30 красавiка 2024, aўторак, 1:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі будуць судзіць расейца, які вярнуўся з Украіны

4
У Беларусі будуць судзіць расейца, які вярнуўся з Украіны
АНАТОЛЬ ЦІХАНАЎ
ФОТА: VK VIA «Зеркало»

Яго затрымалі.

У Гомелі 17 красавіка адбудзецца судовае пасяджэнне паводле крымінальнай справы за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусь. Прозвішча, імя абвінавачанага супадаюць са звесткамі гомельскага спартоўца Анатоля Ціханава, які быў асуджаны за продаж наркотыкаў на працяглы тэрмін, але раптам апынуўся на вайне ва Украіне ў складзе расейскіх акупацыйных войскаў. У сацсетцы Ціханаў аб'яўляўся апошні раз у канцы студзеня. Знаёмы Ціханава пацвердзіў «Флагштоку» ягонае затрыманне.

Ціханаў — родам з Расе, але жыў і працаваў у Гомелі, маючы дазвол на жыхарства. Займаўся паўэрліфтынгам, удзельнічаў у спаборніцтвах, быў кандыдатам у майстры спорту. Працаваў у розных месцах, у апошні час - на прадпрыемстве «САЛЕО-Гомель».

У 2018 годзе Ціханава асудзілі за продаж асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у складзе арганізаванай групы на 15,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Са звестак ініцыятывы «Дзікае паляванне», расеец адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба». А ў 2023 годзе раптам апынуўся на вайне ва Украіне: ён выклаў на сваёй старонцы ў VK фота на фоне акопаў у вайсковай форме без адметных знакаў.

Таксама ён рабіў рэпост відэа бою брыгады «Поўнач-Z», створанай пры Мінабароны РФ. Невядома, ці служыў спартовец менавіта ў гэтай брыгадзе, але расейскае абароннае ведамства, як і ПВК Вагнера, вербавала зняволеных з турмаў і калоній, паведамляла «Зеркало». Магчымы варыянт, што Ціханава як грамадзяніна Расеі перадалі гэтай краіне для адбывання пакарання на радзіме, а адтуль ён і адправіўся на вайну.

Пазней расеец выкладваў фота са шпіталя з павязкамі на нагах. Па ўсіх гэтых звестках можна зрабіць выснову, што пасля атрыманага ранення Ціханаў скончыў свой удзел у вайне і надумаў вярнуцца ў Гомель. Аднак, мяркуючы з таго артыкула, паводле якога яго будуць судзіць зноў, разам з пераводам з беларускай калоніі ў расейскую атрымаў і забарону на ўезд у Беларусь.

Суды паводле аналагічнага артыкула - не рэдкая з'ява. Расейцаў, якія мелі дазвол на жыхарства ў Беларусі, але трапіліся на злачынствах, высылаюць з краіны, ставячы забарону на ўезд звычайна на 10 гадоў — такі тэрмін пазначаны ў падобных крымінальных справах. Часта за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусь караюць арыштам, але санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад штрафу да арышту на адзін год.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках