2 траўня 2024, Чацвер, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму праваахоўнікі заканчваюць жыццё самагубствам

25
Чаму праваахоўнікі заканчваюць жыццё самагубствам

У жніўні паведамлення пра самагубствы міліцыянтаў і жаўнераў-кантрактнікаў прыходзілі штотыдзень.

Псіхолаг тлумачыць "Еўрарадыё", чаму так адбываецца.

10 жніўня на адной з памежных вартаў каля Бераставіцы застрэліўся памежнік. Трагедыя адбылася а 10-й раніцы. Дзяцюк падчас дзяжурства зайшоў у бакоўку і стрэліў у сябе з пісталета.

Аб загінулым вядома не шмат: 21-22 гады, кантрактнік. Тэрміновую службу ён праходзіў на гэтай жа варце, а потым падпісаў кантракт. Некаторыя калегі загінулага выказваюць меркаванне, што прычынай стала няшчаснае каханне.

Праз дзесяць дзён у Менску застрэліўся супрацоўнік Дэпартамента аховы. Здарэнне адбылося 20 жніўня прыкладна а 19.45. Міліцыянт батальёна міліцыі Ленінскага раёна нёс службу на сваёй пасадзе, там жа стрэліў у сябе з пісталета. Пэўны час пасля гэтага ён яшчэ быў жывы, пацярпелага паспелі прывезці ў шпіталь хуткай дапамогі з ранай і зрабілі яму аперацыю. 21 жніўня міліцыянт памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.

Пазней стала вядома, што гэта быў 21-гадовы хлопец, які перад тым, як паквітацца з жыццём, пакідаў ў сацыяльных сетках трывожныя запісы.

Наступнае здарэнне адбылося 24 жніўня на вайсковым палігоне ў Печах пад Барысавам. Раніцай на 227-м аб'яднаным палігоне праводзілася навучальная страляніна. Адзін з яе ўдзельнікаў, жаўнер, атрымаў тры баявыя набоі і пайшоў на агнявую мяжу. Аднак не дайшоў некалькі мэтраў, прыставіў аўтамат сабе да падбароддзя і выпусціў усе патроны ў галаву. Жаўнер загінуў на месцы - гэта канстатаваў медык, які дзяжурыў на палігоне.

29 жніўня трагічны выпадак адбыўся ў будынку ўправы ДАІ Гарадзенскай вобласці. Адзін з супрацоўнікаў інспекцыі засіліўся ў сваім службовым кабінеце. Ягамосць займаў пасаду намесніка камандзіра звязу. Паводле папярэдняй інфармацыі, на самагубства афіцэра падштурхнулі прычыны асабовага характару, не звязаныя са службовай дзейнасцю.

Праводзяцца праверкі ўсіх трагедый. У выпадку з супрацоўнікамі МУС гэтым займаюцца следчыя СК, смерці жаўнераў расследуе Мінабароны. Зазвычай вынікі праверак не публікуюць, іх накіроўваюць толькі кіраўніцтву і родным загінулых.

"Увогуле, я думаю, яны ўваходзяць у групу рызыкі. Праца або служба ў вайсковых структурах - гэта безупынны стрэс, рэгулярныя складаныя сітуацыі. Хтосьці вытрымлівае. Але, магчыма, ёсць людзі, якім заўсёды знаходзіцца ў напружанай сітуацыі складана... гэтыя чатыры выпадкі сведчаць, як мне здаецца, пра тое, што, магчыма, дабор на такія пасады можа быць больш дасканалым. у людзей мае быць у парадку нэрвовая сістэма. Стрэсаўстойлівасць мае быць больш высокай. Ці ўплывае на колькасць суіцыдаў блізкасць зброі? Думаю, гэта не надта ўплывае на прыняцце чалавекам такой пастановы. Хоць такі метад, вядома, пад рукой, калі чалавек ужо наважыў", - распавяла псіхолаг Ларыса Паўленка.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках