30 красавiка 2024, aўторак, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці памёр высокапастаўлены начальнік міліцыі

79
У Берасці памёр высокапастаўлены начальнік міліцыі

Ён камандаваў разгонам дэманстрацыі ў Пінску ў 2020-м.

Начальніка Ленінскага РАУС Берасця Дзмітрыя Каравякоўскага пахавалі 15 красавіка. Пра гэта паведамляюць крыніцы «Белсату». Развітанне з палкоўнікам міліцыі прайшло ў Палацы культуры прафсаюзаў у Берасці. Каравякоўскаму было 47 гадоў.

Начальнікам РАУС Ленінскага раёна Берасця Каравякоўскага прызначылі ў жніўні 2021 года. У 2020 годзе Каравякоўскі працаваў начальнікам пінскай міліцыі і асабіста кіраваў разгонам падчас пратэстаў. У выніку ўзнікла «пінская крымінальная справа», паводле якой дзясяткі чалавек былі прысуджаныя да тэрмінаў ад 3,5 да 6,5 гадоў і вялізных штрафаў. У матэрыялах крымінальнай справы неаднаразова фігуруе прозвішча Каравякоўскага, ён даваў паказанні супраць пінчукоў, якія выступілі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Сам Каравякоўскі нарадзіўся ў Пінску. У 1994 годзе ён паступіў у Акадэмію ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З 1997-га працаваў супрацоўнікам крымінальнага вышуку ў Маскоўскім РАУС Берасця. Праз два гады перайшоў ва ўправу крымінальнага вышуку УУС Берасцейскага аблвыканкама. Пасля заканчэння ў 2017-м магістратуры Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ён быў прызначаны першым намеснікам начальніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Берасця. З красавіка 2019-га - на пасадзе начальніка аддзела ўнутраных спраў Пінскага гарвыканкама. Вядома, што бацька і брат Каравякоўскага таксама працавалі ў міліцыі.

Прычына смерці Каравякоўскага невядомая. На сайце Ленінскага РАУС Берасця начальнікам па-ранейшаму пазначаны Дзмітрый Каравакоўскі, працоўны тэлефон начальніка РАУС не адказвае.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках