Ці пройдзе Беларусь у фінал «Еўрабачання-2008»? (Відэа)
2
12:10, — Культура
Сёння ў сталіцы Сербіі Белградзе, якая прымае міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2008", пройдзе другі паўфінал форума. Прадстаўнік Беларусі Руслан Аляхно выйдзе на конкурсную сцэну пад нумарам дзевяць.
Як і ў першым паўфінале, у другім удзельнічаюць 19 краінаў. Канкурсанты будуць выступаць у такім парадку: 1. Ісландыя, 2. Швецыя, 3. Турцыя, 4. Украіна, 5. Літва, 6. Албанія, 7. Швейцарыя, 8. Чэхія, 9. Беларусь, 10. Латвія, 11. Харватыя, 12. Балгарыя, 13. Данія, 14. Грузія, 15. Вугоршчына, 16. Мальта, 17. Кіпр, 18. Македонія, 19. Партугалія.
Тэлекампаніі гэтых краінаў абавязаны трансляваць у жывым эфіры другі паўфінал і фінал. У Беларусі паўфінал і фінал галоўнага песеннага конкурсу года змогуць пабачыць тэлегледачы Першага канала, а таксама гледачы тэлеканала "Беларусь-ТБ" ва ўсім свеце. 20 траўня Першы канал і тэлеканал "Беларусь-ТБ" транслявалі першы паўфінал "Еўрабачання-2008". Па ўмовах конкурсу, тады беларусы не ўдзельнічалі ў галасаванні. Тэлегледачы Беларусі возьмуць удзел у інтэрактыўным галасаванні другога паўфіналу, дзе выступае беларускі прадстаўнік, і фіналу. Пасля выступу ўсіх удзельнікаў на экранах будуць паказаны нумары тэлефонаў, па якіх на працягу 15 хвілінаў можна галасаваць за выканаўцаў. Па правілах конкурсу, беларускія тэлегледачы могуць галасаваць за ўсіх канкурсантаў, акрамя прадстаўніка сваёй краіны. Балы ад Беларусі будзе абвяшчаць спявачка і тэлевядучая праграмы "Час спорту" (Першы канал) Вольга Барабаншчыкава.
Для галасавання неабходна тэлефанаваць на нумар 8 810 101 03 ХХ (ХХ - нумар упадабанага выканаўцы). Кошт званка - Br1 тыс. (без ПДВ). Для SMS-галасавання (даступна абанентам усіх мабільных аператараў) неабходна адпраўляць SMS-паведамленні з нумарам упадабанага выканаўцы (напрыклад, 01, 02, 13 і гэтак далей) на нумар 7708. Кошт паведамлення - Br1 тыс. 300 (з улікам ПДВ)
З кожнага кваліфікацыйнага раўнда ў фінал праходзяць па 10 выканаўцаў, атрымалых найбольшую колькасць галасоў. У фінале на музычнай арэне пазмагаюцца прадстаўнікі 25 краінаў: 20 лепшых удзельнікаў паўфінальнага тура, краінаў "вялікай чацвёркі" (Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія, Нямеччына) і Сербіі як краіны-пераможцы "Еўрабачання-2007" і арганізатара сёлетняга конкурсу. Нямеччына і Іспанія галасавалі ў першым паўфінале (20 траўня), Францыя, Вялікабрытанія і Сербія прагаласуюць у другім (22 траўня).
"Еўрабачанне-2008" - самае прадстаўнічае за ўсю гісторыю конкурсу. У ім удзельнічаюць 43 краіны.
Навіны
па тэме





