27 красавiка 2024, Субота, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Стрыжак: Выхад рабочых з дзяржпрафсаюзаў - гэта натуральны працэс

6
Андрэй Стрыжак: Выхад рабочых з дзяржпрафсаюзаў - гэта натуральны працэс

Дзяржаўныя прафсаюзы фактычна ператварыліся ў арганізацыі, якія толькі размяркоўваюць пуцёўкі, лічыць эксперт.

«Масавы выхад рабочых з дзяржаўнага прафсаюза на «Полацк-Шкловалакне» - гэта натуральны працэс. На шматлікіх дзяржпрадпрыемствах зараз ідзе пэўнае пагаршэнне становішча рабочых, дзяржаўныя прафсаюзы не спраўляюцца з гэтай праблемай, таму што спецыфіка іх працы вельмі моцна адрозніваецца ад спецыфікі працы гэтага прафсаюза», - распавёў сайту charter97.org каардынатар моладзевай сеткі Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Андрэй Стрыжак.

Па словах эксперта, праўладныя прафсаюзы не займаюцца паложанай ім дзейнасцю:

«Як правіла, прафсаюзы якія ўваходзяць у ФПБ не абараняюць работнікаў, якія трапляюць у сітуацыю канфлікту з працадаўцам. Яны практычна ператварыліся ў арганізацыі, якія размяркоўваюць матэрыяльныя даброты, пуцёўкі і «плодзяць» стаўкі для сваіх уласных работнікаў».

Незалежныя прафсаюзы павінны пастарацца, каб прыцягнуць у свае шэрагі незадаволеных праўладнымі прафсаюзамі рабочых, лічыць Андрэй Стрыжак:

«Калі прадпрыемства мае прадстаўніцтва незалежнага прафсаюза, як у дадзеным выпадку Свабоднага Прафсаюза Беларускага (СПБ), то людзі бачаць, што незалежныя прафсаюзы ў стане вырашаць многія праблемы работнікаў. І рабочыя выходзяць з афіцыйных прафсаюзаў. Аднак незалежным прафсаюзам трэба будзе яшчэ вельмі многа працаваць, для таго, каб матываваць гэтых людзей уступіць у свае шэрагі, бо такое членства нясе за сабой многія цяжкасці для рабочых».

Звычайна кіраўніцтва заводаў пагражае рабочым, якія хочуць уступіць у незалежны прафсаюз. Каардынатар моладзевай сеткі прафсаюза РЭП лічыць, што нават калі ў работнікаў няма магчымасці далучыцца да незалежных прафсаюзаў, яны павінны трымаць з імі сувязь.

«Дастаткова складана нешта супрацьпаставіць наймальніку, у якога ў руках абсалютна ўсе карты, які можа проста не працягнуць кантракт па заканчэнні яго дзеяння. Аднак я раю ўсё ж такі трымаць кантакты з незалежнымі прафсаюзамі, нават калі няма магчымасці ў іх уступіць. Трэба прыслухоўвацца да таго, што яны кажуць, і быць у пастаянным кантакце. Шмат у чым незалежныя прафсаюзы дапамагаюць і тым людзям, якія не могуць знаходзіцца ў іх шэрагах. У прыватнасці, юрыдычнымі кансультацыямі і салідарнай падтрымкай».

На «Полацк-Шкловалакне» рабочых запалохваюць тым, што калі яны выйдуць з дзяржаўнага прафсаюза, то яны не будуць атрымліваць матэрыяльную дапамогу да адпачынку, паложаную па калектыўнай дамове. Андрэй Стрыжак упэўнены, што падобныя пагрозы часта не маюць пад сабой падстаў:

«У нашым прафсаюзе РЭП была падобная справа, якую мы аспрэчвалі ў судзе. Адзін з нашых членаў выйшаў з складу дзяржаўнага прафсаюза і яго дзіцёнку адмовіліся даваць падарунак. У ходзе разбору высветлілася, што матэрыяльная дапамога для матэрыяльнай падтрымкі ў дадзеным выпадку вылiчваецца з сумы прыбытку прадпрыемства, а не ад прафсаюзаў. Прафсаюз з'яўляўся інстанцыяй, якая толькі ўдзельнічала ў размеркаванні прыбытку прадпрыемства. І ў выніку атрымалася даказаць, што яго дзіця павінна атрымліваць падарунак, таму што калектыўная дамова распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў, а не толькі членаў таго ці іншага прафсаюза.

Нагадаем, сёння каля ста рабочых «Полацк-Шкловалакна» адмовіліся плаціць унёскі афіцыйнаму прафсаюзу. Прычыны незадаволенасці рабочых - малыя заробкі, дрэнныя ўмовы працы і іншыя праблемы, якія афіцыйны Белхімпрафсаюз не вырашае.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках