6 траўня 2024, панядзелак, 21:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іосуб: Залежнасць беларускай эканомікі ад Расеі не змяншаецца

Іосуб: Залежнасць беларускай эканомікі ад Расеі не змяншаецца
Вадзім Іосуб
ФОТА З САЙТА EURORADIO.FM

Біч для нашай эканомікі - нізкая дыверсіфікацыя, высокая ступень залежнасці ад аднаго рынку.

Экспэрты расейскага «Ашчадбанка» прагназуюць беларускай эканоміцы падзенне ў 2016 годзе і магчымы рост у 2017 годзе, ды і то на ўзроўні статыстычнай хібнасці. Экспэрты ўважаюць, што ўнутраныя крыніцы росту эканомікі вычарпаныя.

Хоць аб'ёмы падзення прамысловай вытворчасці паводле вынікаў першага паўгоддзя 2016 года ў параўнанні з першым кварталам зменшыліся, аднак перспектывы росту абмежаваныя:

«Вярнуцца да росту прамысловасці перашкаджае хімічная вытворчасць, якая ў першым паўгоддзі скарацілася больш за астатнія галіны (на 11,2%). Цалкам лагічны вынік, улічваючы падзенне попыту на сусветным рынку калійных угнаенняў і, як следства, зніжэння коштаў на ўгнаенні», - цытуе агляд «Ашчадбанка» БелаПАН.

Больш за тое, на фоне зніжэння рэальных даходаў насельніцтва скарачаецца спажыванне, «якое найбліжэйшым часам застанецца асноўным стрымліваючым фактарам для аднаўлення эканомікі». «Скарачэнне ўнутранай гандлю (12,3% у структуры УБП) паскорылася да мінус 4,2% у першым паўгоддзі, супраць мінус 3,1% у першым квартале», - канстатуюць аналітыкі «Ашчадбанка».

«У больш доўгатэрміновай перспектыве беларускі эканамічны рост застанецца залежным ад эканамічнага росту Расеі. Нашы разлікі паказваюць, што паскарэнне росту ў Расеі на адзін адсоткавы пункт дадае 0,7 адсоткавага пункта ў рост Беларусі», - мяркуюць аналітыкі «Ашчадбанка». Паводле іх ацэнцы, у выпадку аднаўлення росту эканомікі Расеі штогадовы рост УБП Беларусі ў 2018-2020 гадах можа складаць 2-3%.

«Безумоўнае падзенне эканомікі сёлета»

Старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб у інтэрв'ю Беларускай дзелавой газеце кажа, што прагнозы міжнародных фінансавых структур наконт развіцця беларускай эканомікі практычна супадаюць:

- Агляд «Ашчадбанка» паўтарае не толькі прагнозы Еўразійскага банка развіцця; існуе кансенсус усіх фінансавых структур, якія даюць прагнозы па Беларусі, уключаючы МВФ, Сусветны банк, найбуйнейшыя рэйтынгавыя агенцтвы. Гаворка ідзе пра безумоўнае падзенне беларускай эканомікі сёлета (лічбы могуць трохі адрознівацца), а ў 2017 годзе ў лепшым выпадку можа адбыцца пераход ад рэцэсіі да стагнацыі. Або, як кажуць экспэрты «Ашчадбанка», да анэмічнага росту: калі рост і пройдзе, то толькі на ўзроўні статыстычнай хібнасці.

Між іншым, ніхто з гэтымі тэзісамі і не спрачаецца: яны відавочныя.

- «Ашчадбанк» прагназуе залежнасць росту беларускай эканомікі ад эканамічнага росту Расеі. Наколькі апраўданыя такія прагнозы?

- Можна спрачацца пра тое, ці ўзмацняецца залежнасць беларускай эканомікі ад Расеі альбо проста застаецца на стабільна высокім узроўні. Але прасцей пералічыць галіны эканомікі, якія не залежаць ад Расеі: экспарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі, экспарт калійных угнаенняў - і ўсё. Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі, машынабудаванне завязанае на расейскім рынку. Экспарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі і калійных угнаенняў у грашовым выразе падае, таму што зніжаюцца цэны на знешніх рынках. Таму можна канстатаваць, што залежнасць беларускай эканомікі ад Расеі, прынамсі, не змяншаецца.

Біч для нашай эканомікі - нізкая дыверсіфікацыя, высокая ступень залежнасці ад аднаго рынку, пра гэта не кажа толькі лянівы. Афіцыйныя ўлады ўвесь час паўтараюць аб дыверсіфікацыі экспарту, рабілі ўпор на Еўразвяз, на краіны далёкай дугі, але ніякіх прарываў у гэтым пакуль не відаць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках