3 траўня 2024, Пятніца, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Страляніна ў Мюнхене: загінулі 10 чалавек

21
Страляніна ў Мюнхене: загінулі 10 чалавек
ФОТА: AP

У Мюнхене ў выніку страляніны ў адным з гандлёвых цэнтраў загінулі 10 чалавек, у тым ліку нападнік, 21 чалавек атрымаў раны.

Што вядома аб гэтым здарэнні, і якія захады робяцца ўладамі, паведамляе Нямецкая хваля.

Дзе адбылася страляніна?

Увечары ў пятніцу, 22 ліпеня, у Алімпійскім гандлёвым цэнтры ў Мюнхене была распачатая страляніна. Паводле звестак паліцыі, гэта пачалося каля рэстарацыі хуткага харчавання, пазней працягнулася ў гандлёвым цэнтры. Інфармацыя аб страляніне ў цэнтры места, у раёне Штакусе не пацвердзілася.

Колькі ахвяр?

Паліцыя пацвердзіла, што загінулі 9 чалавек, меркаваны злачынец учыніў самагубства. 21 чалавек паранены, з іх трое цяжка.

Хто страляў?

Паводле звестак паліцыі, злачынства ўчыніў адзін чалавек. Меркаваны злачынец - 18-гадовы немец іранскага паходжання, які больш за два гады жыў у Мюнхене. Раней ён не трапляў у поле зроку паліцыі. Неўзабаве пасля пачатку страляніны а 17.50 ён быў лёгка паранены паліцыянтамі ў цывільнай форме, якія прыехалі на месца злачынства. Пазней ён здолеў уцячы. Прыкладна а 20.30 мясцовага часу злачынец быў знойдзены мёртвым на адной з вуліц, прылеглых да гандлёвага цэнтра. Паводле звестак паліцыі, ён учыніў самагубства.

Як паведаміў начальнік паліцэйскай установы Мюнхена Губэртус Андрэ (Hubertus Andrä) на прэс-канферэнцыі ўночы ў суботу, 23 ліпеня, першапачатковыя паведамленні аб трох удзельніках страляніны не пацвердзіліся. Таксама не пацвердзілася інфармацыя, што злачынец выкарыстаў даўгарулевую зброю. Побач з ім быў знойдзены пісталет.

Ці можна казаць пра тэракт?

Пра матывы і кантакты злачынца ў паліцыі пакуль няма ніякіх звестак, заявіў Губэртус Андрэ.

Кіраўнік установы федэральнага канцлера Пэтэр Альтмаер (Peter Altmaier) заявіў, што не выключае тэрарыстычнага характару злачынства ў Мюнхене. Следчыя працуюць у тым ліку і ў гэтым кірунку, адзначыў ён. Віцэ-канцлер Зігмар Габрыэль заклікаў "не спекуляваць" па нападзе ў Мюнхене. Кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер (Frank-Walter Steinmeier) заявіў, што матывы злачынства ў Мюнхене пакуль застаюцца нявысветленымі. "Довады дагэтуль супярэчлівыя", - гаворыцца ў заяве міністра.

Крызісны рэжым дзейнасці

На суботу, 24 ліпеня, у Бэрліне прызначанае пасяджэнне ўрада Нямеччыны з удзелам канцлеркі Ангелы Мэркель (Angela Merkel) і ўсіх профільных міністраў. У "кабінет бяспекі" уваходзяць міністры замежных спраў, абароны, унутраных спраў і кіраўнік установы федэральнага канцлера.

Праз злачынства ў Мюнхене кіраўнік МУС Нямеччыны Томас дэ Мэзьер (Thomas de Maizière) перапыніў візіт у ЗША, куды ён адправіўся ў адпачынак. Неадкладна па прызямленні ў Нью Ёрку дэ Мэзьер загадаў вылецець назад у Нямеччыну.

У Мюнхене скасаванае абвешчанае раней асобнае становішча

У сувязі са стралянінай у гандлёвым цэнтры ў Мюнхене было абвешчанае асобнае становішча. З дапамогай адмысловай сістэмы абвесткі Katwarn гараджане атрымалі на смартфоны паведамленне з просьбай не пакідаць свае дамы. Баварыя звярнулася па дапамогу да Федэральнай паліцыі ды іншых федэральных земляў. Найбліжэйшымі гадзінамі чакаецца прыбыццё аддзелаў спецпрызначэння з шэрагу іншых федэральных зямель.

У месце быў цалкам спынены рух гарадскога і прыгараднага грамадскага транспарту, замкнёны і ачэплены галоўны чыгуначны вакзал. Паліцыя заклікала аўтамабілістаў пакінуць аўтабаны блізу Мюнхена. А 1-й гадзіне ночы мясцовага часу ў суботу грамадскі транспарт у горадзе аднавіў дзейнасць.

Са слоў Губэртуса Андрэ, мюнхенская паліцыя, з пункту гледжання бяспекі, не бачыць патрэбы для скасавання масавых акцый, запланаваных у месце на канец тыдня.

ФОТА: AP

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках