30 красавiка 2024, aўторак, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Лукашэнка можа дачакацца народных хваляванняў

34
Генадзь Фядыніч: Лукашэнка можа дачакацца народных хваляванняў
Фотa: Reuters

Уладам не трэба забываць, чым небяспечнае сцісканне спружыны.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Салідарнасці» заявіў старшыня Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, каментуючы ўчарашнія словы Лукашэнкі пра тое, што «на працы рот павінен быць зашыты».

На думку Генадзя Фядыніча, такія выказванні могуць быць выкліканыя тым, што ўрад не бачыць наперадзе прыкмет паляпшэння сітуацыі:

- Улады Беларусі чарговым разам папярэджваюць людзей, каб тыя сядзелі ціха. Але калі ў рабочага з аховай працы дрэнна, калі з заробкам праблемы ёсць, то што, ён павінен маўчаць? З якога перапуду?

Прафсаюзны лідар падкрэсліў, што за свае правы трэба змагацца:

- Я заўсёды казаў, што за свае законныя правы трэба змагацца, іх трэба адстойваць. Хто б што ні казаў.

Законы фізікі

Ці могуць улады такім чынам дзейнічаць прэвентыўна, баючыся паўтарэння рабочых хваляванняў узору пачатку 1990-х?

- У той час рот рабочым ніхто не «зашываў», сітуацыя са свабодай слова была лепей за сённяшнюю. Але трэба думаць пра іншае. Не варта забываць, чым сканчаецца сцісканне спружыны - рана ці позна яна выпрастаецца ў зваротным кірунку. Вось тут уладам трэба добра падумаць, каб не дачакацца народных бунтаў, - папярэдзіў Генадзь Фядыніч.

«Ні ў адной краіне свету»

Суразмоўца падкрэсліў, што сістэма ўзаемаадносінаў працоўных і ўладаў у Беларусі па-свойму ўнікальная:

- У цывілізаваных краінах няма рабочых камісій, як у нас, у якія ўключаюцца не толькі прадстаўнікі прафзвязаў, але і наймальнікаў. Там наймальнік ніколі не з'яўляецца чальцом прафзвязу.

У цывілізаваных краінах працоўныя і прафзвязы змагаюцца з капіталам. У нас, на жаль, даводзіцца змагацца з сістэмай. Таму што ў Беларусі няма буйнога прыватнага сектара эканомікі. І як толькі працоўны пачынае адстойваць свае правы, яму кажуць: «Што ж ты супраць свайго прадпрыемства выступаеш? Мы ж дзяржаўнае прадпрыемства, мы ўсе ў адным чоўне сядзім».

Але пытанне ў тым, што вёслы ад гэтага чоўна ў руках ва ўладаў, што дае ім магчымасць веславаць у абраным імі кірунку. А вось простым рабочым прапануецца моўчкі сядзець у гэтым самым агульным чоўне.

Такога нідзе няма, нават у Расеі.

Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў наступнае:

- Права чалавека сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаванні з калегамі, вам наўпрост у вочы - гэтага не трэба баяцца. Гэта плюс у нас будзе. Але калі прыйшоў на працу, там рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, бо там дыктат ажыццяўляе тэхналогія. У пару прыйшоў, зрабіў паводле тэхналогіі справу - ідзі. Бачыш нешта не так - папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках