3 траўня 2024, Пятніца, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За продаж цялятаў расейскаму скупшчыку судзілі цэлую групу вяскоўцаў

37

Гэтую справу ў судзе Гарадоцкага раёна называюць беспрэцэдэнтнай. На лаве падсудных – адразу шэсць чалавек.

А было іх сем – вяскоўцаў, якія прадалі расейскаму нарыхтоўшчыку цялятаў, выгадаваных на сваіх падворках. Разлічыўся скупшчык з людзьмі расейскай валютай. Праўда, адзін з прадаўцоў заявіў, што расеец асабіста яму заплаціў выключна беларускімі рублямі, піша respublika.sb.by.

Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач вяскоўцам спачувае:

– Так, зразумець здатчыкаў, якія хочуць сваю жыўнасць прадаць як мага больш выгодна, можна – усё-такі сваімі рукамі выгадавалі. Але ж і нашыя гаспадаркі маладняк набываюць. Пытанне знаходзіцца пад пастаянным кантролем: і старшыня аблвыканкама гэтую тэму на планёрках агучвае, і мы на нарадах абмяркоўваем. Дамовы кантрактацыі, якія складаюцца, акрамя грашовага разліку, прадугледжваюць і натуральнае заахвочванне – збожжам, сенам. Ці доўга чакаць разліку? Цяпер – цягам месяца. У пачатку года, вядома, у гаспадарак былі фінансавыя праблемы, каб выплаціць заробкі, затрымлівалі, але цяпер усё стабільна. Дарэчы, у жыхароў раёна засталося ўсяго 350 кароваў, мы закупілі каля 70 цялятаў.,/I.

Разам з кіраўніком управы сельскай гаспадаркі і харчавання Гарадоцкага райвыканкама Аляксеем Маркоўскім едзем на самы край Віцебшчыны – у Палова. Па дарозе Аляксей Анатольевіч апавядае: у сельгаспрадпрыемствах раёна налічваецца 14,3 тысячы галоваў буйной рагатай жывёлы. За год пагалоўе зменшылася прыкладна на 700 галоваў. Вакуум трэба закрываць, а значыць, і маладняк сельгаспрадпрыемствамі запатрабаваны.

Іншая справа, што не ўсе і не заўсёды своечасова могуць за яго разлічыцца. Вёсачка сустракае нас зарослымі садамі, апусцелымі дамамі з забітымі дошкамі вокнамі. А яшчэ – раскіданымі ў розныя бакі вулачкамі з дарогамі, якія гадоў пяць дакладна не бачылі грэйдара. На ўездзе – рэшткі былых адміністрацыйных і гаспадарчых будынкаў. Палова ўжо даўно далучаная да буйнога сельгаспрадпрыемства, цэнтр якога знаходзіцца за дзесяць кіламетраў. Працаваць, акрамя як на маленькай ферме, у пасёлку няма дзе. Менавіта тут міліцыя і выявіла «валютчыкаў». Двое з іх – суседзі. З імі і вядзем размову.

– Ды я ніколі ў жыцці не думала, што расейскія рублі – гэта замежная валюта, – шчыра здзіўляецца сацыяльны работнік Алена Пехцерава (у яе на падворку тры каровы, хоць нядаўна было чатыры). – Якое замежжа – вунь жа яна, Расея, за кустамі пачынаецца! Даляры, еўры – так, валюта. А расейскія... Мы ж у саюзнай дзяржаве жывем. А што тычыцца цялятаў, так няма каму іх было аддаць. Дамоваў з намі не заключалі, здаць маладняк не прапаноўвалі, супрацоўнікі сельсавета не прыходзілі. Калі б у гаспадарцы прымалі, тады я ведала б, у мяне мама ў бухгалтэрыі працуе. А тут прачулі, што сёй-той скупляе, вось і папрасілі да нас заехаць. Размова ішла пра кошты ў беларускіх рублях. Потым, пагрузіўшы быдла, пакупнік сказаў, што не паспеў абмяняць грошы і разлічыцца расейскімі. Мы і не ведалі, што закон парушаем. Ніколі ніхто пра гэта не папярэджваў. А назаўтра – міліцыя. Да Алесі вось да першай прыйшлі...

Алеся Палешчанка – маладая мама, выхоўвае з мужам Андрэем паўтарагадовага сыночка. У сям'і таксама засталося тры каровы. Вясной іх было пяць. Вельмі цяжка даглядаць за такім статкам. Тым больш што з'явіўся малы – ён асаблівай увагі патрабуе. Давялося скараціць свойскае пагалоўе. У мінулым годзе падворак Алесі і Андрэя быў прызнаны найлепшым у раёне – маладая сям'я прадала дзяржаве 16 тонаў малака!

Міліцыянты прыйшлі з пастановай і запатрабавалі выдаць атрыманыя ад угоды грошы. Сказалі, што найлепш гэта зрабіць добраахвотна, каб не давялося шукаць. Я і дастала 8,4 тысячы расейскіх рублёў. Іх забралі, а потым даслалі позву ў суд, – Алеся, як і яе суседка, сцвярджае: ведаць не ведала пра тое, што банкноты РФ – валюта.

Аляксей Маркоўскі пытаецца, чаму не патэлефанавалі ў райвыканкам тады, калі думалі над лёсам цялятаў? У любым выпадку тут знайшлі б варыянты прадаць іх на месцы, у раёне. З справаздачаў відаць: мясцовая гаспадарка дзесяць галоваў маладняку набыла ў насельніцтва. Значыць, прымалі.

Трэцяя вясковая «валютчыца» – загадчыца фермы аддзялення «Палова» Галіна Няжэвіч таксама нічога не чула пра прыём цялятаў сваім сельгаспрадпрыемствам. Сцвярджае як і аднавяскоўкі: звязваючыся з прадпрымальнікам, разлічвала на аплату ў беларускіх рублях. А калі ёй прапанавалі расейскія, не стала патрабаваць разгрузкі аўтамабіля і вяртання цяляці ў хлеў.

Яшчэ адна фігурантка гучнай справы – пенсіянерка Валянціна Пятрухіна з Гарадка. Былая супрацоўніца райплемстанцыі была вымушаная дагадаваць цяля да пяці месяцаў. Валянціна Андрэеўна пералічыла мне некалькі гаспадарак, куды за гэты час беспаспяхова тэлефанавала з просьбай забраць бычка. Звязвалася, паводле ейных словаў, і са спецыялістамі райсельгасхарчу. Параілі звярнуцца ў Віцебскі раён. А як туды цяля даставіць? Узрадавалася, калі знайшла тэлефон скупшчыка. У выніку 21 тысячу расейскіх рублёў, якія пакупнік замест загадзя абумоўленых беларускіх грошай пакінуў гаспадыні, у яе канфіскоўвалі разам з панятымі. Пенсіянерка і цяпер не можа акрыяць ад стрэсу і ганьбы, падчас размовы раз-пораз пачынае плакаць, скардзіцца на пастаянна высокія ціск і цукар у крыві.

– Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі і спыталі: «Вы ўчора цяля прадалі?» Так, кажу, прадала. «Грошы пакажыце!» – патрабуюць. Я захвалявалася: а што, фальшывыя? Можа, і фальшывыя, кажуць. Я і дастала...

Сітуацыя неадназначная. З аднаго боку, людзі парушылі закон. З іншага – прадавалі не крадзенае, а сваё. Нікому шкоды не нанеслі, а пайсці на процізаконную ўгоду былі вымушаныя ў сілу абставінаў і ўласнай недасведчанасці. Думаецца, расеец, якога тармазнулі з цялятамі на мяжы, таксама не меркаваў, што ягоная інфармацыя рыкашэтам ударыць па людзях. Ён проста апавёў пра абставіны набыцця жывёлы, каб даказаць: не скраў. Яго, дарэчы, шчасліва адпусцілі разам з грузам, а за адсутнасць ветэрынарнага пасведчання аштрафавалі на 0,5 базавай велічыні.

– Нашыя супрацоўнікі таксама не маглі паступіць інакш, – сцвярджае кіраўнік Гарадоцкага РАУС Уладзімір Варанько. – Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Так, вяскоўцаў, у дачыненні да якіх былі пачатыя адміністрацыйныя працэсы, не параўнаць з валютнымі мяняламі, якія аціраюцца ля банкаў. Але і тыя, і іншыя падпадаюць пад аналагічныя артыкулы адміністрацыйнага кодэкса. Згодны, што інфармацыйна-прафілактычная праца ў гэтым кірунку недастатковая. Абавязкова яшчэ раз выступім з тлумачэннямі ў раённай газеце, разам з прадстаўнікамі сельскіх саветаў абыдзем падворкі, расклеім улёткі. Асаблівая ўвага – жыхарам Мяжанскага сельскага савета, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска Палова.

Дэталёвы аналіз сітуацыі пасля прыезду журналіста адбыўся і ў райвыканкаме. Кіраўнік раёна Пётр Карабач папярэдзіў усіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і сельскіх саветаў наконт недапушчальнасці падобных фактаў у будучыні і неабходнасці ўсяляк падтрымліваць тых, хто трымае прысядзібныя гаспадаркі. Да кожнага з іх будуць накіраваныя адказныя асобы сельвыканкамаў – ім трэба будзе на месцы ліквідаваць інфармацыйны прабел у дачыненні да дзейнага заканадаўства і высветліць, якія яшчэ праблемы хвалююць здатчыкаў сельгаспрадукцыі. Бо з улікам таго, што Гарадоцкі раён знаходзіцца ў памежжы, гэтымі праблемамі ўжо заўтра могуць скарыстацца ў сваіх, вядома, карыслівых інтарэсах прадпрымальныя асобы.

Напрыканцы застаецца дадаць, што раённы суд ужо паставіў кропку ў гэтай гісторыі. Чалавечнасць і здаровы сэнс узялі верх. Прынятая пастанова за малазначнасцю справу спыніць, а канфіскаваныя грошы вярнуць. У абласным судзе, куды справы вяскоўцаў былі скіраваныя на наступны разгляд, пацвердзілі законнасць гэтай пастановы.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках