5 траўня 2024, Нядзеля, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За жарт у менскім аэрапорце затрымалі расейку

112
За жарт у менскім аэрапорце затрымалі расейку

У аэрапорце «Менск-2» затрымалі самарскую грамадскую актывістку Марыю Рымар.

Падставай для гэтага стаў яе жарт пра тое, што ў яе сумцы ляжыць траціл. Пра гэта распавёў агенцтву «Інтэрфакс» адвакат затрыманай Вадзім Мушынскі.

Рымар была затрыманая пры рэгістрацыі на рэйс Менск-Масква ў чацвер, 7 ліпеня. Мушынскі растлумачыў, што пасля агляду ў аэрапорце Менска пасажыраў абшукваюць асабіста ў сувязі з узмоцненым кантролем. Са слоў адваката, яго падабароннай гэта не спадабалася.

«Узнік канфлікт на гэтай глебе, і яна жартам сказала: калі вы нешта шукаеце, то траціл у мяне ў сумцы. Гэтага было дастаткова, каб зняць яе з рэйса, затрымаць і распачаць справу», - сказаў Мушынскі.

Ён удакладніў, што пакуль пра абставіны затрымання Рымар ведае толькі з яе слоў. У дачыненні да расейкі распачатая крымінальная справа паводле ч.1 арт. 340 КК Беларусі (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы). Яе дапыталі ў якасці падазраванай.

Мушынскі сцвярджае, што следства мае намер прасіць аб арышце Рымар. Паводле яго слоў, пытанне аб абранні ёй меры стрымання будзе вырашацца ў пятніцу, 8 ліпеня. Адвакат мяркуе, што «на гэтым этапе прагнозы несуцяшальныя», бо Рымар з'яўляецца грамадзянкай Расеі і не мае пастаяннага месца жыхарства ў Беларусі.

Праваабаронца Марыя Шышчэнкова з Front Line Defenders таксама напісала ў Фэйсбуку аб затрыманні Рымар:

«У аэрапорце Менска затрыманая Марыя Рымар, расейская грамадзянская актывістка, феменістка, юрыстка валанцёр арганізацыі «Аверс» з Самары. Ляцела яна з Кіева ў Маскву.

Марыя мела няшчасце няўдала пажартаваць з мытнікамі, якія яе даглядалі. Кожны з нас ведае як гэта бывае, калі ты чорт ведае колькі гадзін ляціш, не спаў, у самалёце плакалі дзеці, смярдзела, галава расколваецца і прыткнуць яе не было куды. Калі цябе пасля гэтага пачынаюць даглядаць, мы ўсе бываем не ў найлепшым настроі. Жартаваць пра выбуховыя рэчывы зразумела не варта. Але. Марыі спрабуюць прыпісаць не адміністрацыйнае правапарушэнне, а частку першую 340 арт КК, прывяду яе тут цалкам:

340. Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы

1. Загадзя ілжывае паведамленне аб выбуху, падпале ці іншых дзеяннях, якія ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей, альбо прычынення шкоды ў значнай суме, альбо наступленне iншых цяжкіх наступстваў, - караецца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў , або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Склалі пратакол і збіраюцца везці ў ІЧУ».

Пра тое, што ў Менску затрыманая актывістка Самары, паведамілі самарскія СМІ.

«Не ведаю, у чым мяне вінавацяць. У Менску была транзітам, мяне затрымалі пасля рэйса з Кіева, заламалі рукі і ўчатырох павалаклі ў міліцыю. Пісьмова нічога не прад'явілі, толькі ў вуснай форме назвалі артыкул 340 (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы). У мяне абмежаванае перасоўванне, і я не магу пакінуць аэрапорт. Не пускалі ў туалет. Абшукалі мае рэчы і склалі пратакол, які падпісалі двое панятых - тэхнічныя супрацоўнікі аэрапорта», - распавяла праваабаронца Самарскім сайту «Большая деревня».

Як стала вядома ПЦ "Вясна", Марыю Рымар дапыталі ў межах крымінальнай справы, распачатай паводле частцы 1 арт. 340 (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы). Да прыняцця пастановы аб прад'яўленні абвінавачання яна змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання ў Менску. Справу вядзе Следчы камітэт Кастрычніцкага раёна.

Напісаць каментар 112

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках