рамках тых інструментаў, якія сёння ёсць - гэта праграма «Партнёрства дзеля міру» - мы паводзім сябе не вельмі актыўна. Калі б было крыху інакш, беларускі бок быў бы запрошана на саміт, як напрыклад Арменія», - выказаў меркаванне беларускі назіральнік.

Таксама Сівіцкі дадаў, што ў Альянсе ўспрымаюць даволі скептычна нядаўнія заявы Уладзіміра Макея аб неабходнасці хутчэйшай арганізацыі дыялогу паміж Беларуссю і NATO.

«Пакуль што гэтыя заявы ўспрымаюцца з невялікай доляй скептыцызму,- сказаў Сівіцкі. - Ніхто не разглядае гэта як сігнал таго, што ў найбліжэйшай будучыні Беларусь выйдзе з АДКБ і саюзных арганізацый з Расеяй. У размовах з прадстаўнікамі МЗС Польшчы і вайсковымі экспэртамі я зразумеў, што яны ставяць пад сумнеў вайсковы суверэнітэт Беларусі як такой. І нашыя Узброеныя сілы разглядаюцца як глыбока інтэграваная частка расейскіх войскаў».

Таксама экспэрт дадаў, што, на думку заходніх стратэгаў, самым імаверным сцэнаром канфлікту паміж Расеяй і NATO будзе гібрыдная вайна ў Балтыі. А для яе паспяховага вядзення, такім чынам, Расеі трэба кантраляваць тэрыторыю Беларусі, бо з нашай тэрыторыі ствараць пагрозы нашмат прасцей.

Таксама беларускі назіральнік дадаў, што беларускія «Паланезы» не ўспрымаюцца як пагроза краінам Альянсу.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках