15 траўня 2024, Серада, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Саланы склаліся «добрыя адносіны» з апошнім дыктатарам Эўропы

38

Вярхоўны камісар Еўразвяза заявіў, што не мае намеру ставіць уладам Беларусі ніякіх умоваў.

Адносіны паміж Беларуссю і ЕЗ могуць стаць больш глыбокімі, заявіў вярхоўны прадстаўнік па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі ЕЗ, генеральны сакратар Рады ЕЗ Хаўер Салана ў Менску журналістам.

«Думаю, што гэта пачатак глыбокіх і цесных адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ», - сказаў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ.

Х.Салана падкрэсліў, што ён «з надзеяй глядзіць у будучыню». «Я спадзяюся, што адносіны паміж Беларуссю і ЕЗ будуць развівацца і паглыбляцца», - дадаў ён. Х.Салана адзначыў, што ў яго сёння адбылася «вельмі доўгая сустрэча з прэзідэнтам і вельмі добрая сустрэча з кіраўніком МЗС Сяргеем Мартынавым, а раніцай была сустрэча з прадстаўнікамі апазіцыі».

«Мы ізноў сустрэнемся ў сакавіку. Гэта будзе вельмі важная сустрэча», - сказаў Х.Салана.

Адказваючы на пытанне, якія ўмовы ЕЗ абяцалі выканаць беларускія ўлады, Х.Салана сказаў: «Я не прыехаў ставіць якія-небудзь умовы, ЕЗ выбудоўвае адносіны з іншымі краінамі без умоваў».

Са свайго боку кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў адзначыў, што «сама геаграфія вызначае ролю нашых адносінаў».

«Гэта ўзаемаадносіны ў галіне эканомікі, энергетыкі, транзіту, супрацьдзеяння такім выклікам як нелегальная міграцыя, арганізаваная злачыннасць», - сказаў С.Мартынаў.

Кіраўнік МЗС Беларусі С.Мартынаў выказаў упэўненасць, што сённяшняя сустрэча будзе выніковай і працягне ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і ЕЗ. Кіраўнік МЗС Беларусі таксама падкрэсліў, што падчас сустрэчаў, якія адбыліся ў Менску, бакі абмяркоўвалі ўзаемныя крокі, накіраваныя на паляпшэнне адносінаў.

Салана зъяджае ў добрым настроі

Камэнтуючы «Радыё Свабода» дзьвюхгадзінную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, Хавіер Саляна, адзначыў, што гэта былі не перамовы, а абмен думкамі пра тое, як рухацца далей наперад. І ў цэлым ён задаволены сваімі сустрэчамі з Лукашэнкам, Мартынавым, прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Свае сустрэчы ў Менску ён назваў канструктыўнымі: “Мы гаварылі пра ўсе складаныя пытаньні. Я задаволены вынікам. У мяне такое адчуваньне, што прэзыдэнт Беларусі хоча працаваць у напрамку Ўсходняга партнэрства Эўрапейскага Зьвязу. Я зьяжджаю з добрым настроем”.

Наконт магчымага візыту Лукашэнкі ў на саміт Эўразьвяззу ў Прагу і ў Брусэль, Саляна сказаў, што ён ня ведае, ці будзе такое запрашэньне, бо гэта вырашае старшынства Эўразьвязу.

Камэнтуючы затрыманьне ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, а таксама разгон моладзевых акцый, што адбыліся напярэдадні ягонага прыезду, Саляна адзначыў: “Усё, што трэба было сказаць, было сказана. Усё, што трэба было пакрытыкаваць, было з майго боку пакрытыкавана. І пасьля ўсяго гэтага вынік для мяне быў канструктыўным”.

Саляна дыпляматычна ўхіліўся ад адказу на пытаньне, якія канкрэтныя “складаныя” пытаньні закраналіся на сустрэчы з Лукашэнкам. Ён падкрэсьліў, што “цяпер у нас усталяваліся добрыя адносіны, і ўсе пытаньні вырашаюцца не пад сталом, а за сталом, у адкрытай манэры”. “Спадзяюся, што ёсьць магчымасьць вырашаць усе праблемы, якія існуюць”, — дадаў ён.

Саляна адмовіўся адказваць на пытаньне пра патэнцыйнае сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, сказаўшы, што сёньня гэтае пытаньне не ўздымалася, а гаворка вялася пра Ўсходняе партнэрства, у якога шмат магчымасьцяў, каб у эканамічным і палітычным пляне разьвіваць партнэрства зь Беларусьсю.

Што да фармальных вынікаў сустрэчы, Саляна адцеміў, што гаворка пра падпісаньне якога-кольвек дакумэнту не вялася, а важна было настроіцца на пэўны лад у адносінах, у кантактах, што нашмат важней за нейкі дакумэнт.

Заўвага www.charter97.org: Мяркуючы па заявах генеральнага сакратара Рады Еўразвяза, ён забыўся пра тое, што ў канцы 2006 года Еўразвяз выставіў беларускім уладам 12 умоваў для нармалізацыі адносінаў. Адна з галоўных умоваў – вызваленне вязняў сумлення. Пра тое, што ў Беларусі сёння ёсць палітвязні і іх колькасць павялічваецца, на сустрэчы з Хаўерам Саланам заявіў былы палітвязень Аляксандр Казулін.

На працягу ўсяго часу ЕЗ цвёрда заяўляў, што не мае намеру адыходзіць ад гэтага дакумента і без прыняцця 12 прапановаў нармалізацыя адносінаў афіцыйнага Менска з Еўропай немагчымая. Еўразвяз заклікаў, каб беларускія ўлады:

1. паважалі права грамадзянаў Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам – іх права чуць усе меркаванні і бачыць усіх кандыдатаў на выбарах; права апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў на перадвыбарчую агітацыю без уціску, пераследаў ці турэмных зняволенняў; правядзенне незалежнага назірання за ходам выбараў, уключаючы беларускія няўрадавыя арганізацыі; свабода грамадзянаў у выяўленні сваёй волі і права на сумленны падлік галасоў;

2. паважалі права грамадзянаў Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасці, дазволіўшы журналістам працаваць без уціску ці пераследаў, не зачыняючы газеты і не замінаючы іх распаўсюду;

3. паважалі правы грамадскіх арганізацыяў, як жыццёва важнай часткі здаровай дэмакратыі – не перашкаджаючы іх законнаму існаванню, не прыгнятаючы і не пераследуючы сябраў грамадскіх арганізацыяў, а таксама дазволіўшы ім атрымліваць міжнародную дапамогу;

4. вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных – сябраў дэмакратычных апазіцыйных партыяў і звычайных грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацыяў і сустрэчаў;

5. належным чынам правялі незалежнае расследаванне ці перагледзелі выпадкі са знікненнем грамадзянаў;

6. забяспечылі права народа Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сістэму, дзе суддзі б не траплялі пад палітычны ціск, не праводзіліся б самавольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя пераследы ці не прымаліся б палітычна матываваныя рашэнні, такія як арышт грамадзянаў, якія мірна выказваюць свае погляды;

7. спынілі самавольныя арышты, затрыманні і ганебнае абыходжанне з людзьмі;

8. захоўвалі правы грамадзянаў Беларусі, якія належаць да нацыянальных меншасцяў;

9. захоўвалі працоўныя правы грамадзянаў Беларусі, у прыватнасці іх права на сяброўства ў прафсаюзах, і права прафсаюзаў дзейнічаць у абарону правоў чалавека;

10. паважалі правы грамадзянаў Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўладаў;

11. далучыліся да іншых народаў Еўропы і забаранілі пакаранне смерцю;

12. выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЕ, ЕЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека.

ЕЗ заяўляў, што гатовы аднавіць свае адносіны з Беларуссю і яе народам, як толькі ўрад Беларусі выявіць сваю павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў грамадзянаў Беларусі.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках