3 траўня 2024, Пятніца, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заіка: За дзяржаўныя запазычанасці давядзецца прадаць «Беларуськалій»

55
Заіка: За дзяржаўныя запазычанасці давядзецца прадаць «Беларуськалій»

Замест развіцця эканомікі ўлады гуляюць у падкіднога «дурня».

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў эканаміст Леанід Заіка.

- У параўнанні з пачаткам года агульная дзяржаўная пазыка вырасла на $3 мільярды. Якія наступствы гэта можа мець для Беларусі?

- Вонкавая дзяржаўная пазыка Беларусі складае дзесьці 13-14 мільярдаў даляраў ЗША. Аднак для рэальнай сітуацыі важнейшая сумарная пазыка, а яна ў нас дзесьці 40 мільярдаў. Калі яна павялічыцца на 5-6%, то мы проста прададзім калійны камбінат за 30 мільярдаў і будзем глядзець, як кітайцы калій здабываюць. Затое запазычанасцяў не будзе.

Што датычыцца абслугоўвання дзяржаўнай пазыкі, то ўсе грошы бяруцца з насельніцтва з кошту падатковых паступленняў і не толькі. Я падлічыў, што калі ўзяць усе выплаты па абавязку (а яны летась склалі 4 мільярды), то на гэтыя грошы можна было пабудаваць 100 тысяч маленькіх кватэр і ўручыць іх кожнаму выпускніку школы. Калі б гэтай пазыкі не было, мы б цягам года ўсіх выпускнікоў забяспечылі сваімі кватэрамі. Таму ўсе гэтыя існыя запазычанасці зніжаюць наш узровень жыцця. Вось і ўсё.

- Атрымліваецца, што Беларусь прэтэндуе на крэдыты нібыта для рэформаў, але насамрэч выкарыстоўвае іх для выплаты запазычанасцяў?

- На Захадзе і ў Расеі дурняў усё ж такі трошкі менш, чым у Беларусі. Таму калі беларускі дурань звернецца па грошы да расейцаў, каб выплаціць запазычанасць міжнароднай арганізацыі, то расейцы, як і ўвесь свет, скажуць: вы жывяце занадта рызыкоўна, гэтыя грошы вы не вернеце, таму мы вам нічога даваць не будзем. Яны могуць сказаць так: мы можам даць вам грошы, калі вы, скажам, дазволіце нам прыватызаваць аўтамабільны завод. Таму даваць грошы на аплату іншых запазычанасцяў - пакуль гэта практыка мала прымальная. Крэдыт можа быць толькі на такіх умовах: мы вам дамо, а вы нам дазвольце потым збіраць трускалкі або бульбу разам з Дэпардзье ў агародзе Лукашэнкі.

Беларусь атрымлівала нейкую падтрымку ад Расеі. Летась чатыры мільярды далі, сёлета - тры. Нешта выдрапвалі, нешта выпрошвалі. Пытанне не ў тым, ці аддаюць улады пазыкі, пытанне ў тым, навошта яны іх бралі? Няхай назавуць прозвішчы тых, хто браў: іх жонак, дзяцей, сваякоў. Няхай яны адказваюць.

Тое, што ахвяраваць давядзецца беларусам, гэта адназначна. Але для беларуса трактарны завод ці калійны камбінат нічога не ўяўляе, бо ён не ўласнік, у яго няма акцый, з ім проста чыноўнікі гуляюць у гульню, якая называецца «дурань». Магчыма, гуляюць у падкіднога «дурня». Яны падкідваюць, а ты - дурань.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках