28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-7 цікавых фактаў з гісторыі грошай у Беларусі

5

На выставе «Бывай, мільянер!» у Гародні паказалі сотні царскіх, нямецкіх, польскіх і нават паўстанцкіх купюраў.

З нагоды дэнамінацыі Гарадзенскі гістарычна-археалагічны музей зладзіў выставу, прысвечаную абароту папяровых грошай на нашых землях з канца XVIII да пачатку XXI стагоддзя. Тут сама, побач з зашклёнымі вітрынамі з купюрамі, сваё месца знайшлі некалькі «гандлёвых кропак» рознага часу: ад кірмашу часоў Першай сусветнай да савецкага сельпо.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

«Белсат» паглядзеў, якія цікавосткі пра айчынныя банкноты могуць даведацца наведвальнікі выставы...

Касцюшка першым увёў у абарот банкноты

ФОТА: «БЕЛСАТ»
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Мяркуецца, што першымі папяровымі грашыма ў Беларусі былі асігнацыі Кацярыны II 1780-х гадоў. Але да Гродзеншчыны яны не дайшлі, таму першыя банкноты тут ўвёў... Тадэвуш Касцюшка. Злотыя з «Арламі» і «Пагонямі» былі надрукаваныя ў жніўні 1794-га, калі паўстанне ўжо згасала. Цікава, што гэтыя грошы не забяспечваліся ніякім залатым запасам, адзінай гарантыяй іх «трываласці» была зямля, якую кантралявалі паўстанцы.

Царская Расея – хаос курсаў

У Расейскай імперыі да 1840 – 1850-х гадоў паралельна існавала некалькі грашовых курсаў, завязаных на... сыравіну, з якой зробленая валюта. Медныя, срэбныя і папяровыя грошы каштавалі па-рознаму, напрыклад срэбная капейка была роўная чатыром медным. Золата ў абароце ўвогуле не было. Цікава, што на нашай тэрыторыі паралельна хадзілі манеты і купюры Каралеўства Польскага. Адна расейская капейка каштавала два польскія грошы, але рубель – гэта 100 капеек, а злоты – 30 грошаў. Таму з'явіліся фантастычныя наміналы: на манеце магло быць адначасова напісана «¾ рубля і 5 злотых». Усё гэта доўжылася да 1860-х гадоў.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Самавары прадавалі на вагу

У 1830 – 1840-я гг. самавары пачалі з неймавернай хуткасцю набываць папулярнасць у Беларусі. Нават калі зірнуць на літаграфіі часоў паўстання 1863 года, паўстанцы вельмі часта сядзяць у лесе вакол самавара. Вынікам папулярнасці стала цікавая сітуацыя: самавары пачалі прадаваць... на вагу, як цяпер цвікі, напрыклад. Адзін пуд (16 кг) самавараў каштаваў 64 рублі. Зразумела, што самі самавары маглі быць рознымі – невялікімі 3-4 кг або велізарнымі, куды ваду залівалі вёдрамі. Такі мог і на пуд пацягнуць, а то і больш. Але цікавы сам факт: папулярны тавар стаў адначасова і грашовай меркай.

ФОТА: «БЕЛСАТ»
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Навошта польскія маркі секлі напалову?

Самая буйная купюра, якая хоць калі хадзіла на беларускіх землях, – польская банкнота 1923 года наміналам 10 000 000 марак. Цікава, што набыць на яе можна было хіба што бохан хлеба. Такая інфляцыя была плёнам агульнаеўрапейскага крызісу, які наступіў пасля Першай сусветнай вайны. У канцы 1923 – пачатку 1924 года ў Польшчы была праведзеная рэформа: маркі памянялі на злотыя. Адзін злоты, такім чынам, каштаваў 1 800 000 марак. Але каб выкарыстоўваць старыя купюры, якіх надрукавалі шмат, часцяком іх... секлі напалову, а зверху ставілі штампік з новым наміналам, напрыклад, 5 грошаў.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Пры немцах хадзіла ўсё

Падчас нямецкага панавання ў 1941 – 1944 гадах у Беларусі хадзіла літаральна ўсё: рэйхсмаркі, украінскія карбованцы, старыя польскія злотыя, савецкія рублі... Дагэтуль няма грунтоўных навуковых прац, якія дакладна апісвалі б тую грашовую сістэму, курсы і кошты. Цікава, што на купюры 50 марак, прызначанай для акупаванага Усходу, немцы змясцілі выяву тэўтонскага замка ў Марыенбургу – прамая аналогія з ідэяй «Дранг нах Остэн».

ФОТА: «БЕЛСАТ»
ФОТА: «БЕЛСАТ»
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Сталін вярнуў рублям «царскі» дызайн

Як вядома, у час вайны Сталін легалізаваў праваслаўную царкву і вярнуў афіцэрам «залатыя» пагоны. Шмат хто казаў пра тугу «бацькі народаў» да старой царскай Расеі з яе эстэтыкай. Яшчэ адно пацверджанне такой думкі – савецкія рублі, якія з'явіліся пасля дэнамінацыі 1947 года. Новыя грошы адзін у адзін нагадвалі старыя, дарэвалюцыйныя, а калі партрэты Леніна замяніць малюнкамі Кацярыны ці Пятра Першага – розніца і зусім страціцца. А вось сама дэнамінацыя была «рабаўніцкай», бо стала вынікам дэвальвацыі і адмены карткавай сістэмы. Абмен старых грошай на новыя доўжыўся ўсяго адзін тыдзень, у аддаленых раёнах СССР – два.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Рамантычны зайчык

З «зайчыкамі» ў большасці беларусаў звязаныя выключна рамантычныя ўспаміны, таму іх выявы цяпер ператвараюцца ў магніты на халадзільнікі і бясконцыя інтэрнэт-мемы. Купюры фактычна не былі абароненыя ад падробак: надрукаваныя на кепскай паперы і са слабымі вадзянымі знакамі. А ўвесь грашовы заапарк – ваўкі, вавёркі, бабры і іншыя – нават не маляваўся спецыяльна мастаком, а быў узяты з энцыклапедый і падручнікаў. Тым не менш гэта былі першыя грошы незалежнай Беларусі, якія з'явіліся насуперак савецкім рублям у траўні 1992 года, каб абараніць эканамічны суверэнітэт краіны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках