29 апреля 2024, понедельник, 5:42
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Эстэтыка тарашкевiцы

19
Эстэтыка тарашкевiцы

Мізэрная і квяцістая, іншая і скандальная, тарашкевіца застаецца пэўным сымбалям, арыентырам.

Змаргіналізаваная, афіцыйна не падтрыманая, амаль выключна ў сеціве, шуфлядах і архівах схаваная, тарашкевіца і ейныя малалікія карыстальнікі ўсё адно раздражняюць, карабацяць, нэрвуюць астатніх беларускамоўных ды расейскамоўных грамадзянаў. Ну, ня церпяць беларусы іншадумства, альтэрнатыўшчыны – ім трэба, як усе.

Савецкая традыцыя пакінула непазбыўны сьлед, няма сумневу. Мізэрная і квяцістая, адвечна іншая і скандальная, тарашкевіца застаецца пэўным сымбалям, арыентырам. І ня толькі ў пляне ідэалягічным, але, на маю думку, перадусім у пляне эстэтычным. Сапраўды, часам тарашкевіца, як тая падманлівая ўндзіна, зацягвае маладых, неабазнаных беларусаў, прываблівае іншай, адрознай ад школьнай мэлёдыкай, лексыкай. Многія нэафіты і нэафіткі пакаштаваўшы і да канца так і не зразумеўшы лёгікі і правілаў гэтага ўзусу, зноўку вяртаюцца да матчынай школьнай беларускай мовы, а яшчэ часьцей да мовы расейскай.

Само існаваньне двух узусаў мовы – гэта багацьце, сьведчаньне ня толькі аб нашай двухсэнсоўнай гісторыі, якая якраз і адбіваецца ў мове, гэта яшчэ і сьлед пэўнай дэмакратычнасьці, якая захавалася калі не ў грамадзтве, не ў палітыцы, то хаця б у мове. Змаганьне з тарашкевічанцамі і крытыка ў бок княства тарашкевіцы наагул – гэта савецкая, аўтарытарная тэндэнцыя да ўніфармізацыі ўсяго і ўсіх. Насамрэч, тарашкевіца ня шкодзіць беларускай справе. Гэта не тарашкевіца вынішчае, мінімізуе колькасьць беларускамоўных клясаў, беларускамоўных асобаў. Гэта не тарашкевіца сталася прычынай новай хвалі расеіфікацыі ў незалежнай ужо Беларусі. Прайгралым патрыётам, канечне, трэба мець кагосьці за вінаватых. Баязьліўцам і кволым рамантыкам трэба неяк апраўдваць свае страхі і mauvaise foi. Ворагам беларушчыны ці проста касмапалітычным на савецкі капыл уладам трэба знайсьці нейкую брэш. Вось тут і спатрэбілася ім усім тарашкевіца, як груша для біцьця, як зачэпка. Канечне, сьмялей біць гэтую грушы, чымся сапраўдную прычыну.

Сяньня, калі многія стэрэатыпна і перабольшана зьвязваюць з тарашкевіцай заходні ці празаходні выбар краіны ці прынамсі нейкія повязі з дыяспарай, якая бязупынку мізэрнее, губляе вагу і ўплыў, тарашкевіца для некаторых беларусаў Беларусі зьяўляецца проста пэўным эстэтычным і ідэйным выбарам. І тут ня толькі вонкавы чыньнік – дыяспара – маюць сэнс і апраўданьне, а перадусім нутраны чыньнік – беларускае прыгожае пісьменства 20-ых гадоў мінулага стагодзьдзя, напрыклад. Вынішчанае, перакручанае, згвалчанае, зьлегчанае, змарадаванае, забытае ці цалкам зынтэрпрэтаванае, да неспазнаву пераробленае, яно ня можа пакінуць абыякавым, яно часта не чытаецца, ані ўспрымаецца ў зрасеіфікаваным варыянце. Гэтая эстэтыка йдзе поруч з неадчэпнай ідэяй рэабілітацыі, люстрацыі. Пакуль гэтыя словы, я ўжо не кажу самі зьявы, застаюцца табу, датуль застанецца без патрэбы бальшыні і сама тарашкевіца. Бо мімаволі гэты ўзус асацыюецца з рэвалюцыйнасьцю, радыкальнасьцю што да трансфармацыі краіны і ейнай ідэнтычнасьці. Тарашкевіца – ня проста ўзус, а правадніца гэтай самай забытай, сьціпла пачатай у 90-ыя гады мінулага стагодзьдзя і адразу ж спыненай рэабілітацыі.  Таму адмаўляючыся ад тарашкевіцы, мы аўтаматычна адмаўляемся ад намеру, пляну ў будучыні вярнуцца да непазьбежнай рэабілітацыі, апраўданьняў адных і пакараньня (няхай і са спазьненьем) іншых. Менавіта таму Васіль Быкаў вярнуўся да тарашкевіцы ў апошняе дзесяцігодзьдзе сваёй творчасьці.

Тарашкевіца – гэтая радыкальная эстэтыка, якая палохае ўсіх, уключаючы школаправапісных беларусаў. Гэта эстэтыка, якая спараджае страхі, комплексы, траўмы, таму ўсе раз’юшана кідаюцца на яе, апраўдваючы тым самым свае слабасьці, расчараваньні і дэзылюзыі. Таму ўсе абражаюць, стэрэатыпна параўноўваюць яе з польскай, украінскай мовамі, з эўрапейшчынай наагул. І ўжо ў гэтым параўнаньні-абразе з боку беларуса, які не прымае тарашкевіцы, закадаваны адказ: тарашкевіца – Эўропа.

Такім парадкам, слабасьці ў малалікай тарашкевіцы няма – яна заўсёды моцная, бо нясе моцнае пасланьне, адвечную нагадку аб нашай эўрапейскасьці, эстэтычнасьці і распрацаванасьці мовы ў мінулым і цяпер, што, мусібыць, і раздражняе ўлады, легіёны мясцовых заходнерусаў, а таксама, як ні дзіўна, насьцярожвае кансэрватыўных, канфармісцкіх і мінімалісцкіх беларусаў, якія навучыліся быць як усе.

Уладзіслаў Гарбацкі, «Arche»

Написать комментарий 19

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях