Пенсiянерка з Берасця вучыць пiсаць «жи-ши» праз Ы
44- 26.10.2013, 10:26
- 41,834
Тамара Бахун зарэгістравалася прадпрымальніцай і выдае беларускія паштоўкі, якія адразу сталі папулярнымі.
Прызнавацца ў каханні кожны дзень, запрасіць сябра на гарбату, павіншаваць родных са святам на роднай мове ці прапанаваць суседу размаўляць з табой па-беларуску – Таццяна Бахун вынайшла арыгінальны спосаб дасягнуць гэтых мэтаў, пiша «Салiдарнаасць».
«Чым больш мы выдаем – тым больш разыходзіцца», – усміхаецца жанчына.
Ідэя рабіць беларускія паштоўкі нарадзілася ў яе сына. Сяржук Бахун успамінае, як аднойчы шукаў паштоўку з Новым годам на беларускай мове і не знайшоў. Так узнікла думка: «А чаму б не зрабіць гэта самім?»
«Уся наша сям’я ўдзельнічае ў гэтым праекце. Трэба ж і грошы зарабляць, і творчасць сваю рэалізоўваць», – гаворыць Тамара Уладзіміраўна.
Яна ўзгадвае, як аднойчы журналісты «Белсата» шукалі ў Мінску беларускія паштоўкі. Адзінае месца, дзе яны знайшліся, была кнігарня «Логвінаў».
«Гэта былі нашыя паштоўкі!» – кажа суразмоўца.
Калекцыя за калекцыяй выходзяць паштоўкі. Акрамя віншавальных, ёсць і спецпраекты. Напрыклад, серыя «Беларускія палкаводцы і военачальнікі зямлі Беларускай» – лікбез па гісторыі беларускага войска.
Ці паштоўкі, якія прапаноўваюць далучацца да беларускамоўных.
Ёсць паштоўкі для рамантыкаў, якія гатовыя кожны дзень прызнавацца ў каханні.
І для тых, хто хоча пасябраваць.
Беларускія паштоўкі прадаюць у брэсцкім ЦУМе, у мінскай «Акадэмкнізе» і ў іншых дзяржаўных кнігарнях.
Са слоў выдаўца, адмовілася заключаць дамову на рэалізацыю толькі «Белпошта».
«У аддзеле маркетынга зацікавіліся, але пайшлі да начальніка, і ён сказаў: «У нас свая прадукцыя» – тлумачыць Тамара Уладзіміраўна. – Хоць на нашыя паштоўкі паўсюль ёсць попыт. Расказваюць мне прадаўцы , што людзі шукаюць іх, каб паслаць сябрам ці знаёмым за мяжу. Сапраўды, гэта творчая праца, якая прыносіць нам такое задавальненне... Лічу, што мы робім добрую справу».