29 красавiка 2024, панядзелак, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзве менскія фірмы закупляюць у ЕЗ пнеўматычную зброю і патроны

9
Дзве менскія фірмы закупляюць у ЕЗ пнеўматычную зброю і патроны
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Пры гэтым яны працуюць з сілавікамі, якія разганялі пратэсты ў 2020 годзе.

Некалькі беларускіх кампаній, у якіх у Менску адкрытыя паляўнічыя крамы, закупляюць пнеўматычную зброю і патроны да іх у краінах ЕЗ. Пры гэтым яны ўдзельнічаюць у дзяржзакупах па пастаўках такіх тавараў сілавікам. Сярод іх заказчыкаў — менская вайсковая частка 3214 спецназа ўнутраных войск МУС, якая ўдзельнічала ў разгоне пратэстаў у 2020-м. Такія схемы, відаць, могуць парушаць уведзеныя Еўразвязам санкцыі па продажы ў нашу краіну зброі і звязанай з ёй прадукцыі, піша zerkalo.io.

Абмежаванні на пастаўку зброі ў Беларусь ЕЗ увёў яшчэ ў 2021 годзе, паведамляецца на сайце прадстаўніцтва Еўразвяза ў нашай краіне. У жніўні 2023-га была ўведзеная дадатковая забарона на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналогій, прыдатных для выкарыстання ў авіяцыі і касмічнай галіне. Новыя абмежавальныя захады ўвялі «ў паскораным парадку», каб забяспечыць немагчымасць абыходу праз Беларусь уведзеных у дачыненні да Расеі санкцый.

У адным з абмежавальных дакументаў па пастаўках тавараў у Беларусь дакладна ўказаная забарона на пазіцыі, якія ў міжнародным гандлі абазначаюцца кодамі, што пачынаюцца на 9303 і 9304. Гэта агнястрэльная і іншая зброя (напрыклад, спружынныя, пнеўматычныя або газавыя стрэльбы і пісталеты, дубінкі). Сярод выключэнняў - мячы, шаблі, шпагі, палашы, штыкі, пікі.

На асобнай старонцы на афіцыйным сайце Еўразвяза сабраныя актуальныя санкцыі супраць Беларусі праз грамадска-палітычную сітуацыю ў нашай краіне і суўдзелу Менска ў вайне Расеі ва Украіне. На гэтай старонцы сярод іншага пазначана, што «продаж, пастаўка, перадача ці экспарт у Беларусь зброі і спадарожных матэрыялаў усіх тыпаў, уключаючы зброю і боепрыпасы, вайсковую тэхніку, ваенізаваную тэхніку і запасныя часткі да яе, а таксама тэхніку, якая можа быць скарыстаная для унутраных рэпрэсій, грамадзянамі дзяржаў-сябраў [Еўразвяза] або з тэрыторый дзяржаў-сябраў або з выкарыстаннем марскіх або паветраных суднаў пад іх сцягам, павінны быць забароненыя незалежна ад таго, адбываюцца яны з іх тэрыторыі ці не».

Якія кампаніі і што закупляюць у ЕЗ (і ў тым ліку пастаўляюць сілавікам)

Але, нягледзячы на гэта, некалькі беларускіх кампаній актыўна імпартуюць такую прадукцыю з краін Еўропы. Інфармацыю журналісты паглядзелі праз сэрвіс LEGAT.BY, які дае абагульненую інфармацыю наконт розных кампаній, у тым ліку аб запазычанасцях (калі яны ёсць), удзеле ў закупах пэўных тавараў за мяжой, а таксама ў дзяржзакупах.

Так, фірма «Белахунт», у якой у Менску ёсць крама «Паляўнічы на Каліноўскага», сёлета закупіла ў Нямеччыне 4 тысячы патронаў вытворчасці Nammo Schönebeck, а таксама пнеўматычную зброю кампаніі DIANA Mayer&Grammelspacher. Летась яна таксама актыўна імпартавала аналагічныя тавары, набытыя ў нямецкіх пастаўшчыкоў.

«Мы рады прапанаваць вам шырокі спектр паслуг па продажы паляўнічай, спартовай і службовай зброі і боепрыпасаў еўрапейскіх марак па самых выгодных коштах. Таксама наша фірма супрацоўнічае з расейскімі вытворцамі паляўнічай зброі і боепрыпасаў», - паведамляецца на сайце кампаніі.

Кампанія «Белахунт» выйграе конкурсы па дзяржзакупах. Яна звычайна пастаўляе тавары падраздзяленням МНС і спартовым цэнтрам, але ёсць выпадкі паставак і сілавым структурам. Напрыклад, у красавіку 2023 года яна выйграла конкурс на пастаўку нямецкіх куль для пнеўматычнай зброі GECO Diabolo для вайсковай часці 3214. Нагадаем, менская вайсковая часць 3214 спецназа ўнутраных войск МУС удзельнічала ў разгоне пратэстаў у 2020-м.

Яшчэ адна фірма «Ікад», у якой у Менску працуе крама агнястрэльнай зброі для паляўнічых «Удача», закупляе зброю ў найстарэйшай зброевай кампаніі ў свеце Beretta. Гэта вынікае з рэестра сертыфікатаў адпаведнасці. Летась фірма закупіла 89 адзінак зброі. Гэта ў тым ліку пісталеты вытворцы Beretta з горада Брэшыа (Італія), дзе іх выпускаюць. А таксама стрэльбы вытворчасці Zoli Antonio і Benelli Armi з гэтай краіны. Усе гэтыя тавары падпадаюць пад санкцыйныя абмежаванні.

У Нямеччыне ў 2023 годзе кампанія закупіла не менш за 101 тысячу патронаў вытворчасці RUAG Ammotec. Столькі ж ад вытворцы Sellier&Bellot набыла ў Чэхіі.

У 2022 годзе гэтая фірма набывала аналагічныя тавары ў Літве, Фінляндыі, ЗША, Бельгіі і Чэхіі. У гэтым выпадку імпарт мог ісці да ўвядзення абмежаванняў.

Пры гэтым «Ікад» рэгулярна выступае ў якасці ўдзельніка ў працэдурах закупаў для сілавых структур. Так, у кастрычніку 2022 года яна выйграла конкурс па пастаўцы спецназу ўнутраных войск (вайсковай часці 3214) расейскай пнеўматычнай зброі з камплектуючымі на суму, большую за 110 тысяч рублёў.

У снежні 2021 года фірма падпісала дамову аб пастаўках для вайскова-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны гумовых палак і кайданкоў расейскай вытворчасці. Але «Ікад» радзей удзельнічае ў дзяржзакупах, чым «Белахунт».

Пра што ўсё гэта можа сведчыць?

Сам факт набыцця беларускімі кампаніямі такога кшталту прадукцыі ў заходніх контрагентаў не з'яўляецца парушэннем, бо для нашай краіны няма забароны на імпарт такой прадукцыі. Але да заходніх пастаўшчыкоў такіх тавараў у нашу краіну могуць быць пытанні, ці выконваюць яны ўведзеныя на тэрыторыі Еўразвяза абмежавальныя захады. Пры гэтым трэба рабіць папраўку, што часам ва ўведзеных санкцыях знаходзяць шчыліны (напрыклад, такая схема працуе з драўнінай).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках