26 красавiка 2024, Пятніца, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэкеціры 90-х адпачываюць»: Як Япрынцаў інвеставаў 5,5 млн фунтаў у бізнэс-школу ў Оксфардзе

13
«Рэкеціры 90-х адпачываюць»: Як Япрынцаў інвеставаў 5,5 млн фунтаў у бізнэс-школу ў Оксфардзе

Сёння падчас допыту ў судзе Уладзіміра Япрынцава высветлілася, што бізнэсовец інвеставаў у стварэнне Magna Carta College ў Оксфардзе.

Навучанне ў гэтым каледжы актыўна рэкламавалася ў 2011-2012 гадах у Беларусі.

Са словаў Япрынцава, фундаваць у ангельскую бізнэс-школу яму прапанаваў Вадзім Цітоў. У свой час ён быў дылерам «дачкі» «Трайпла», якая займалася вытворчасцю вокнаў.

«Добры, прыстойны хлопец. Прыязджаў з прафесарам з Англіі - вельмі вядомы спецыяліст, уладальнік аднаго з оксфардскіх каледжаў (Дэвід Фолкнер. - Рэд.). Потым Цітоў прапанаваў увайсці ў долю ў Оксфардзе і адкрыць там каледж – патрэбныя былі 2 млн даляраў. Нам прапаноўвалі 50% долю, а мы хацелі як раз ангельскую бізнэс-школу ў Менску адкрыць», - распавёў Япрынцаў пра ідэю стварэння Magna Carta College ў Оксфардзе, паведамляе tut.by.

«Я кажу, у мяне толькі гатоўка. Увогуле, прапанаваў сыну заняцца... Я сам у Оксфард ездзіў, з лекцыямі там выступаў», - распавёў бізнэсовец.

Доля 2 млн (асабістыя грошы Япрынцава, з дывідэндаў і т.п.) была аформленая на Казбека Япрынцава ў 2011-2013 гадах. Усяго, са словаў Уладзіміра Япрынцава, ён фундаваў у праект 5,5 млн фунтаў. «Патрэбныя былі рэгулярныя інвестыцыі. Кожны месяц высылаў па 150-200 тысяч фунтаў. Гэта Англія, падаткі, усё строга. Са словаў Вадзіма», - сказаў Япрынцаў. Цітоў быў настойлівы і пераканаўчы, «рэкеціры 90-х адпачываюць» перад ім.

Неўзабаве сузаснавальнік «Трайпла» даведаўся, што «Вадзім і прафесар пасварыліся». Таму бізнэсовец наважыў выйсці з бізнэсу.

«Сказаў Вадзім, што патрэбныя грошы ці ўсё страцім. Усяго 5,5 млн я яму гатоўкай аддаў. Потым пераафармлялі долю», - сказаў у судзе Уладзімір Япрынцаў. Паводле ягоных слоў, гэтую суму Цітоў застаўся вінны. Гэта быў «у той перыяд самы дарагі праект» бізнэсоўца.

Magna Carta College пазіцыянавалася як бізнэс-школа ў Оксфардзе для грамадзян Беларусі і СНД. «Атрыманне ступені МВА ў Magna Carta College ў Оксфардзе, маім каледжы, каштуе прыблізна 7000-8000 фунтаў, у той час як у Бізнэс-школе сайд, Оксфард - 40 000 фунтаў. МВА практычна ідэнтычна, я быў на чале гэтай праграмы там і цяпер з'яўляюся таксама ва ўласным каледжы. Стандарт МВА аднолькавы ва ўсім свеце, інакш ён не быў бы агульнапрызнаным стандартам. Адзіным адрозненнем з'яўляецца кошт брэнда», - нахвальваў Дэвід Фолкнер новую бізнэс-школу ў 2011 годзе.

Атрымаць каментар у Вадзіма Цітова журналістам не атрымалася.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках