29 красавiка 2024, панядзелак, 17:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Пуцін выступіў у ролі Кашпіроўскага

14
Палітолаг: Пуцін выступіў у ролі Кашпіроўскага
Фота: Getty Images

Разбор "прамой лініі".

«Прамая лінія» Пуціна закончылася. Яна доўжылася чатыры гадзіны і чатыры хвіліны, за гэты час Пуцін адказаў на 67 пытанняў.

Якія галоўныя сігналы мы пачулі ад кіраўніка Крамля?

Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:

– Чаму Пуцін наважыўся правесці «прамую лінію»? Летась і «прамую лінію», і выступ у Радзе Федэрацыі паводле вынікаў года перанеслі.

– Гэта звязана з двума галоўнымі чыннікамі. Летась фон для правядзення прэс-канферэнцыі ці «прамой лініі» быў вельмі неспрыяльны пасля здачы Херсона, а перад гэтым і паразамі ў Харкаўскай вобласці. У Крамлі, відаць, з гэтай прычыны і адмовіліся ад правядзення гэтых мерапрыемстваў.

Ёсць яшчэ версія, маўляў, і са здароўем у Пуціна было не ўсё ў парадку, але мы не можам гэта пацвердзіць ці аспрэчыць.

Цяпер жа сітуацыя выглядае не так крытычна для Пуціна. Наадварот, у Расеі настроеныя аптымістычна. Хоць вялікіх поспехаў у іх няма, лінія фронту істотна не змянілася. Але выглядае на тое, што Крэмль настройваюць на пазітыўны лад праблемы, якія ўзніклі на Захадзе.

Я маю на ўвазе сітуацыю ў Кангрэсе ЗША і актывізацыю Орбана як агента Пуціна ўнутры ЕЗ. Гэта ўсё і дадало Крамлю аптымізму. Другі, самы галоўны чыннік, – гэта пачатак выбарчай кампаніі ў РФ. Тое, што сумясцілі два фарматы, таксама гаворыць на карысць гэтай тэзы.

Яны відавочна хочуць узмацніць эфект. Хоць, на думку нават расейскіх назіральнікаў, тое, што адбываецца, а асабліва «прамая лінія», носіць асабліва рытуальны характар. Асноўнае – гэта прэс-канферэнцыя.

– У эфір пуцінскай «прамой лініі» прарвалася вельмі шмат нязручных пытанняў пра вайну, якія, натуральна, з трансляцыі прыбралі. Пра што сапраўды хацелі б спытаць расейцы Пуціна?

– Насамрэч яны пытаюцца, як і заўсёды, пра рэальныя праблемы. Часцей за ўсё – гэта лакальныя праблемы і крытыка мясцовай улады. І гэта дапушчальна. Традыцыйны стыль Крамля – мясцовыя кіраўнікі, міністры дрэнныя, а Пуцін заўсёды «добры», «развяжа ўсе праблемы».

Вось і цяпер гэта выкарыстоўваецца. Ігнараваць праблемы ўвогуле рызыкоўна. Мабыць, адна з задачаў гэтай прэс-канферэнцыі – часткова зняць напружанне.

Напрыклад, уся Расея занепакоеная цяперашняй сітуацыяй з яйкамі. Я іранічна кажу, што «яйкі Пуціна» сёння прадаюць паштучна. Пры гэтым за імі стаяць вялізныя чэргі. На думку ж самога Пуціна, міністр яму сказаў, што з яйкамі ўсё ў парадку.

Пры гэтым варта згадаць, што гэта за міністр – Патрушаў-малодшы. Але Пуцін як і ў сітуацыі з яйкамі, так і з расейскім рублём ці іншымі актуальнымі праблемамі, супакойвае, кажа, што «гэта часова». Гэта сеанс групавой псіхатэрапіі, а Пуцін у ролі Кашпіроўскага.

– Ці дасць гэта эфект, якога чакае Пуцін?

– Тут выкарыстоўваецца традыцыйная методыка: Пуцін нібыта пра ўсё ведае, усё трымае пад кантролем. Ён альбо зараз развяжа нейкія праблемы, альбо ў найбліжэйшай будучыні, так што будзьце спакойныя, дарагія расейцы, у Багдадзе (то-бок у Крамлі) усё спакойна.

Раней галоўнай мэтай прамой лініі было паказаць менавіта кантраст паміж Пуціным і мясцовымі ўладамі. Супакоіць расейцаў.

– Пуцін чарговы раз заявіў пра «расейскі горад» Адэсу. І не першы раз. Чаму менавіта Адэса?

– Не ведаю, ці ёсць у Пуціна нейкія асабістыя сантыменты да Адэсы, раней такога не назіралася. У расейцаў быў такі калектыўны рэсентымэнт наконт Крыму. Можна сказаць, што комплекс Крыма. Гэта я ведаю з асабістага досведу з 90-х гадоў.

Пуцін выкарыстоўваў гэты комплекс у 2014-м годзе. Узнік так званы «крымскі сіндром». Мабыць, нешта падобнае хочуць і датычна Адэсы.

Мікалаеў і Херсон неяк менш вядомыя, а Адэса моцна звязана з расейскай, а асабліва савецкай культурай. Трэба яшчэ браць да ўвагі гістарычную міфалогію.

Пуцін з'яўляецца вялікім прыхільнікам гістарычных міфаў. Не выпадкова дзесьці нават абмовіўся, што ягоная ўлюбёная імператрыца – Кацярына II, якая, маўляў, пашырала Расейскую імперыю, у тым ліку – і датычна Адэсы. Гэтыя імперскія комплексы Пуціна якраз датычна Адэсы і праяўляюцца. Бо Адэса – адзін з сімвалаў пашырэння Расейскай імперыі.

Я ўвогуле раю Пуціну і ўсім астатнім чытаць расейскіх пісьменнікаў. Няхай пачытаюць Бабеля і многіх іншых. У іх творах Адэса – шматнацыянальны горад, але там альбо габрэі размаўляюць на ідышы, альбо ўкраінская гаворка чуваць.

Гэта лішні раз даказвае, што гэта ўкраінскі рэгіён. Раю Пуціну пачытаць Паўстоўскага. У ягоным творы рыбакі пад Таганрогам размаўляюць па-ўкраінску і гэтак далей. Прыкладаў шмат, але Пуцін не ведае сапраўднай гісторыі, а жыве міфамі.

Мабыць, самае галоўнае для нас з таго, што прагучала на гэтай канферэнцыі, – Пуцін не збіраецца спыняць вайну.

Ёсць розныя каментатары на Захадзе (ды і часам у нас, ва Украіне), якія кажуць, што трэба дамаўляцца з Пуцінам пра мір, шукаць кампраміс. Ён не хоча кампрамісаў. Пуцін хоча прадаўжэнне вайны. Ён заявіў пра гэта адкрытым тэкстам.

Пуцін не гатовы да перамоваў, ён вылучае ўльтыматум. І вось гэта трэба разумець. У першую чаргу – розным прыхільнікам міру на Захадзе, якія думаюць, што можна пачынаць з Пуціным перамовы. Крэмль даслаў вельмі важны сігнал, каб не было ніякіх ілюзій датычна тэмы вайны і міру. Каб узніклі рэальныя мірныя перамовы, Пуціна трэба спыніць, а гэта можна зрабіць толькі сілай.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках