9 траўня 2024, Чацвер, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Церцель схлусіў

22
Генерал Церцель схлусіў

Узброены супраціўнік у адказ можа балюча стрэліць.

Генерал Церцель трошкі паскандаліў на вонкавым контуры. Сказаў, што яны правялі вострую чэкісцкую аперацыю, каб прадухіліць атаку баявых дронаў з Літвы. І многія адказныя і не вельмі асобы сказалі, што генерал Церцель схлусіў.

Так я хачу сказаць, што не згодны з гэтым паклёпам. Што генерал Церцель сказаў чыстую праўду. Проста не згадаў некаторыя дробныя дэталі. Ну там, па-першае, гэта былі не дроны, а дрон. Па-другое, не вайсковец, а цывільны. Па-трэцяе, не з бомбамі, а з цыгарэтамі. І па-чацвёртае, ён збіраўся ляцець не з Літвы ў Беларусь, а з Беларусі ў Літву.

Але ў астатнім усё праўда. Дрон жа быў. І яны сваёй вострай чэкісцкай аперацыяй гэты дрон адслядзілі.

І калі назваў адрас лякарні ў Кіеве і сказаў, што там лечаць байцоў з палка Каліноўскага, гэта таксама была праўда. А тое, што ў шпіталі лечаць не вайскоўцаў, а дзяцей, то гэта ўжо неістотныя дэталі. Вось лякарня па ўказаным адрасе ёсць? Ёсць. Лечаць у гэтай лякарні? Лечаць. Гэта значыць, не проста так чалавек сказаў, абы сказаць. А сказаў пасля паспяхова праведзенай выведвальнай аперацыі.

А якую мы можам зрабіць з усяго гэтага выснову? Мы можам зрабіць выснову, што свой хлеб КДБ есць не дарма і зорачкі на пагоны яму не проста так падаюць. А падаюць за справу.

Вось гэта вось прадухіленне атакі дронаў і выкрыццё дзіцячай лякарні ў Кіеве, яно ж нічым не адрозніваецца ад усёй астатняй дзейнасці генерала Церцеля па асобнасці і ўсіх астатніх беларускіх генералаў, разам узятых.

Спачатку яны прыдумляюць сабе тэрарыста, які хацеў падарваць самалёт. А потым, усім сваім спецназам у поўнай баявой ідуць арыштоўваць бабулю, якая прадала гэтаму тэрарысту малака. Спачатку арганізоўваюць групу кантрабандыстаў, каб вазіць праз мяжу танную гарэлку і цыгарэты. А потым паказваюць у тэлевізары разгром атрада варожых дыверсантаў. І гэта я не кажу пра рэгулярнае выкрыццё экстрэмісцкага падполля, якое ў глабальнай сетцы Інтэрнэт падрывае стабільнасць падабайкамі.

Проста раней беларускія генералы ў асноўным паводзілі сябе ў рамках дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь. А зараз ім у рамках дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь стала цесна. І беларускія генералы пачалі выходзіць на вялікую міжнародную арэну.

Але на гэтую арэну яны ж выходзяць са сваім старым рэпертуарам. А гледачы на міжнароднай арэне да такога рэпертуару яшчэ пакуль не прызвычаіліся. Вось сказаў генерал Церцель пра лякарню ў Кіеве, а ў Кіеве гэтую лякарню эвакуявалі.

І гэтая неспрактыкаванасць міжнароднага гледача нясе, вядома, беларускай стабільнасці некаторыя нездаровыя рызыкі. Вось іншым разам, калі які-небудзь генерал апіша, дзе менавіта ён збіраецца даць NATO па зубах, NATO ж можа неспадзявана пачуць. І ўжыць прэвентыўныя захады. А гэта небяспечна трагічнымі для генералаў наступствамі.

Таму што спецназ генерала Церцеля ў поўнай баявой добры супраць бабуль з малаком і дзяўчат у белым з кветкамі. А нават з лёгка ўзброеным праграмістам гэты спецназ спраўляецца з працай і ахвярамі сярод асабовага складу. Таму што не падпісваўся спецназ генерала Церцеля на ўзброенага супраціўніка. Таму што ўзброены супраціўнік у адказ можа балюча стрэліць.

Ды яно і генералу Церцелю не трэба. Проста беларускія генералы ўмеюць думаць аб зорачках на пагонах. А аб аддаленых наступствах у выглядзе СБУ і сапраўдных дронах ужо не вельмі.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках