29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дынько Праляскоўскаму: «Не смешыце людзей!»

35
Дынько Праляскоўскаму: «Не смешыце людзей!»

У рынкавых умовах дзяржаўныя газеты «камяня на камяні не пакінуць ад так званых незалежных газет», - заявіў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі.

Шэф-рэдактар ​​газеты «Наша Ніва» Андрэй Дынько пракаментаваў гэта наступным чынам: «Нічога дзяржаўнага ў сённяшніх «дзяржаўных СМІ» няма. Дзяржаўныя СМІ павінныя даваць слова ўсім палітычным спектрам, розным поглядам».

«Я не толькі не баюся, але і ўпэўнены, што ў рынкавых умовах большасць нашых газет («Советская Белоруссия», «7 дней» и другие) камяня на камяні не пакінуць ад так званых незалежных газет, - заявіў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі 23 жніўня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце агенцтва БелТА. - Рэйтынгі нашых выданняў значна вышэйшыя за так званыя апазіцыйныя газеты, а па ліку падпісантаў - гэта проста неба і зямля».

«Больш за тое, - дадаў міністр, - нашыя выданні ў няпросты эканамічны час у стане выйсці на самаакупнасць. Але мы трымаем невялікую падушку бяспекі».

На пытанне, чаму тады на дзяржпрадпрыемствах і ва ўстановах існуюць абавязковыя планы падпіскі на дзяржаўныя выданні, якія ніхто не жадае выпісваць добраахвотна, Праляскоўскі адказаў: «Гэта больш пытанне да кіраўнікоў прадпрыемстваў. Але я не бачу нічога дрэннага ў тым, што на прадпрыемстве, у цэху будуць знаходзіцца газеты і часопісы. Гэта, на маю думку, зусім нават нядрэнна. Лічу, што на прадпрыемствах газеты і часопісы павінны быць».

Кіраўнік Мінінфарму таксама сцвярджае, што ў краіне не існуе праблемы распаўсюджвання альтэрнатыўнай інфармацыі. «Гэта вялікія казкі нашай апазіцыі, што яе ў чымсьці заціскаюць, не пускаюць кудысьці. Яна часта сама нікуды не ідзе», - заявіў ён.

У той жа час кіраўнік Мінінфарму прызнаў, што некаторыя дзяржаўныя СМІ займаюць «не заўсёды аб'ектыўную пазіцыю, цалкам ігнаруюць недахопы», і міністэрства «крытыкуе іх за бяззубасць». «Ёсць і іншая крайнасць: выданні, дзе няма ні аднаго добрага слова пра краіну, грамадства, дзе радуюцца ўсім паразам», - дадаў Праляскоўскі.

Гэтыя выказванні міністра інфармацыі «Радыё Свабода» папрасіла пракаментаваць шэф-рэдактара газеты «Наша Ніва» Андрэя Дынько:

«Дзяржаўныя выданні і пры цяперашніх няроўных і спрыяльных для іх умовах не могуць цалкам задаволіць попыт на інфармацыю.

Нагадаю, што ў цывілізаваных краінах як раз ёсць дзяржаўныя СМІ, якія там называюць грамадскімі СМІ. У Беларусі дзяржаўных СМІ няма. Лукашысты любяць усё тое, што яны прысвоілі, называць дзяржаўным. На самой справе нічога дзяржаўнага ў гэтых СМІ няма. Дзяржаўныя СМІ павінныя даваць слова ўсім палітычным спектрам, розным поглядах. У нас жа ў дзяржаўных СМІ толькі адзін палітык, гэта СМІ, якія належаць адной палітычнай групе.

Сапраўды грамадскія СМІ павінныя быць максімальна незалежнымі, як «National Public Radio» ў ЗША, ВВС у Брытаніі. Як гэта робіцца ў Польшчы? У кіраўніцтва грамадскага тэлебачання абіраюцца кандыдаты ад розных палітычных сіл, ад грамадскасці, інтэлектуалаў, каб гэта было незалежнае люстэрка, у якое ўсе могуць глядзецца. Калі ўзяць скандынаўскія краіны, дык там нават ёсць закон, згодна з якім у кожнай мясцовасці павінныя быць мінімум дзве газеты рознага кірунку. Калі адна з іх слабая, то дзяржава дае ёй фінансавую дапамогу, каб была канкурэнцыя».

Што тычыцца словаў Праляскоўскага аб «казках нашай апазіцыі, што яе ў чымсьці заціскаюць, не пускаюць кудысьці», то Андрэй Дынько раіць Праляскоўскаму «не смяшыць людзей»:

«Тры гады «Народную волю» і «Нашу Ніву» забаранялі прадаваць у шапіках. Ці можна купіць у шапіку сёння цудоўную газету «Новы час»? Альбо выдатнае інтэлектуальнае выданне, часопіс «Архэ»? Не, не знойдзеш іх там. Уключыце тэлебачанне, на першым канале - Лукашэнка, на другім, трэцім і чацвёртым - той жа Лукашэнка. А можна там убачыць нават не апазіцыйнага палітыка, а, напрыклад, пісьменніка Уладзіміра Арлова? Нават на інтэрнэт-форумах дзяржаўных выданняў людзі ўжо адкрыта цешацца, кажуць аб тым, што ёсць дзве рэальнасці - у адной людзі жывуць, а другая - у дзяржаўных СМІ».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках