29 красавiка 2024, панядзелак, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаедаў» да восені падлічаць

88
«Дармаедаў» да восені падлічаць

Увосень, калі ўся інфармацыя будзе абагульненая, падатковыя органы адправяць «лісты шчасця» - паведамленні на выплату збору.

Падатковыя органы Беларусі ўжо атрымалі інфармацыю аб занятасці грамадзян летась, цяпер гэтыя звесткі супастаўляюцца і да восені плануецца скончыць фармаванне базы звестак патэнцыйных плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.

Намесніца начальніка галоўнай управы падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства падаткаў і збораў Ірына Крыварошчанка патлумачыла журналістам naviny.by, як адбываецца збор інфармацыі аб грамадзянах, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў у 2015 годзе.

Да сярэдзіны ліпеня дзяржаўныя органы павінны былі падаць у Міністэрства падаткаў і збораў інфармацыю аб занятасці грамадзян: хто плаціў падаткі цягам года, хто працаваў менш за 183 дні, займаўся рамесніцтвам, індывідуальным прадпрымальніцтвам альбо нейкім іншым чынам бралі ўдзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў.

Атрымаўшы гэтую інфармацыю, падатковая інспекцыя робіць так званую «часовую накладку» і высвятляе агульны сумарны перыяд удзелу грамадзяніна ў фінансаванні дзяржвыдаткаў. Паводле агульнага правіла, калі чалавек быў заняты больш за 183 дні, ён выключаецца са спісаў плацельшчыкаў збору. Акрамя таго, у гэты спіс не трапляюць грамадзяне ва ўзросце да 18 гадоў і пенсіянеры.

Калі чалавек працаваў, дапусцім, 180 дзён і за гэты перыяд заплаціў падаткаў на 2 млн недамінаваных рублёў, то яму давядзецца даплаціць 160 дэнамінаваных рублёў, каб выйсці на суму 20 базавых адзінак (у 2015 годзе 1 БВ была роўная 180 тысячам руб).

Між тым няма ўпэўненасці, што «часовая накладка» дасць поўную інфармацыю.

Напрыклад, ад выплаты згаданага падатку вызвалены адзін з бацькоў дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. Аднак звесткі аб дзецях да 7 гадоў падатковая інспекцыя можа атрымаць толькі ад саміх бацькоў. Таму Ірына Крыварошчанка рэкамендуе грамадзянам самастойна даваць такую інфармацыю, даслаўшы электронны ліст у сваю падатковую інспекцыю.

Таксама грамадзянам Беларусі, якія працуюць у Расеі і знаходзяцца там больш за 183 дзён на год, самастойна давядзецца даводзіць гэты факт. У якасці доваднай базы падыдуць кантракт з наймальнікам, а таксама дамова на арэнду жылля, даведка аб наяўнасці ўласнай жылплошчы.

Як мяркуецца, восенню, калі ўся інфармацыя будзе абагульненая, падатковыя органы праз «Белпошту» адправяць заказныя лісты - паведамленні на выплату збору.

Аднак, са словаў Ірыны Крыварошчанкі, гэта не з'яўляецца «стопрацэнтным доказам» таго, што чалавек сапраўды абавязаны заплаціць гэты збор. Падатковая інспекцыя разумее, што пры такім велізарным масіве інфармацыі ўлічыць усе акалічнасці не заўсёды ўяўляецца магчымым. Таму МПЗ пакідае за чалавекам права аспрэчыць неабходнасць выплаты збору, пацвердзіўшы гэта дакументальна.

Тэрмін выплаты «падатку на дармаедства» за 2015 год вызначаны да 15 лістапада гэтага года. Аднак ці змогуць самі падатковыя органы ўкласціся ў гэты тэрмін, то бок, атрымаць зваротную сувязь ад кожнага патэнцыйнага плацельшчыка збору, пакажа час.

Простая сітуацыя. Грамадзянін, які не працаваў у 2015 годзе, зарэгістраваны на сталым месцы жыхарства ў кватэры сваіх бацькоў у райцэнтры - туды і прыйдзе заказны ліст. Рэальна ж ён пражывае на здымнай кватэры ў Менску без укладання дамовы арэнды і працуе ў арганізацыі, што выплачвае заробак у канверце. Як яго знайсці? Ці жанчына разам з дзіцем-дашкольнікам зарэгістраваная ў кватэры бацькоў, а рэальна пражывае ў кватэры мужа.

У гэтай сітуацыі няма парушэнняў з боку грамадзян: чалавек абавязаны быць зарэгістраваны па месцы сталага жыхарства, а рэгістрацыя па месцы рэальнага пражывання - справа добраахвотная. Увогуле, спатрэбіцца шмат часу, каб усе лісты знайшлі адрасатаў, потым чакаецца аблога кабінетаў падатковых інспектараў - безумоўна, у многіх людзей будуць падставы не плаціць збор або плаціць яго не ў поўнай суме.

За поўную або частковую нявыплату збору прадугледжана накладанне штрафу сумай ад 2 да 4 базавых адзінак або адміністрацыйны арышт. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні - гэта наўпроставае траплянне ў базу звестак адзінага дзяржаўнага банка звестак аб правапарушэннях, а ў выпадку запазычанасці ў падатках - і ў спіс «невыязных».

Гэта засмучае законапаслухмяных людзей, якія перажываюць не найлепшы перыяд у жыцці ў сувязі са стратай працы, а як вядома, цяпер больш людзей звальняюць, чым прымаюць на працу. Для прафесійных жа дармаедаў і ўтрыманцаў, якія з раніцы таўкуцца ля крамаў, такія пакаранні наогул не маюць значэння.

Магчыма, гэтая катэгорыя грамадзян будзе падвяргацца адміністрацыйнаму арышту з выкананнем грамадска-карысных работ. Як абвяшчае п.14 дэкрэта №3, «грамадзянін, які адбыў адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, прызнаецца выканаўшым абавязак выплаты збору».

Увогуле, пачакаем пачатку 2017 года і тады даведаемся баланс: колькі было выдаткавана рэсурсаў на ўсю гэтую працу і на якую суму папоўнілася казна.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках