26 красавiка 2024, Пятніца, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыпламатыя скандалу: што не падзялілі Пуцін з Лукашэнкам?

38
Дыпламатыя скандалу: што не падзялілі Пуцін з Лукашэнкам?
Фота: izvestia.ru

Неразвязанае газавае пытанне давяло беларускага дыктатара літаральна да істэрыкі.

Нафтагазавы канфлікт з Расеяй доўжыцца ўжо не першы месяц, і ўжо не першы месяц знаходзіцца ў стане, маўляў – вось-вось прыйдзем да ўзаемаразумення. Тыдзень таму нават тэрміны былі агучаныя – пагадненне пра газ павінна быць дасягнутае цягам двух дзён. Аднак пасля таго, як віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка вярнуўся з Масквы з пустымі рукамі, Лукашэнка выказаўся надзвычай востра, паведамляе «Белсат».

«Мы “целяпаемся”, інакш не скажаш – вы напэўна ў курсе справы – ужо некалькі месяцаў не можам дамовіцца пра кошты на газ. У сувязі з гэтым Расея зменшыла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але зразумейце, што ціску я цярпець не буду, і беларусы таксама», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з Рапотам.

Беларусь вінная «Газпраму» больш за $ 200 млн за газ. Менск жа падкрэслівае, што кошт 142 даляры за тысячу кубаметраў несправядлівы, улічваючы хаўрусніцкія адносіны краінаў, і прапануе паменшыць яго прыкладна ўдвая. Здавалася б – варта павялічыць намаганні і ўтрымаць стары хаўрус, але на гэтым тыдні кіраўнік айчыннай дыпламатыі ў Нью-Ёрку правёў шэраг сустрэч з амерыканскімі чыноўнікамі – у тым ліку з прадстаўніком Пентагона.

«Расея сёння экспартуе свой унутраны эканамічны крызіс ва ўсе краіны постсавецкай прасторы. Праз тое, што нашы эканомікі вельмі моцна звязаны адна з адной, гэта стварае вось такія праблемы для беларускай эканомікі», – мяркуе Арсень Сівіцкі, кіраўнік Інстытута стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

І адпаведна Масква не мае тых рэсурсаў, якія да ўкраінскага крызісу магла выдаткоўваць на інтэграцыйныя працэсы. Дыктатар жа не хавае свайго абурэння.

«Гэта ўжо надакучыла, гэта ўжо цераз край, далей так доўжыцца не можа. Я гэта кажу таму, каб вы разумелі, на якім фоне мы сёння размаўляем пра далейшае развіццё нашага саюзнага праекта. Гэта ні ў якім разе не азначае зварот інтэграцыйных праектаў, але свой удзел мы будзем аптымізаваць», – паабяцаў Лукашэнка.

У сваю чаргу паводзіны Менска не задавальняюць Маскву. Адкрыта нейтральная пазіцыя ва ўкраінскім канфлікце, курс на выпраўленне стасункаў з Захадам і пры гэтым – патрабаванні далейшай эканамічнай падтрымкі. А тут яшчэ і пагрозы «аптымізаваць» інтэграцыю.

«Гэта проста такі фармат перамоўны паміж Беларуссю і Расеяй – можна назваць гэта ўмоўна “дыпламатыяй скандалу” або “дыпламатыяй канфлікту”, калі справы такога парадку пра кошты на газ і нафту развяжуцца толькі тады, калі канфлікт пераходзіць на вышэйшы ўзровень», – мяркуе Дзяніс Мельянцоў, старэйшы аналітык Інстытута стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

Пытанне – ці застаюцца нядаўнія вучэнні на Лепельскім палігоне пры ўдзеле ўнутраных войскаў МУС у зачыстцы і блакаванні захопленага сепаратыстамі населенага пункта таксама ў межах гэтай дыпламатыі скандалу?

«Гэта такія сігналы для нашых партнёраў на Усходзе, што Беларусь гатовая да любога сцэнару развіцця сітуацыі нашых стасункаў з Расеяй, нават да самага канфліктнага», – мяркуе Сівіцкі.

З іншага боку, на беларуска-расейскай мяжы таксама ідуць спрэчныя «сігналы». Яшчэ ўлетку Расея ўзмацніла групоўку войскаў на заходняй мяжы – дзвюма брыгадамі – нібыта ў сувязі з актыўнасцю блока NATO. Экспэрты супакойваюць – каб захаваць уплыў на нашу краіну, Крамлю войскі не спатрэбяцца.

«Вядома, Расея зацікаўленая, каб захаваць Беларусь у сваёй арбіце, але з іншага боку, мяркую, што ў расейскім кіраўніцтве ўпэўненыя, што Беларусь і так нікуды не дзенецца праз эканамічную і палітычную залежнасць», – кажа Мельянцоў.

Бо каб сапраўды вырвацца з гэтай арбіты, аднаго толькі пацяплення стасункаў замала. А на інтэграцыю з Еўразвязам паводле прыкладу Украіны, ці, прынамсі, на рэальныя ліберальныя рэформы, як паказалі хоць бы нядаўнія «парламенцкія выбары», афіцыйны Менск ісці не гатовы.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках