27 красавiка 2024, Субота, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ураган пашкодзіў 8 самалётаў у менскім аэрапорце

4

Колькасць пашкоджаных самалётаў падчас урагану 13 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце Менск павялічылася.

Як інфармуе прэс-служба аэрапорта «Менск-2», праз моцны вецер і дождж 5 самалётаў атрымалі нязначныя пашкоджанні (драпіны і ўвагнутасці ад падзення фрагментаў розных канструкцый), 3 - цяжкія пашкоджанні.

Два паветраныя судны (пасажырскае і транспартнае) сутыкнуліся на стаянцы. Яшчэ адзін лёгкаматорны самалёт перакуліўся, ён атрымаў значныя пашкоджанні.

Адзін з самалётаў належыць кампаніі «Белавія», другі (грузавы Ан-12) - беларускай RubyStar Airlines.

У раёне аэрапорта вецер вырываў з зямлі дрэвы, на стаянцы былі пашкоджаныя некалькі аўтамабіляў, рэкламныя канструкцыі. У аэровокзальным комплексе разбітыя некалькі вокнаў, дэфармавана навясное столевае пакрыццё каля іх. Ніхто з людзей не пацярпеў. У аэрапорце працуе спецыяльная камісія.

Адзначаецца, што Нацыянальны аэрапорт Менск працягваў працаваць у штатным рэжыме. Самалёты, якія ўчора ў другой палове дня праз цяжкія метэаўмовы прызямляліся на запасных аэрадромах, ужо вярнуліся ў сталіцу.

Відавочцы кажуць: вецер быў такой сілы, што выціскаў шкло. На жаль, прэс-служба аэрапорта забараніла журналістам фатаграфаваць аэравакзал, маўляў, наведванне здымачнай групы трэба ўзгадняць як мінімум за чатыры гадзіны да прыезду. Хоць наўрад ці чатыры гадзіны назад тут маглі прадбачыць, якімі будуць наступствы.

Пра тое, што адбывалася падчас урагану, tut.by распавялі таксісты.

- Вакол усё лётала! Спачатку нічога наогул не было відаць - сцяна дажджу, - распавядае спадар Уладзімер. - З даху ляцела ашалёўка, людзі, якія стаялі звонку, уцякалі ў будынак.

Прама ля сцен аэрапорта стаіць маленькі гандлёвы кіёск з кавай і выпечкай. Кухар Андрэй як ні ў чым не бывала пячэ бліны і ўспамінае, што такой непагадзі, як некалькі гадзін таму, ён не бачыў ніколі ў жыцці. Наймацнейшым парывам ветру здзьмула важкія драўляныя сталы і крэслы, за якімі наведвальнікі пілі каву.

- Усю мэбля аднесла на шмат метраў, да шлагбаўму, за якім стаяць таксі, - успамінае мужчына. - Я як раз вяртаўся з абеду і спадзяваўся паспець дабегчы да кіёска. Але не паспеў дайсці, схаваўся за калонай. А вакол усё насіла!

Андрэй успамінае, што парыў ветру максімальнай сілы доўжыўся хвілін пяць, панесла не толькі столікі, але і «цяжкія тумбы з кветкамі, сметніцы».

- Тут вэрхал быў. Мэблю дапамаглі сабраць таксісты. Ведаеце, страшнавата было.

Кухар распавядае, што зверху сыпалася шкло, сарвала рэкламу банка, ад назвы аэрапорта адваліліся часткі літар.

Яшчэ аднаго таксіста Ягора стыхія заспела ў дарозе, на пад'ездзе да аэрапорта.

- Лёталі галіны, такі быў моцны вецер. Калі прыехаў, застаў наступствы стыхіі. Павыбівала шкло на трэцім паверсе, быццам бы тры вялікія акны пашкодзіла, сарвала рэкламныя стэнды і дарожныя ўказальнікі.

Ягор звяртае ўвагу і на музей авіятэхнікі, які знаходзіцца побач з аэрапортам.

- Ды там самалёты развярнула! Кукурузнік наогул на 90 градусаў, ён зачапіў Як!

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках