29 красавiка 2024, панядзелак, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі пачалі разумець, што наша асноўная праблема – Масква»

28
«Людзі пачалі разумець, што наша асноўная праблема – Масква»
АРТУР (ІБРАГІМ) ЗАРЫПАЎ

Чаму паўстаў Башкартастан?

У студзені ў Башкортастане ўспыхнулі пратэсты з-за арышту мясцовага актывіста Фаіля Алсынава, які змагаўся са шкоднай вытворчасцю. На вуліцы Баймака і Уфы выйшлі тысячы пратэстоўцаў.

Ці былі перадумовы для пачатку гэтых пратэстаў? Як сёння жывуць башкіры? Ці папулярныя ў Башкартастане ідэі аддзялення ад Масквы? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з башкірскім актывістам Артурам (Ібрагімам) Зарыпавым:

— У 2020-ым годзе, калі кіраўнік Башкартастана Радый Хабіраў спрабаваў распрацаваць гару-шыхан Куштаў пад соду, абаронцы гары выйшлі на стыхійны сход. Убачыўшы, што бульдозеры раскопваюць Куштаў, людзі, апавяшчаючы адзін аднаго, самі збіраліся.

У нас ёсць актывісты, якія апавяшчаюць народ для таго, каб выстаяць супраць несправядлівасці. Так бы мовіць, аднадумцы ў пытаннях захавання мовы, гісторыі, культуры, прыродных рэсурсаў, якія незаконна здабываюць на нашай тэрыторыі. Яны - асноўны касцяк.

У абарону Фаіля Алсынава выйшаў просты народ. Як бы не спрабавалі паказаць, маўляў, ёсць уплыў звонку: Хадаркоўскага, Украіны і "заходніх ворагаў", выйшлі звычайныя людзі.

Скажу, што ў Баймаку спачатку было затрыманне Фаіля, а потым яно перарасло ў патрабаванне адстаўкі Радыя Хабірава.

Людзей два дні затрымлівалі, у дамы заходзілі са зброяй, многіх проста хапалі, яны знікалі (некаторых шукаюць да дагэтуль). Каб не было паўторных сутыкненняў, як у Баймаку, ва Уфе людзі выйшлі на пратэст, але калі да іх падыходзілі, то яны казалі, маўляў, “мы не пратэстуем, а проста танчым. Танцаваць жа ў нас не забаронена?”

- У якой сітуацыі знаходзіцца башкірская культура, мова сёння?

- Мова на мяжы знікнення. Яшчэ гадоў 30 падобнай палітыкі, і нашай мовы ўжо не застанецца. У 1930-ых яна з арабскай вязі была пераведзеная на кірыліцу. У выніку, вялікія працы нашай навуковай літаратуры і паэзіі мы страцілі. Праз савецкую палітыку знікла ўся нашая база.

На сённяшні дзень мы маем тое, што башкірская не з'яўляецца абавязковай мовай для вывучэння. Яна не з'яўляецца і службовай, бо ў навучальных установах, на прадпрыемствах, у дзяржустановах і юрыдычных інстанцыях усё адбываецца на расейскай мове.

Людзям кажуць, маўляў, у вёсках, дома, калі хочаце, то размаўляйце па-башкірску. Калі я прыязджаю ў горад, Уфу і размаўляю па-башкірску, то мяне разглядаюць як вяскоўца, непісьменнага. Такую праблему я бачу ў шмат якіх рэгіёнах, дзе Расея праводзіць падобную палітыку.

Што да гісторыі, то і тут мы схільныя да поўнай русіфікацыі. Бо, як я ўжо казаў, мы страцілі кнігі. Атрымліваецца, што ўжо людзі са СССР казалі нам, хто такія башкіры.

Калі я ў свой час вучыўся ў школе, то нам выкладалі гісторыю Расеі, у якой пісалася, што, да прыкладу, наш нацыянальны герой Салават Юлаеў (да яго помніка ва Уфе нядаўна і выходзілі пратэстоўцы) - "бандыт", "экстрэміст", які пайшоў супраць цара і гэтак далей. Адначасова я хадзіў на ўрокі гісторыі Башкартастана, там расказвалі, што ён — наш нацыянальны герой. У нас вуліца цэнтральная названая ў ягоны гонар і ён ваяваў за свабоду Башкартастана.

- Раскажыце, а якая сёння сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Башкартастане? Як жывуць людзі? Ці ёсць праца? Якія ў іх заробкі?

- Калі не браць афіцыйную статыстыку, то сярэдні заробак блізу 30 000 - 35 000 расейскіх рублёў ($300-$350). З нашай рэспублікі, якая багатая на рэсурсы, башкіры едуць на заробкі за яе межы ў паўночныя часткі Расеі. Яны працую вахтавым метадам, каб зарабіць блізу 100 тысяч расейскіх рублёў.

У Башкартастане ёсць газ, нафта, іх перапрацоўка, а таксама золатаздабыча (якую ўрад хавае) і вугальная прамысловасць. Развітая жывёлагадоўля, ёсць разнастайныя мясцовасці (лясная, горная, стэпавая) і чарназем'е. Наша рэспубліка вельмі багатая, насычаная шматлікімі рэсурсамі, а людзі ў вёсках на 10 000 рублёў жывуць за месяц.

- У расейскае войска, якое ваюе ва Украіне, актыўна мабілізавалі менавіта жыхароў нацыянальных рэспублік. Наколькі востра ў Башкартастане стаіць пытанне мабілізацыі?

- Калі мабілізацыю толькі абвясцілі, то ў розных гарадах былі падпалы вайсковых камісарыятаў свядомымі грамадзянамі. Можна сказаць, што наш народ падзяліўся. Немалая яго частка кажа, што гэта поўнае беззаконне і мы сваіх сыноў не аддамо на забой за інтарэсы аднаго чалавека ў Крамлі. Гэта адно.

Ёсць і манкурты, якія не разумеюць таго, што адбываецца. Ёсць башкіры, якія кажуць: "Я - расеец". Яны поўнасцю зазналі русіфікацыю. Ёсць тыя, хто думае, маўляў, без Масквы мы дагэтуль жылі б у юртах. Хоць мы б без яе квітнелі, жывучы значна лепш.

На Урале Башкартастан займае першае месца паводле загінулых ва Украіне. Вельмі шмат сем'яў атрымліваюць "груз 200".

Скажу, што я не нацыяналіст, але пытанне ў тым, што яны знішчаюць нашыя, як яны кажуць, “малыя народы”. Калі ўзяць гістарычны графік, то яны заўсёды трымаюць нашае насельніцтва прыкладна ў адной колькасці. Як толькі ў нас ідзе прырост насельніцтва (у нас моцныя сямейныя каштоўнасці, мы мусульмане і вядзём здаровы лад жыцця), тут адбываюцца падзеі, з-за якіх прырост ідзе ўніз, а потым уверх і зноў уніз. Пераскочыць праз планку нам Расея не дае, і гэта не толькі башкір тычыцца.

Гэтай вайной Пуцін пераследуе не толькі свае інтарэсы за межамі РФ. Ён такім чынам знішчае і патэнцыял народнасцей, каб у будучыні яны не паўсталі.

— Ці папулярная ў Башкартастане ідэя аддзялення ад Расеі?

- Цяпер гэта стала больш актуальным. Не буду хлусіць, што наш народ заўсёды гэтага хацеў. Мы вельмі моцна патрапілі пад рэпрэсіі ў часы СССР, потым жорсткая русіфікацыя, прапаганда. Расейцы прыехалі на нашу зямлю і займаюцца акупацыйнай дзейнасцю. Кажуць нават, маўляў, "вы сюды панаехалі", яшчэ і дыктуюць нам як жыць.

Вось зараз народ і пачынае бачыць. У рэспубліцы нарастае вялікая незадаволенасць вайной ва Украіне, бо шматлікія сем'і страчваюць сыноў, мужоў, братоў.

Адзначу, што падчас пратэстаў у падтрымку Фаіля з народам нават не пагаварылі, як гэта было ў Куштаў, а проста жорстка задушылі, завёўшы за дзень 111 спраў - з іх блізу 50 крымінальных. Такія дзеянні выклікаюць гнеў народа і думкі аб тым, што ж рабіць далей. Шмат хто разумее, што крыніца праблем – Пуцін. Разумеюць, што расейская сістэма не дасць нам жыць па-іншаму. Імперыялістычныя акупацыйныя погляды - захопліваць, рабаваць, знішчаць народы.

— Як вы бачыце магчымую будучыню Башкартастана?

- Асабіста маё меркаванне, што мы можам супольна з суседскімі брацкімі народамі жыць самастойна. Я маю на ўвазе, напрыклад, Татарстан. Пэўныя павевы і шмат размоў ідзе аб аб'яднанні менавіта цюркскіх народаў.

Аднак на гэты момант асноўная наша праблема - Масква, якая стала пасткай. Далей мы вызначымся, як, згодна з якой сістэмай і законамі, хто хоча жыць.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках