2 траўня 2024, Чацвер, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мустафа Наем: Лукашэнка выявіў слабасць

29
Мустафа Наем: Лукашэнка выявіў слабасць
Мустафа Наем

Украінскі нардэп пракаментаваў маўчанне беларускіх уладаў пасля гібелі Паўла Шарамета.

У Менску на развітанне з журналістам Паўлам Шараметам прыйшлі тысячы людзей – яны ішлі бесперапынна цягам некалькіх гадзінаў.

Сярод украінскіх сяброў, якія прыляцелі правесці Паўла ў апошні шлях, быў выбітны журналіст, цяпер ужо дэпутат Вярхоўнай Рады Мустафа Наем.

Ён падзяліўся з «Нашай Нівай» сваімі думкамі пра трагедыю і асобу Паўла.

Перш за ўсё Мустафа звярнуў увагу на тое, што развітацца з Шараметам прыйшло вельмі шмат людзей – не было куды складаць кветкі. І гэта нягледзячы на тое, што Шарамет не быў пісьменнікам ці вядомым палітыкам і нават даўно не жыў у Беларусі.

«Такія людзі, якія нясуць светлае, добрае, аб'ядноўваюць іншых нават пасля сваёй смерці. І тыя, што прыйшлі, можа, ніколі не бачылі адно аднаго раней, але цяпер яны сустрэліся і бачаць, як іх шмат на самай справе. Гэта свабодныя людзі. Прыкра, што ў цяперашняй сітуацыі такіх людзей аб'ядноўваюць не святы, а трагедыі. І прыход такой колькасці спачувальных – гэта сведчанне подзвігу Паўла, які складаецца з яго штодзённай працы. Ну і не будзем забывацца, якую біяграфію ён тут пражыў, якім яго тут памятаюць», – сказаў Мустафа.

«Мне ён запомніўся светлым, аптымістычным чалавекам. І гэта не толькі наконт прафесіі – гэта ў цэлым. Ён быў шчыры і адкрыты да ўсяго, што адбываецца, адкрыта прымаў свет. Заўсёды думаў пра людзей добра яшчэ да таго, як з імі сустрэўся. Такое апрыёры пазітыўнае стаўленне да свету. Праз гэта ён хутка знаходзіў кантакты, але быў жорсткім і заўсёды публічна агучваў сваю пазіцыю. Публічнасць і адкрытасць – вось ягоныя інструменты. Рэдкая ўласцівасць журналіста, які аддаў столькі гадоў прафесіі, вакол столькі ўсяго, сядзеў у турме, прайшоў праз смерці калегаў і выгнанне. Хай тыя людзі, якія будуць чытаць гэты тэкст, параўнаюць сябе з ім – наколькі яны стаміліся ад жыцця, а ён быў згусткам энэргіі, яна з яго лілася, Павел усяму радаваўся і знаходзіў час на ўсё».

Таксама Наем звярнуў увагу на тое, што дзяржаўныя беларускія каналы засталіся сляпымі да пахавання Шарамета. Маўчанне захоўваў і Аляксандр Лукашэнка, у той час як нават Пётр Парашэнка прыйшоў учора на паніхіду журналіста.

«Гэта лёс усіх шчырых журналістаў, – сказаў Наем. – Бо яны не міністры, каб выказваць ім спачуванне на дзяржаўным узроўні. Але яны – полюс іншага парадку. І калі тысячы людзей у цэнтры беларускай сталіцы прыходзяць развітацца з чалавекам, дзясяткі журналістаў асвятляюць гэта, а прэзідэнт маўчыць... Гэта праява маральнай і этычнай слабасці Лукашэнкі, я для сябе гэта так тлумачу. Бо хоць Павел і быў грамадзянінам Расеі, але ён ганарыўся тым, што ён беларус, ён заўсёды гэта падкрэсліваў, апавядаў нам пра сваю краіну і яе людзей. Ён, як і любы іншы чалавек, які быў вымушаны з'ехаць з радзімы, хацеў сюды вярнуцца».

Што ж тычыцца прычынаў забойства, то Мустафа перакананы, што яно мела мэтай запалохаць грамадства. Наем прызнаўся, што яму і самому страшна.

«Для Украіны гэта вельмі асаблівае забойства. Тут сукупнасць чыннікаў – “Украінская праўда” ўжо некалі страціла праз забойства свайго ўплывовага журналіста Георгія Гангадзэ, з якім, як і з Шараметам, у Алены Прытулы былі блізкія адносіны. Да таго ж усё гэта зроблена публічна – гэта была радыёкіраваная бомба, Паўла маглі падарваць на ціхай вулачцы, а не ў цэнтры. Але забілі паказальна і цынічна. Ён стаў сакральнай ахвярай – каб запалохаць усю краіну, бо рэакцыя СМІ і грамадства на яго смерць была прадказальная. Відавочна, што ў дзень забойства многія журналісты і палітыкі адчулі страх.

Гэта здарылася не дзе-небудзь, а тут – у тваёй краіне, у сталіцы. Краіна перастала дыхаць вольна, страх занявольвае, ён забівае рацыянальнасць і логіку, вядзе да некантраляванай нянавісці.

І па-дурному было б казаць, што не было страшна. Асабліва ў першы дзень. Першая думка – што гэта можа здарыцца з кім заўгодна. І шмат хто ў гэты дзень з нашых калегаў, сядаючы ў машыну, думаў пра сваіх родных, сяброў, дзяцей і бацькоў. Думалі, што іншыя ўкраінцы перш за ўсё будуць глядзець на іх – публічных асобаў. Але мы пераадолелі гэты шок і здранцвенне першых дзён без істэрык. Украінская эліта павяла сябе годна», – мяркуе Наем.

Што ж да думак пра выканаўцаў і заказніках тэракту, то тут украінскі дэпутат пакуль устрымліваецца ад наўпростых абвінавачванняў.

«Гэта тэракт не супраць аднаго чалавека – гэта тэракт супраць свабоднай краіны. Каму гэта выгодна? Запалохаць нас выгодна той сіле, якая сядзіць у Крамлі. Я не буду казаць “Расеі”, бо Расея – гэта вялікая краіна, я кажу менавіта пра людзей, якія кіруюць усім з Масквы. Відавочна, што Украіна, якая свабодна дыхае – гэта выклік для іх. Безумоўна, тут можа быць расейскі, беларускі, украінскі, прыватны, прафесійны – чый заўгодна след. Бо Павел пакінуў след у лёсах многіх людзей, і не абавязкова пазітыўны. Але забілі яго не падлеткі і не адмарозкі – гэта прафесійна зробленая праца. І цяпер, як я ведаю, ільвіныя сілы кінутыя на прагляд відэа, на працу на зямлі. Характар злачынства быў такі, што ён пакінуў шмат слядоў, і яны паказваюць, куды рухацца. Я не магу гаварыць за ўсё, але думаю, што праз тыдзень-два, максімум тры, мы ўжо будзем мець нейкія вынікі, бо вядзецца каласальная праца. Трэба чакаць. Эфектыўнасць не ў тым, каб арыштаваць усіх падазроных, а каб арыштаваць вінаватых», – скончыў думку Мустафа.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках