27 красавiка 2024, Субота, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайскоўцы паднялі баявы Мі-8 супраць мірных парапланерыстаў

75
Вайскоўцы паднялі баявы Мі-8 супраць мірных парапланерыстаў

Экіпаж баявога верталёта Мі-8 учора быў падняты па трывозе і тэрмінова вылецеў у раён аэрадрома Баравая.

Праўда, як высветлілася пры наступным разглядзе, зроблена гэта было абсалютна дарэмна.

Неафіцыйную інфармацыю са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве абароны апублікаваў сёння раніцай сайт «Военно-политического обозрения». У ёй гаворыцца, што «лятальны апарат, кваліфікаваны як паралайтэр (парашут на каркасе з прапелерам), незаконна з'явіўся над аэрадромам Баравая». У паведамленні са спасылкай на вайскоўцаў сцвярджаецца, што ў пілотаў паралайтэра не было адпаведнага дазволу на права палёту, абавязковага для ўсіх лятальных апаратаў згодна з пунктам 95.1 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2006 г. № 1471 «Аб зацвярджэнні правіл выкарыстання паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь». Менавіта таму было прынята рашэнне падняць у паветра дзяжурны экіпаж ваеннага верталёта Мі-8, які прымусова пасадзіў лятальны апарат. Шасцёра чалавек (усе яны грамадзяне Беларусі) былі перададзеныя для далейшага разгляду ў Бараўлянскі АУС Менскага раёна.

Праўда «зямная» міліцыя апынулася значна больш лаяльнай да пілотаў, чым беларуская СПА.

- «Разбор палётаў» у Бараўлянскім АУС заняў менш за гадзіну, - паведаміў карэспандэнту TUT.BY прэс-сакратар Менскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Аляксандр Данільчанка. - Пасля чаго ўсе затрыманыя былі адпушчаныя, а іх справа - спісана ў архіў. Затрыманыя вайскоўцамі авіятары апынуліся добрапрыстойнымі грамадзянамі - у іх на руках былі ўсе неабходныя дакументы і адпаведныя дазволы для выканання палёту. А сам лятальны апарат быў афіцыйна зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь. Мабыць, ваенныя па нейкай прычыне перастрахаваліся.

Атрымаць які-небудзь афіцыйны каментар у прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі не ўдалося: пачынаючы з сённяшняй раніцы і да моманту публікацыі дадзенага матэрыялу ні адзін з яе тэлефонаў не адказваў.

Нагадаем, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Па факце незаконнага перасячэння мяжы КДБ узбудзіў крымінальную справу па ч. 3 арт. 371 КК. Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні ўказанага злачынства былі затрыманыя грамадзяне Беларусі Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў, якім прад'яўленае абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) КК. Праз месяц зняволення яны былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе. Лукашэнка таксама звольніў старшыню Дзяржпамежкамітэта генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА генерал-маёра Зміцера Пахмелкіна.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках