26 красавiка 2024, Пятніца, 19:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП абураныя: Расейцы хочуць кантраляваць наш рынак дэкаратыўных раслін

7
ІП абураныя: Расейцы хочуць кантраляваць наш рынак дэкаратыўных раслін

РФ увяла абмежаванні на закупку раслін з польскіх гадавальнікаў і патрабуе ад беларусаў выканання гэтых патрабаванняў.

Бізнэсоўцы заяўляюць: расейскі бок імкнецца да татальнага кантролю над беларускім рынкам раслін, а фітасанітарная служба - толькі інструмент для нетарыфнага рэгулявання і нядобрасумленнай канкурэнцыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Хто мае бараніць інтарэсы беларускага бізнэсу?

Расейская ўстанова ўвяла абмежаванні на закуп раслінаў з польскіх гадавальнікаў і патрабуе ад беларусаў выкання гэтых патрабаванняў. Беларускія прадпрымальнікі тым часам сьцвярджаюць: Галоўная дзяржаўнай інспекцыя карантыну раслін Беларусі выконвае патрабаванні расейцаў.

«Пастанова, прынятая расейскім бокам, не спрыяе развіццю галіны ў нашай краіне, бо любая вытворчасць заўжды пачынаецца з імпарту. Калі ж скараціць імпарт, то неўзабаве знікне і экспарт», — тлумачыць сваё разуменне сітуацыі адзін з магілёўскіх бізнэсоўцаў.

На ягоную думку, абмежаванні, уведзеныя расейцамі і прынятыя беларускай установай, прывядуць да падаражання расліннага матэрыялу і збядняць асартымент. У доўгатэрміновай перспектыве расейскі дыктат не дасць развівацца беларускаму рынку.

«Дасягнуць поспеху ў гэтай галіне немагчыма без кантактаў з больш развітымі гаспадаркамі еўрапейскіх краін, пераймаючы іх досвед і тэхналогіі, а таксама ажыццяўляючы імпарт новых сартоў і дарослых экземпляраў раслінаў», — адзначае суразмоўца.

«Я не магу зразумець, прычым тут Беларусь да расейскіх абмежаванняў. Хто мае бараніць інтарэсы беларускага бізнэсу?», — абураецца яшчэ адзін прадпрымальнік.

«Я б і з Галандыі прывёз пасадачны матэрыял. Я ж у Расею яго не павязу. А каб развівацца, трэба мець дачыненні з усімі. Чым больш будзе гандляроў у Беларусі, тым лепей для народу. Канкурэнцыя змяншае цэны і спрыяе развіццю. Мы ж і так на 50-100 гадоў адстаём ад развітых у гэтай галіне краінаў, а тут яшчэ Расея падказвае, у каго браць, а ў каго не».

Расейцы дазволілі беларусам гандляваць з 15 польскімі гадавальнікамі

Расейскі бок занепакоены, што палякі будуць пастаўляць у Расею пасадачны матэрыял з іншых краінаў Еўрапейскага звязу, бо між яго чальцамі няма межаў і тавары свабодна перасоўваюцца.

Як вынікае з паведамлення, якое Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду даслала Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі насенняводства, карантыну і аховы раслін Беларусі, у Расейскую Федэрацыю дазволена ўвозіць пасадачны матэрыял з 15 польскіх гадавальнікаў.

Такую пастанову расейцы прынялі на падставе «сумеснага абследавання зацікаўленых у пастаўках у Расею пасадачнага матэрыялу польскіх гадавальнікаў». Абследавана было 37 гадавальнікаў.

Што раздражняе Маскву

Беларусы, у сваю чаргу, абураныя тым, што пад эмбарга трапілі іхнія даўнія польскія партнёры ў бізнэсе. Беларускае ведамства, настойваюць бізнэсоўцы, не брала ўдзелу ў згаданым абследаванні, але ўзялося выконваць абмежаванні расейцаў, не ўлічваючы інтарэсаў беларускіх грамадзян.

"З досведу сваёй працы мне вядома, што рынак раслінаводства і продажу дэкаратыўных раслінаў у Расеі кантралюецца пэўнымі коламі. Рэгіянальныя суб’екты самастойна не могуць ажыццяўляць імпарту без маскоўскіх пасярэднікаў, — выказваецца яшчэ адзін бізнэсовец з Магілёўшчыны.

«Раней рэгіянальныя пакупнікі пры неабходнасці паставак імпартных тавараў звярталіся па дапамогу да беларускіх кампаніяў і гэта раздражняла «Маскву», — дадае суразмоўца. — Таму ўведзеныя абмежаванні разглядаюцца мной як спробы знішчыць канкурэнцыю. Каб дастаўнікі раслінаў заставаліся пад кантролем тых «пэўных колаў».

Абсурд расейскіх абмежаванняў

Прадпрымальнік перакананы, што расейцы знойдуць спосабы, як абысці абмежаванні, а вось эмбарга для беларускіх бізнэсоўцаў будзе дзейнічаць.

Адзін з бізнэсоўцаў паведаміў, што дасылаў ліст са сваім бачаннем сітуацыі ў Галоўную дзяржаўную інспекцыю карантыну раслін, але адказу на яго так і не атрымаў.

«Абмежаванні расейцаў найбольш абсурдна выглядаюць на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне», — сцвярджае ён.

«Чаму пастаўкі раслінаў з гадавальнікаў у Белай Падлясцы ці ў Беластоку мусіць рэгуляваць Масква? — ставіць пытанне прадпрымальнік і сам на яго адказвае: — Каб берасцейцы ці гарадзенцы куплялі тавар з тых жа Белай Падляскі ці Беластоку у Маскве ці праз Маскву. Вось да чаго вядуць уведзеныя расейцамі абмежаванні».

Дырэктар Галоўнай інспекцыі Беларусі насення, карантыну і аховы раслін Аляксандр Піскун запэўніў Свабоду, што нічога не забаронена пры выкананні пастаўшчыкамі патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюзу:

«У сувязі з неаднаразовым выяўленнем карантынных аб’ектаў уведзеныя абмежаванні на ўвоз пасадачнага матэрыялу лесадэкаратыўных раслінаў: увоз дазваляецца паводле вынікаў папярэдняй інспекцыі месцаў вытворчасці і прызнаннем іх вольнымі ад карантынных шкодных арганізмаў паводле выніку адбору, аналізу ўзораў і лабараторнай экспертызы».

Беларусь прыняла нормы, распрацаваныя «Рассельгаснаглядам», з 1 лютага 2014 году, паведаміў спадар Піскун.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках