2 траўня 2024, Чацвер, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дашкевіч: Бел-чырвона-белы сцяг - сімвал нашай перамогі, якую мы вельмі хутка ўбачым

4
Дашкевіч: Бел-чырвона-белы сцяг - сімвал нашай перамогі, якую мы вельмі хутка ўбачым
ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ
ФОТА: SVABODA.ORG

Лідар «Маладога фронту» назваў пяць аргументаў за бел-чырвона-белы сцяг.

Напярэдадні чарговага публічнага падпісання звароту ў Мінкульт для ўключэння бел-чырвона-белага сцяга ў спіс гістарычных каштоўнасцяў лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч назваў пяць аргументаў, чаму неабходна падтрымаць нацыянальны сімвал беларусаў.

Пра гэта лідар «Маладога фронту» напісаў у «Фэйсбуку»:

Пяць аргументаў за бел-чырвона-белы сцяг

1. Бел-чырвона-белы сцяг - гэта сцяг нашай гісторыі, які мае шматгадовую спадчыну. У тым ліку пад ім абвяшчалася незалежнасць у 1918 годзе і пад ім незалежнасць аднаўлялася ў 1991, калі нацыянальны сцяг беларусаў стаў дзяржаўным і быў такім цягам чатырох гадоў. Дык ці не ганьба гэта нашай дзяржавы, што за бел-чырвона-белы сцяг дагэтуль складаюцца пратаколы, у якіх ставяць у правіну чалавеку: размахваў бел-чырвона-белым сцягам, які з'яўляецца незарэгістраванай сімволікай?

2. Бел-чырвона-белы сцяг - гэта сцяг нашай будучыні, які бясспрэчна вернецца як сімвал Беларусі. Калі хтосьці ў гэтым сумняваецца, то ўспомніце, што ў канцы 80-х - пачатку 90-х бел-чырвона-белы сцяг быў узняты пасля 70-гадовага нябыту, калі пра яго існаванне ведалі толькі гісторыкі. Цяпер жа, у адрозненне ад 90-х, мільёны беларусаў памятаюць бел-чырвона-белы сцяг, любяць яго і захоўваюць яму вернасць у сваіх сэрцах.

3. Бел-чырвона-белы сцяг - гэта сцяг нашай перамогі, якую мы вельмі хутка ўбачым. Скажыце, за кім нарэшце застанецца перамога: за неадэкватным дыктатарам, які рукамі сваіх цэрбераў рваў бел-чырвона-белы сцяг, ці за Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Ларысай Геніюш, Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным, Максімам Танкам і многімі іншымі - усімі тымі, хто ішоў пад бел-чырвона-белым сцягам - за кім будзе перамога?

4. Бел-чырвона-белы сцяг - гэта сцяг адзінай праўды, пра якую Хрыстос кажа: «Я - дарога, праўда і жыццё» (Яна 14:6). Пра гэта сведчыць хрысціянскае паходжанне нашага нацыянальнага сцяга. Успомнім перамогу над маскоўцамі пад Воршай, якая адбылася 8 верасня 1514 года пад сцягамі святога Юрыя, - чырвоны крыж на белай тканіне, - які і стаў прататыпам бел-чырвона-белага сцяга. Успомнім сімвал ўваскрэсення Хрыста - бел-чырвона-белую стужку, якая ўпрыгожвае вопратку хрысціянскіх святароў.

5. Бел-чырвона-белы сцяг - гэта сцяг святой чысціні, якую ніхто і ніколі не запляміў. Хоць мы і ведаем спробы змяшаць бел-чырвона-белы сцяг з брудам злачынных ідэяй нацызму, але ўсё гэта высмактанае з пальца. Да прыкладу, паглядзіце на такую гісторыю. Пасля патопу Бог паабяцаў Ною, што больш ніякая душа не будзе знішчаная патопам і ў якасці сведчання пра гэты запавет даў вясёлку. Але ж мы ведаем, што сёння многія людзі бяруць на ўзбраенне вясёлку як сімвал распусты. Дык што рабіць Богу, адмовіцца ад вясёлкі з гэтай прычыны? Натуральна, не! Вясёлка застаецца для Бога і ўсякага біблейскага чалавека сімвалам запавету паміж Творцам і людзьмі. Так што, праз тое, што бел-чырвона-белы сцяг маглі выкарыстоўваць у сваіх мэтах камуністы ці фашысты, нам адмовіцца ад яго? Натуральна, не!

Таму бел-чырвона-белы сцяг быў, ёсць і будзе для нас

напамінам нашай слаўнай гісторыі,

светачам нашага вялікага будучага,

довадам нашай хуткай перамогі,

сведчаннем Хрыстовай праўды,

сімвалам святой чысціні,

сцягам, які неўзабаве зноў стане дзяржаўным сцягам Беларусі!

Нагадаем, «Малады фронт» ініцыяваў збор подпісаў за ўключэнне бел-чырвона-белага сцяга ў спіс гістарычных каштоўнасцяў.

Чарговае публічнае падпісанне звароту ў Мінкультуры пройдзе ў суботу 1 кастрычніка а 12 гадзіне на выхадзе з метро Купалаўская ў бок універсама «Цэнтральны». Там жа, у падземным пераходзе, да 19 гадзін будзе праходзіць пашыраны пікет збору подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг. Беларусы могуць падпісаць і электронную петыцыю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках