28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск не збіраецца адмаўляцца ад экспарту нафты

7
Менск не збіраецца адмаўляцца ад экспарту нафты

Беларусь у IV квартале, ва ўмовах скарачэння паставак нафты з Расеі, не плануе спыняць экспарт нафты, здабытай у рэспубліцы.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у профільным ведамстве.

«Пакуль, у месяцы, якія засталіся да канца года, планаў адмовіцца ад экспарту нафты, якая здабываецца ў рэспубліцы, няма, нягледзячы на скарачэнне паставак нафты з Расеі», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён адзначыў, што цяпер беларускія НПЗ не адчуваюць жорсткага дэфіцыту рэсурсаў, нягледзячы на абмежаванне імпарту.

«Сёння і на перспектыву НПЗ загружаныя дастаткова. Так, яны знізяць аб'ёмы перапрацоўкі нафты ў параўнанні з тым, што было ў III квартале, але трэба разумець, што ў той перыяд магутнасці НПЗ былі загружаныя па максімальнай, звышпланавай схеме. Зараз загрузка знізіцца да планавых параметраў», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Крыніца падкрэсліла, што для Беларусі экспарт уласнай нафты з'яўляецца больш эфектыўным, чым яе перапрацоўка. «Калі ўлічыць, што кошт экспарту - больш за $780 за тону, а кошт імпарту бяспошліннай нафты з РФ - каля $400 на тону, то эфект наглядна бачны», - заўважыў суразмоўца агенцтва.

Ён таксама звярнуў увагу на пагаршэнне прафіцыту знешняга гандлю і падкрэсліў, што ў гэтых умовах адмаўляцца ад экспарту нафты, якая здабываецца ў Беларусі, немэтазгодна.

Як паведамлялася, у студзені-жніўні 2012 года Беларусь, па дадзеных Белстата, экспартавала 1,1 млн тон здабытай у рэспубліцы сырой нафты, што на 1,6% менш у параўнанні з такім жа перыядам 2011 года. Пры гэтым сярэднекантрактныя кошты экспарту знізіліся на 0,8%, да $784 за тону. Увесь аб'ём экспарту прыйшоўся на краіны далёкага замежжа.

У той жа час за гэты перыяд імпарт нафты склаў 14,8 млн тон, што на 12,3% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года. Сярэднекантрактныя кошты імпарту нафты за 8 месяцаў склалі $407 за тону, што на 14,3% менш у параўнанні са студзенем-жніўнем 2011 года. Пры гэтым сярэднекантрактныя кошты на расейскую нафту знізіліся на 11,5%, да $394 за тону.

Раней таксама паведамлялася, што РФ абмежавала для Беларусі аб'ём паставак нафты на IV квартал 2012 года - да 4 млн тон з 5,2-5,3 млн тон. Дадзенае рашэнне прынята расейскім бокам, з улікам рэзкага росту паставак у Беларусь нафтапрадуктаў з РФ і невыканання беларускім бокам балансавых абавязацельстваў па пастаўцы на тэрыторыю РФ у гэтым годзе 5,8 млн тон нафтапрадуктаў. Расейскі бок таксама лічыць, што Беларусь у гэтым годзе бяспошлінна рээкспартавала расейскія нафтапрадукты пад выглядам хімічных растваральнікаў, экспарт якіх не абкладаецца пошлінамі.

З жніўня гэтага года беларускі бок пад ціскам урада РФ спыніў вытворчасць і экспарт растваральнікаў, але ў РФ ацэньваюць недаатрыманыя расейскім бюджэтам пошліны ў суму каля $1 млрд.

Акрамя таго, у цяперашні час бакі вядуць перамовы аб умовах і аб'ёмах паставак нафты на 2013 год. Беларусь запытвае ў РФ 23 млн тон нафты, у той жа час, згодна з прапановамі АК «Транснафта», пастаўкі могуць быць абмежаваныя да 14-18 млн тон, з якіх да 6,8 млн тон прызначаныя для вытворчасці нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак. Нафтапрадукты, выпрацоўваемыя з пакінутых аб'ёмаў, павінны быць вернуты ў Расею.

У 2012 годзе ў Беларусі плануецца здабыць каля 1,6 млн тон нафты.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках