29 красавiка 2024, панядзелак, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турцыя выставіла ЕЗ ультыматум аб бязвізавым рэжыме

6
Турцыя выставіла ЕЗ ультыматум аб бязвізавым рэжыме
Мэўлют Чавушаглу
ФОТА: EPA/UPG

Анкара патрабуе ад Брусэля скасаваць візы для турэцкіх грамадзян да кастрычніка, інакш Турцыя пагражае зрывам пагаднення аб уцекачах.

Міністр замежных спраў Турцыі Мэўлют Чавушаглу прыстрашыў разрывам міграцыйнай угоды з Еўразвязам. Як заявіў кіраўнік МЗС у інтэрв'ю газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung (пераклад - DW) у нядзелю, 31 ліпеня, Анкара адмовіцца выконваць пагадненне аб уцекачах у тым выпадку, калі Брусэль найпазней да кастрычніка не ўвядзе бязвізавы рэжым для турэцкіх грамадзян.

Чавушаглу зазначыў, што гэта не пагроза, аднак калі не будзе палягчэння візавага рэжыму, Турцыя "будзе вымушаная дыстанцыявацца" ад пагаднення аб уцекачах. Паводле ягоных слоў, турэцкі ўрад чакае ад ЕЗ канкрэтнай даты, калі могуць быць скасаваныя візы. "Гэта можа быць пачатак ці сярэдзіна кастрычніка", - дадаў міністр.

У адпаведнасці з падпісаным 18 сакавіка 2016 года пагадненнем, усе ўцекачы, якія нелегальна прыплылі марскім шляхам да берагоў Грэцыі, маюць адпраўляцца назад у Турцыю. Пры гэтым за кожнага мігранта, які вярнуўся з Грэцыі ў Турцыю, краіны ЕЗ прымуць па адным сірыйскім уцекачу з турэцкай тэрыторыі. Акрамя таго, Брусэль пагадзіўся даць Анкары 6 млрд еўраў - гэтая сума павінна пайсці на патрэбы ўцекачоў.

У траўні 2016 года прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган ужо пагражаў Еўразвязу скасаваннем міграцыйнай угоды. Для палягчэння візавага рэжыму турэцкія ўлады павінны выканаць 72 умовы, пастаўленыя перад імі Еўракамісіяй. Еўрапейскія палітыкі, у тым ліку канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, неаднаразова заяўлялі, што гэтыя патрабаванні дагэтуль не выкананыя і, такім чынам, скасаванне віз пакуль немагчымае. Сярод іншага, ЕЗ дамагаецца змены закона аб барацьбе з тэрарызмам, бо ў цяперашняй версіі ён можа быць накіраваны супраць апазіцыянераў і крытычных да ўрада журналістаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках