3 траўня 2024, Пятніца, 6:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У замежнай палітыцы Лукашэнка застанецца васалам Пуціна

11
У замежнай палітыцы Лукашэнка застанецца васалам Пуціна
Фота: Getty Images News/Sasha Mordovets

Нягледзячы на «газавы скандал», залежнасць рэжыму ад Расеі занадта відавочная.

Нягледзячы на чарговае абвастрэнне стасункаў з Расеяй і новыя спробы наладзіць узаемадзеянне з Захадам, значных пераменаў у знешняй палітыцы Беларусі чакаць не варта, лічыць аглядальнік «Беларускіх навінаў» Андрэй Фёдараў.

Мінулы тыдзень адзначыўся некалькімі прыкметнымі падзеямі ў замежнапалітычнай сферы. Найбольшы рэзананс выклікалі, зразумела, рэзкія заявы Лукашэнкі ў адрас «галоўнага хаўрусніка», якія прагучалі на сустрэчы ў Менску з дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

Таксама звярнулі на сябе ўвагу аналітыкаў праведзеныя ў Нью-Ёрку сустрэчы кіраўніка замежнапалітычнай установы Уладзіміра Макея з высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі ЗША.

Нагадаем, асноўны тэзіс, выказванняў беларускага дыктатара, што прагучалі 20 верасня, заключаўся ў тым, што цэлы шэраг дзеянняў Масквы ўспрымаецца як ціск на Беларусь, якога «ні ён сам, ні беларусы не пацерпяць».

Пры гэтым, аднак, не было расшыфравана, з якой мэтай цісне Масква. Цяжка не пагадзіцца з высновамі шматлікіх аглядальнікаў, што галоўнай прычынай з'яўляецца незадаволенасць Расеі не занадта лаяльнымі паводзінамі партнёра, між іншым, у празмерным, з яе пункту гледжання, збліжэнні Беларусі з аб'яднанай Еўропай і Злучанымі Штатамі. Акрамя таго, Маскве напэўна не падабаецца жаданне Менска перагледзець дамовы аб цане газу.

Адпаведна, лагічна выказаць здагадку, што Крэмль выкарыстоўвае ціск, каб здушыць «бунт на караблі» ў зародку.

На такім фоне кантакты Макея ў Нью-Ёрку з памочніцай дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыяй Нуланд і намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам выглядаюць, шчыра кажучы, дзёрзка.

У скупых інфармацыйных паведамленнях практычна няма звестак, пра што канкрэтна там ішла гаворка. З упэўненасцю можна сцвярджаць, мабыць, толькі, што прапанаванае аглядальнікам «Радыё Свабода» Сяргеем Навумчыкам пытанне, які амерыканскі батальён будзе абараняць Беларусь (гаворка ідзе аб гарантыях паводле Будапешцкага мемарандума 1994 года), беларускім міністрам зададзенае не было.

Тым не менш, у святле рознагалоссяў паміж Масквой і Менскам у некаторых вайсковых аспектах, напрыклад з нагоды размяшчэння ў нашай краіне расейскай авіябазы, сумнеўна, што такія кантакты выклікаюць у нашых усходніх суседзяў пачуццё глыбокага задавальнення.

Яшчэ менш радасці, трэба меркаваць, даставілі ім перамовы з Нуланд, якую праз яе ўдзел ва ўкраінскіх падзеях у Расеі, мякка кажучы, недалюбліваюць. Тым больш што на сустрэчы была адзначана станоўчая дынаміка беларуска-амерыканскіх стасункаў, а таксама абмеркаваны меры, "вельмі важныя для поўнай нармалізацыі ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЗША".

У выніку складваецца ўражанне, што беларускае кіраўніцтва спрабуе выбіць клін клінам, гэта значыць, пагражаючы працягам збліжэння з Захадам, прымусіць Маскву, у якой апошні час і без таго з саюзнікамі тугавата, саступіць Менску ў энэргетычнай спрэчцы.

Пытанне ў тым, наколькі эфектыўнай будзе такая стратэгія. На першы погляд, востры недахоп у Расеі рэальных саюзнікаў можа падштурхнуць яе да саступак. Добра вядома, наколькі прачула Крэмль ставіцца да інтэграцыі постсавецкай прасторы, асабліва ў фармаце АДКБ і Еўразійскага эканамічнага саюза. Таму, здавалася б, найменшы намёк на магчымасць стварэння перашкод гэтаму праекту (а Лукашэнка на сустрэчы з Рапотам заявіў аб намеры «аптымізаваць» удзел у ЕАЭС) павінен прымусіць расейскі бок пайсці на любыя меры, каб прадухіліць такі сцэнар.

Аднак у сённяшняй сітуацыі ў Расеі проста не стае сродкаў нават для падтрымання свайго цяперашняга эканамічнага становішча, не кажучы ўжо пра выдаванне датацый хаўрусніку ў ранейшым маштабе.

Але непараўнальна больш важна тое, што пры фармаванні постсавецкіх інтэграцыйных структур Масквой кіравала зусім не імкненне стварыць нейкія суполкі раўнапраўных чальцоў. Стратэгічнай мэтай было і застаецца аднаўленне свайго дамінавання на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, а калі атрымаецца, то і на больш шырокіх прасторах. Што і было надзвычай наглядна прадэманстравана на прыкладзе Украіны, калі тая распачала спробу выбраць іншы замежнапалітычны курс.

А паколькі крымская эпапея пераканала расейскія ўлады, што пастаўленая мэта можа быць дасягнутая не толькі і, больш за тое, не гэтулькі з дапамогай «мяккай сілы», то чакаць ад іх радыкальнага перагляду сваіх поглядаў надзвычай наіўна.

Мяркуючы па шматлікіх прыкметах, афіцыйны Менск усё гэта выдатна ўсведамляе, і яго намаганні на Захадзе відавочна абумоўлены адчуваннем небяспекі, якая зыходзіць з усходу. Да таго ж ва ўмовах эканамічнага крызісу і абмежавання расейскай дапамогі надзея на заходняе садзейнічанне становіцца адзінай.

На жаль, ёсць сур'ёзныя падазрэнні, што ўжо занадта позна. Такую палітыку варта было праводзіць значна раней, калі Расея была нашмат слабейшая. У дадатак беларускія ўлады па-ранейшаму цалкам не гатовыя далёка ісці насустрач заклікам з Брусэля і Вашынгтона. Тым больш што субсідзіраванне, параўнальнае нават з тымі скарочанымі аб'ёмамі, якія зараз падае Масква, пры захаванні існуючых у краіне эканамічных умоў ад Захаду атрымаць загадзя не ўдасца.

Такім чынам, пагрозы Менска перагледзець інтэграцыйныя сувязі ўяўляюцца не больш чым рыторыкай. Як следства, перамены ў беларускай замежнай палітыцы ў цэлым могуць быць выключна касметычнымі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках