30 красавiка 2024, aўторак, 10:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Бокій здабыў сёмы медаль Паралімпіяды ў Рыа

18
Ігар Бокій здабыў сёмы медаль Паралімпіяды ў Рыа
Фото: Reuters

Беларускі плывец устанавіў чарговы сусветны рэкорд і стаў 11-кратным чэмпіёнам Паралімпіяд.

Ігар Бокій атрымаў свой сёмы медаль на Паралімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра, стаўшы чэмпіёнам у плаванні на дыстанцыі 100 м на спіне ў катэгорыі S13. Да гэтага ў Ігара былі ў Рыа пяць залатых і адна бронзавая ўзнагароды, піша tut.by.

У фінальным заплыве Ігар Бокій паказаў час 56,68 секунды і абнавіў свой жа сусветны рэкорд сярод паралімпійцаў, усталяваны ў 2015 годзе ў Глазга.

Срэбным прызёрам Рыа на 100 м на спіне ў катэгорыі S13 стаў Яраслаў Дзенісенка з Украіны (59,02), бронза - у канадскага спартоўца Нікаласа Гая Турбідзэ (59,55).

Такім чынам, у скарбонцы Беларусі на Паралімпіядзе-2016 стала ўжо 10 медалёў (8, 0, 2). Акрамя 6 залатых і 1 бронзавай узнагарод Ігара Бокія па 1 залатым медалі здабылі плывец Уладзімір Ізотаў і фехтавальшчык-вазочнік Андрэй Праневіч, яшчэ адна бронза на рахунку кідальніка дзіды Аляксандра Трыпуця.

22-гадовы Ігар Бокій перасягнуў уласнае дасягненне Гульняў-2012 у Лондане як па агульнай колькасці ўзнагарод, так і па колькасці залатых медалёў. Чатыры гады таму на ягоным рахунку было 5 залатых і 1 срэбраная ўзнагарода, у Рыа-2016 ён здабыў 6 залатых і 1 бронзавы медаль. Усяго ў Ігара цяпер 13 (11, 1, 1) узнагародаў з Паралімпіяд!

У фінал жаночых спаборніцтваў на 100 м на спіне ў катэгорыі S13 прабілася 15-гадовая беларуска Анастасія Зудзілава, яна заняла тут выніковае 8-е месца.

Паводле вынікаў 17 верасня ў медальным заліку Паралімпіяды-2016 Беларусь з 10 (8, 0, 2) узнагародамі займае 18-е месца. Лідаруюць Кітай (105, 81, 51), Вялікая Брытанія (64, 39, 44), Украіна (41, 37, 39), ЗША (40, 42, 30), Аўстралія (21, 29, 29), Нямеччына (18, 25, 14), Галандыя (17, 19, 26), Бразілія (14, 29, 28), Італія (10, 14, 15), Польшча (9, 18, 12). Усяго медалі здабылі атлеты 82 краін.

18 верасня, у заключны дзень Паралімпіяды, будуць разыграныя ўсяго 9 камплектаў узнагарод у трох тыпах спорту, а таксама адбудзецца афіцыйная цырымонія закрыцця Гульняў. Беларускія спартоўцы свае выступы ўжо скончылі, здабыўшы 10 (8, 0, 2) узнагарод, як і планаваў перад стартам старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках