29 красавiка 2024, панядзелак, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Арзамасава раптам абвясціла пра заканчэнне трэнерскай кар'еры

3
Марына Арзамасава раптам абвясціла пра заканчэнне трэнерскай кар'еры
МАРЫНА АРЗАМАСАВА

Лёгкаатлетка назвала прычыну.

У лютым вядомая беларуская спартоўка Марына Арзамасава раптоўна паведаміла падпісчыкам, што цалкам спыняе сваю працу як трэнеркі. Прычына таму вельмі сумная: у старэйшай дачкі лёгкаатлеткі знайшлі цяжкае аўтаімуннае захворванне. Яно вельмі рэдкае і праходзіць у агрэсіўнай форме. Таму ўсе сілы Марына пастанавіла накіраваць на дапамогу свайму дзіцяці.

З этычных прычынаў спартоўка пастанавіла не агучваць у сацсетках дыягназ. Але раней яна пісала ў інстаграме, што сітуацыя вельмі складаная:

«На мінулым тыдні было так цяжка. Мне тэлефанавала загадчыца аддзялення з папярэджаннем, што вялікая рызыка пераводу на ШВЛ. Але, на шчасце, Саша раздыхалася. Сёння раніцай у яе нават прыбралі кіслародную трубку. З такіх клінічных прыкметаў можна спадзявацца, што прагрэсаванне хваробы спыняецца і мы выйдзем на плато, калі стан роўны і пасля яго павінен ісці спад».

Першы тыдзень Марына правяла разам з дачкой у палаце, другі дзяўчынка ляжала ўжо ў іншай лякарні ў рэанімацыі, а маці праводзіла з ёй 3–5 гадзінаў штодзень.

Праз месяц у лякарні спартоўка напісала, што дачка сапраўды выйшла на плато – стан стабільны, востры перыяд спаў, але кардынальна сітуацыя не мяняецца.

– Ніякіх прагнозаў і тэрмінаў няма, – напісала лёгкаатлетка, – акрамя як усё будзе доўга і няпроста. Гэта не такая хвароба, што дзіця ў лякарні, а ты носіш яму перадачы і чакаеш дома. А калі яно паправіцца, то ўстане і пойдзе жыць сваім звычайным жыццём.

Марына сапраўды прызналася, што ёй было вельмі няпроста ўсвядоміць новую рэальнасць. А калі ўсё ж такі прыйшло разуменне, што як раней ужо не будзе, яе вельмі моцна накрыла.

– Накрыла так, што ў самой уся неўралгія абвастрылася. З плюсаў – мы ляжым у неўралогіі і мне сёння прызначылі працэдуры на спіну, а то проста капец быў.

Чэмпіёнка свету адзначыла ў сацсетках, што ёй вельмі цяжка і фізічна, і маральна, бо жыццё замкнулася на маленькай бальнічнай палаце.

Цяпер Марына расказала падпісчыкам, што пасля 5 тыдняў у лякарні яна з дачкой апынулася ў рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне. Яна расказала, што мела вялікія надзеі і чаканні, але першыя пару дзён цэнтр Марыне не падабаўся.

– Паглядзела я на ўсю гэтую справу і паціху пачала дамаўляцца, як можна мяняць сітуацыю. І маленькімі крокамі наша рэабілітацыя паляпшаецца. Нядаўна быў першы дзень за перыяд, як у нас усё пачалося (з 5 лютага), калі я плакала ад радасці. Я раву, Саша плача, у нашага інструктара ЛФК слёзы на вачах. Атрымаўся наш малы, але такі важны прагрэс.

Марына напісала, што ні яна, ні дачка яшчэ не разумеюць, як будуць вяртацца да нармальнага жыцця. Але сёння яны ўбачылі, што карцінка пачала складвацца.

– Самае складанае – выконваць усё, што трэба выконваць. І ў гэты час Саша крычыць і плача, глядзіць сваімі велізарнымі вочкамі, а ты стрымана выконваеш над ёй усе экзэкуцыі, таму што толькі так будзе вынік.

У Аксакаўшчыне Марына пазнаёмілася з маці іншай дзяўчынкі, якая мае такі самы дыягназ, як і яе дачка.

– Пагутарыла з мамай, як гэта было. Дзякуй Богу, усё паступова адбудоўваецца і вось ужо праз 10 месяцаў яна сама ходзіць на сваіх нагах.

Таму мы верым і ведаем, што ўсё будзе добра.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках