Украіна і Польшча выкрылі агента РФ, які рыхтаваўся да замаху на Зяленскага
9- 18.04.2024, 19:06
- 17,604
Падрабязнасці.
Украінскія і польскія спецслужбы змаглі выкрыць і затрымаць агента Расеі, які дапамагаў падрыхтавацца да магчымага замаху на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Аб гэтым паведамляе Служба бяспекі Украіны.
Задумай грамадзяніна Польшчы быў збор і перадача Расеі інфармацыі аб бяспецы аэрапорта Жэшуў-Ясенка. Гэта павінна было, сярод іншага, дапамагчы расейскім спецслужбам спланаваць магчымы замах на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага падчас яго знаходжання на тэрыторыі Польшчы.
Супрацоўнікі СБУ і ўкраінскія пракуроры паінфармавалі польскіх калегаў аб магчымасці замаху і перадалі ім ключавыя довады паводле гэтай справы. Гэта адбывалася ў рамках надання міжнародна-прававой дапамогі.
Завербаванага агента спецслужбаў РФ удалося ідэнтыфікаваць і затрымаць на тэрыторыі Польшчы.
Польская пракуратура выставіла яму абвінавачанне ў «гатоўнасці дзейнічаць на карысць замежнай спецслужбы». Сёння на хадайніцтва польскай пракуратуры Акруговы суд горада Варшавы ўжыў у дачыненні да зламысніка меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Расследаванне праводзіць Агенцтва ўнутранай бяспекі пад наглядам Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.
У жніўні мінулага года ў Мікалаеўскай вобласці затрымалі паслугача Расеі, якая рыхтавала замах на прэзідэнта Зяленскага.
Пазней прадстаўнік Дзярждэпартамента Мэцью Мілер сказаў, што ЗША назіраюць шпіёнскую і выведвальную актыўнасць РФ ва Украіне і падтрымліваюць намаганні ўкраінскай дзяржавы па прыцягненні да адказнасці людзей, якія рыхтуюць замахі на кіраўніцтва краіны.