28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Латушка фальсіфікаваў у пасольстве, камандзір брыгады Сахашчык — у сябе

25
Андрэй Саннікаў: Латушка фальсіфікаваў у пасольстве, камандзір брыгады Сахашчык — у сябе

Лідар “Еўрапейскай Беларусі” патлумачыў, за што крытыкуе Ціханаўскую і яе асяроддзе.

У інтэрв'ю «Радыё Рацыя» лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў патлумачыў, чаму нельга касаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, расказаў, чаму не бярэ ўдзелу ў акцыях для спынення экспарту Беларусі і за што крытыкуе Ціханаўскую і яе асяроддзе.

Падчас размовы было закранута пытанне скасавання санкцый у абмен на вызваленне палітвязняў. Са словў Андрэя Саннікава, з такой ініцыятывай выступае "група вакол Ціханоўскай".

Са слоў палітыка, зараз санкцыі працуюць не да канца. “Збожжа ідзе. Польшча і Літва - самыя жорсткія крытыкі рэжыму Лукашэнкі. З імі тавараабарот у Беларусі на першых месцах у Еўропе. Пакуль не будуць закрытыя гэтыя дзіркі, не пачнуць працаваць сапраўдныя санкцыі, нельга пра іх казаць. Гэта такі аргумент, які мы чуем кожны раз, калі яны (краіны Захаду — рэд.) уводзяць санкцыі.

Увялі санкцыі, яны папрацавалі два гады, а потым прапануюць іх зняць. Гэта тое, што і Пуцін, і Лукашэнка добра ведаюць. Што Захад стоміцца ад сваіх жа санкцый і пачне іх здымаць. Нельга зараз гэтага дапускаць”.

Цяпер у Варшаве каля ўрадавых будынкаў праводзяцца акцыі з заклікам да польскіх уладаў перакрыць экспарт Беларусі. Але Андрэй Саннікаў у іх не бярэ ўдзелу. Чаму ён не далучаецца?

“Я пакуль не бачу алгарытму, які будзе працаваць. Я не супраць гэтай акцыі. Але я не буду далучацца. Бо, па-першае, я іншым займаюся. Па-другое, у мяне ёсць "Еўрапейская Беларусь". Мы абмяркоўвалі, што для нас прыярытэт.

Па-трэцяе, спробы па перакрыцці руху, што былі, ні да чаго не прывялі. Былі нейкія піяр-акцыі. Таму, калі я размаўляў з арганізатарамі акцый, я сказаў, што патрэбны нейкія дамоўленасці з польскім бокам. Цяпер гэта адбываецца”, - заявіў лідар “Еўрапейскай Беларусі”.

Андрэй Саннікаў таксама адзначыў, што яго запрашалі на канферэнцыю "Шлях да Волі", якая адбылася ў Кіеве ў канцы лістапада 2023 года. Са слоў палітыка, канферэнцыя была не кансалідацыяй, а спробай пэўных людзей, якіх ён не захацеў называць, "пусціць пыл у вочы, паказаць, вось мы тут стварылі цэнтр, які будзе ўсім кіраваць".

“А хто кіраваў [канферэнцыяй]? Украінцы. Якія ў мяне даверу не выклікалі, бо сярод іх былі тыя, хто патрабаваў рэпарацый ад Беларусі. Ну, як я магу там удзельнічаць? Я не магу ўдзельнічаць у тым, у чым я не працаваў з самага пачатку і чаго я не разумею”, - заявіў палітык.

Андрэй Саннікаў звярнуў увагу, што Латушка падчас сваёй працы паслом Беларусі ў Польшчы быў старшынём выбарчай камісіі на ўчастку, які размяшчаўся на тэрыторыі пасольства. І такім чынам удзельнічаў у фальсіфікацыі выбараў - злачынстве, якое не мае тэрміну даўнасці.

“Старшыня Выбарчай камісіі адказвае за лічбы і ён - першая, а можа і галоўная інстанцыя, якая фальсіфікавала выбары. Латушка фальсіфікаваў, камандзір брыгады Сахашчык - у сябе фальсіфікаваў.

І калі вось асяроддзе складаецца з людзей, якія гэты рэжым стварылі, як я магу думаць, што нейкія змены з імі могуць быць звзяаныя? Яны забяспечылі паразу рэвалюцыі і зараз робяць усё, каб нічога не адбывалася ў Беларусі”, - заявіў лідар “Еўрапейскай Беларусі”.

“Дарэчы, той чалавек, які зараз займаецца пашпартам, ён сам прызнаўся, што два разы працаваў у камісіі, якая фальсіфікавала выбары. Кавалеўскі. Ну што такое пашпарт? Як можна людзям хлусіць? Ну нічога не выйдзе з гэтага”, - дадаў Саннікаў.

“Але гэтая сетка, раскінутая праз план “Перамога”, “Рабочы рух”, розныя “Галасы”, розныя боты, “Кадравыя рэзервы”, той жа пашпарт, падстаўляе людзей. Мы ж ведаем, што арышты адбываюцца ў Беларусі. І як бы яны не адмаўлялі, гэта ўсё звязана з іхняй дзейнасцю. Вы чулі, каб яны папрасілі прабачэння? Яны ж усё адмаўляюць. Я не магу маўчаць у гэтай сітуацыі. Дайце мне вынікі”, - заявіў палітык.

Андрэй Саннікаў сцвярджае, што ягоная крытыка працуе: “Часам пачынаюць нешта рабіць пад уплывам маёй крытыкі”.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках