29 красавiка 2024, панядзелак, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Зняцце гэтых грошай справакуе непрадказальныя для Лукашэнкі наступствы

16
Палітолаг: Зняцце гэтых грошай справакуе непрадказальныя для Лукашэнкі наступствы

Чым небяспечнае для рэжыму апавяшчэнне аб дэфолце?

Група расейскіх інвестараў 18 студзеня накіравала на адрас кіраўніка Мінфіна Беларусі Юрыя Селіверстава апавяшчэнне аб дэфолце па пяці выпусках еўрааблігацый. Усяго сукупная сума гэтых выпускаў складае амаль $3,25 млрд. Калі рэжым Лукашэнкі не выплаціць свае абавязацельствы, як гэтага патрабуе апавяшчэнне, інвестары атрымаюць права падаць пазоў у Лонданскі міжнародны трацейскі суд або арбітражны суд у РФ.

Ці могуць у беларускага дыктатара ўзнікнуць праблемы праз нявыплату гэтых грошай? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з беларускім палітолагам Анатолем Котавым:

— Пачнём з таго, што сума, на якую абвешчаны дэфолт, нашмат ніжэйшая, блізу 180 мільёнаў далярў. Але само па сабе абвяшчэнне дэфолту дазваляе выставіць да аплаты ўсю запазычанасць, якая складае тыя самыя 3,2 мільярда даляраў. Праблемы могуць узнікнуць, фактычна яны ўжо ёсць, бо шмат у чым гэта запазычанасць перад прыватнымі інвестарамі, якія хочуць вярнуць свае грошы. Натуральна, яны яшчэ хочуць атрымаць абяцаны даход, бо беларускія аблігацыі былі высокамаржынальнымі, каб заахвоціць кліентаў іх набываць. Прыбытак 8-9% - гэта вельмі высокая стаўка, якая проста павінна была павысіць прывабнасць гэтага інструмента.

Грошы свае атрымаць назад пакуль не атрымліваецца, Мінфінансаў Беларусі прыдумала вельмі доўгую і хітрую адгаворку наконт адмовы амерыканскага агента Citigroup, які першапачаткова займаўся размяшчэннем гэтых аблігацый, абслугоўваць гэтыя рэчы. Быў прыдуманы цэлы механізм па залічэнні на спецрахункі беларускіх рублёў паводле ўласнаручна зацверджанага курса з процьмай бюракратычных момантаў.

Праблема ў тым, што нават тое, што Мінфін Беларусі вынайшла замест платы па рахунках, нават гэты механізм не працуе. Расейскія фундатары, трымальнікі аблігацый, вычарпалі ўсе дасудовыя метады ўрэгулявання пытання. З аднаго боку, яны выставілі Мінфіну Беларусі апавяшчэнне аб дэфолце. З іншага боку - рыхтуюцца звярнуцца ў лонданскі арбітраж, які з'яўляецца органам, упаўнаважаным разглядаць спрэчкі паміж трымальнікамі аблігацый і іх эмітэнтам паводле ўмоваў эмісійных пагадненняў.

Фактычна, калі не казаць пра нейкія далёкадасяжныя юрыдычныя наступствы, лёс трох мільярдаў цяпер у руках ва Уладзіміра Пуціна. Ён можа пераканаць свайго «малодшага брата» альбо выплаціць грошы, альбо выплаціць камусьці там, сваім набліжаным, бо ў набыцці гэтых аблігацый паўдзельнічалі і расейскія дзяржкарпарацыі. Альбо ён можа прымусіць іх панесці страты на карысць беларускага рэжыму.

У існай сітуацыі абсалютна зразумела, што нават пастанову лонданскага арбітражу ў Беларусі ніхто выконваць не збіраецца. Шукаць уласнасць беларускай дзяржавы за мяжой - справа практычна безнадзейная і няўдзячная. Пытанне аб выплаце або частковай выплаце гэтых грошай адназначна стане адной з галоўных тэм найбліжэйшай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна.

- Чаму расейскія інвестары пачалі пагражаць трацейскім судом у Лондане, а не адразу праз Крэмль паспрабавалі развязаць гэтае пытанне?

- Па-першае, як мінімум трэба выкарыстоўваць усе юрыдычныя інструменты ў спробе развязаць гэтую спрэчку. У Крамлі таксама любяць здзекавацца з такіх просьбітаў: «Вы ў суд схадзілі, наш Басманны ці які-небудзь іншы? Калі не, то чаго вы адразу да нас ідзяце? Спачатку туды схадзіце».

Інвестары выдатна разумеюць сістэму, у якой яны жывуць і працуюць, таму загадзя пастанавілі абсалютна лагічна падстрахавацца: «Мы ўсё спрабавалі, былі нават спробы судзіцца ў арбітражных судах суб'ектаў Расейскай Федэрацыі з рознай ступенню паспяховасці, усё паспрабавалі, нічога не працуе. Уладзімір Уладзіміравіч, ратуйце, дапамажыце, толькі вы зможаце выбіць грошы з Лукашэнкі, нейкім чынам кампенсаваць нашыя страты».

У многім гэтая схема з еўрапейскімі аблігацыямі з'яўлялася механізмам дадатковага фінансавання дзіравага беларускага бюджэту ў абыход бюджэту Расеі. Прыватныя грошы закрывалі дзіркі ў беларускім бюджэце, бо ўсе ліміты ў запазычаннях наўпрост у Расейскай Федэрацыі, дзяржкрэдыт, або ў рамках ЕАЭС, Беларусь вычарпала. Ніякіх шанцаў на атрыманне дадатковых сродкаў паводле іншых механізмаў не было.

Фактычна аблігацыі - гэта такі квазідзяржаўны механізм, натуральна, калі не працуюць нейкія юрыдычныя механізмы, калі Беларусь не плаціць па пазыках, то застаецца прасіць Пуціна, каб той паўплываў на Лукашэнку. А для Пуціна гэта дадатковы інструмент ціску на Лукашэнку, каб забяспечыць яшчэ большую лаяльнасць. Аднамомантнае зняцце 3,2 мільярда даляраў з беларускага бюджэту можа сфармаваць вялікі дэфіцыт дзяржбюджэту з абсалютна непрадказальнымі наступствамі для эканомікі. Гэты інструмент Пуціну вельмі спатрэбіцца падчас сустрэчы з Лукашэнкам, якая адбудзецца ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў.

- Ці будуць расейцы інвеставаць у Беларусь, улічваючы такія гісторыі?

- Добраахвотна - не, калі скажуць - так, бо гісторыя з аблігацыямі добраахвотна-прымусовая. Былі ж схемы, якія мелі больш прымусовы характар, калі расейскі дзяржбанк пазычаў грошы беларускаму банку пад гарантыі ўраду Беларусі. Там ніхто моцна не пытаўся расейскія банкі, ЗЭБ, ЗГБ, ці варта даваць грошы пазычальніку, які можа іх не вярнуць, у Крамлі проста сказалі, што трэба выдзеліць.

Добраахвотна ўкладваць у нейкія беларускія справы зараз могуць толькі нейкія авантурысты, якія хочуць «выйграць у казіно». Прычым выйграць у казіно, калі шарык патрапіць на падвойнае «зеро». А ў прымусовым парадку такія рэчы абсалютна не выключаныя, разумеючы, што ўсе агрэхі эканомікі беларускага рэжыму кладуцца на шараговых расейцаў. Гэта такая своеасаблівая аплата чужымі грашыма за нейкую лаяльнасць Лукашэнку.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках