26 красавiка 2024, Пятніца, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст «Трайпла»: Маміяшвілі адразу сказаў, што Япрынцаў вінен яму вялікую суму

5
Юрыст «Трайпла»: Маміяшвілі адразу сказаў, што Япрынцаў вінен яму вялікую суму
ФОТА: TUT.BY

Сёння ў судзе ў справе Япрынцава даваў сведчанні першы намеснік гендырэктара «Трайпла» з 2002 года.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваецца разгляд гучнай справы паводле абвінавачвання ў махлярстве Уладзіміра і Казбека Япрынцавых і Аляксандра Арабяна: ідзе допыт сведак. На мінулым тыдні суду даў сведчанні гендырэктар «Трайпла», які таксама знаходзіцца за кратамі, але ў іншай справе, Юрый Чыж. У аўторак сведчанні даваў Дзмітрый Ярмак, першы намеснік гендырэктара «Трайпла» з 2002 года, памочнік кіраўніка, потым кіраўнік юрыдычнага аддзела кампаніі, які ў 2015 годзе зноў стаў першым намеснікам пасля ад’езду ў Аўстрыю Уладзіміра Бацвінкі (ён быў першым намеснікам Чыжа з 2007 года), піша tut.by.

Яго даставілі ў суд пад канвоем, канвой і падчас допыту стаяў за ягонай спінай, хоць Юрый Чыж, таксама дастаўлены ў суд з следчага ізалятара КДБ, увайшоў у залу без канвою і даваў сведчанні, як звычайны сведка.

Ярмак з Уладзімірам Япрынцава знаёмы з 2005 года, «службовых стасункаў не меў».

«Нічога дрэннага пра яго не ведаў і не чуў. Бізнэс-праекты мы вялі мала. Кіраўніцтвам і аператыўнай дзейнасцю кампаніі Уладзімір Генадзевіч не займаўся. У перыяд актыўнай дзейнасці «Трайпла» на рынку нафтапрадуктаў, 2003-2013 гады, усе бягучыя пытанні вёў першы намеснік. Найбольш стратэгічныя пытанні разглядаў гендырэктар», - сказаў Ярмак. Паводле ягоных слоў, Япрынцаў-старэйшы знаў асабіста асноўных кліентаў, але аперацыйныя пытанні не разглядаў.

- Уладзімір Япрынцаў за час працы меў дачыненне да падпісання гарантыйных лістоў? - спытаў дзяржаўны абвінаваўца.

- Наш аддзел ніколі не рабіў на яго даручэнне на права подпісы.

Пракурор таксама спытаў пра стасункі Бацвінкі і Япрынцава.

- Службовыя, - адказаў Ярмак.

Што да Казбека Япрынцава, то сутнасцю ягоных праектаў Дзмітрый Ярмак не займаўся. Фірма Казбека арандавала офіс у «Трайпла».

Пра працу К.Япрынцава і Арабяна з нафтапрадуктамі Ярмак нешта чуў ад Бацвінкі без драбніц. «Пасля затрымання (Япрынцава і Арабяна) Бацвінка быў узбураны, сказаў, што яму вінныя», - распавёў сведка, адзначыўшы, што ніякіх драбніц былы першы намеснік гендырэктара не агучыў. «Магу выказаць здагадку, што ён пазычыў грошы Казбеку», - удакладніў Ярмак.

Ярмак быў знаёмы з Юрыем Савяком з ліпеня 2015 года - у сувязі з продажам Уладзімірам Япрынцавым дзелі ў «Трайпле». «Юры Аляксандравіч Чыж даручыў мне пад'ехаць на сустрэчу ў рэстарацыю «Залаты грабеньчык», якая належыць нашай групе кампаній - там быў Уладзімір Генадзевіч, Маміяшвілі, Савяк і яшчэ некалькі чалавек (з імі потым абмяркоўвалі дэталі). Размова збольшага была з Маміяшвілі. Ён адразу сказаў, што Уладзімір Генадзевіч вінен яму вялікую суму грошай і ён часова, у якасці закладу, перарэгістроўвае на сябе дзель. Уладзімір Генадзевіч быў у цяжкім эмацыйным стане, таму мы гутарылі збольшага з Маміяшвілі», - сказаў сведка.

Дзяржаўны абвінаваўца ўдакладняў, ішла гаворка аб перадачы дзелі Маміяшвілі або Савяку («ён быў у вельмі нэрвовым стане, у размове амаль не ўдзельнічаў»). «Гэта гучала з боку Маміяшвілі як «Уладзімір Генадзевіч вінен мне», - сказаў Ярмак.

Ён растлумачыў, што зрабіць высновы аб юрыдычнай прыродзе складана: «такія размовы вядуцца на вельмі нефармальнай мове». Дзель Япрынцава мела цалкам перайсці да Маміяшвілі.

«Я ішоў пагаварыць, як мне сказаў Чыж. Інфармацыя аб перадачы дзелі была для мяне шокам», - адзначыў Ярмак. Дзель сама сабой Маміяшвілі не цікавіла - «гэта была гарантыя вяртання пазыкі».

Гаворка ішла пра тое, што трэба месяц на падрыхтоўку пакета дакументаў, але «яны былі вельмі незадаволеныя такім тэрмінам». У выніку «асноўныя дакументы падпісалі ў той жа дзень, пачаўшы працэс перадачы дзелі».

Потым Ярмак паехаў дадому да Уладзіміра Япрынцава: «Я спытаў у яго, што гэта такое, бо сам быў у шоку. Ён сказаў, што ўсё праз праблемы, створаныя Казбекам. Гаворка ішла аб вялікай суме грошай. Але сам як след не ведаў. Размова была эмацыйная, яму стала блага. Дома ён сказаў жонцы, што трэба падпісаць дакументы (згоду на перадачу дзелі мужа). Яна падпісала, і я з'ехаў у кантору».

У той жа дзень начальнік юрыдычнага аддзела «Трайпла» яшчэ раз прыязджаў у гатэль «Еўропа» - там былі Уладзімір Япрынцаў і Маміяшвілі, але Савяка не было. «Яму (Уладзіміра Япрынцава. - заўвага) было млосна, горш, чым раней у самаходзе. Я выклікаў кіроўцу і папрасіў адвезці ў шпіталь», - сказаў Ярмак. У выніку пастанавілі зарэгістраваць новы пакет - дзель Япрынцава была зарэгістраваная на дваіх - Маміяшвілі і Іосіфа Аксенцьева.

Гэтыя падзеі адбываліся ў ліпені 2015 года. А ўжо ў верасні ад кампаніі «Трайпл» паступіла заява ў КДБ - «у сувязі з паступленнямі прэтэнзій на адрас кампаніі ад тых, каму былі выдадзеныя гарантыйныя лісты з подпісам Япрынцава-старэйшага». «Мы контрагентам адказвалі, што паўнамоцтваў на падпісанне гэтых гарантыйных лістоў ва Уладзіміра Япрынцава ніколі не было і падрыхтавалі такі ліст (у КДБ)», - растлумачыў Ярмак.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках