5 траўня 2024, Нядзеля, 4:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія авіяперавозчыкі хочуць захапіць беларускі транзіт?

20
Расейскія авіяперавозчыкі хочуць захапіць беларускі транзіт?

Завяршыліся перамовы па пасажырскіх авіяперавозках паміж Беларуссю і Расеяй.

Тром расейскім авіякампаніям атрымалася адстаяць права рабіць 5 рэйсаў штодня ў Менск, на такую жа частату з канца красавіка выйдзе і «Белавія». Аднак эксперты перакананыя: такая шчыльнасць палётаў дзвюм сталіцам не патрэбная, а расейскі бок мае на больш маштабныя мэты - зрабіць з Беларусі «перавалачную базу» на заходнім напрамку. Акрамя таго, «Белавія» здала пазіцыі перад пагрозай згубіць магчымасць палётаў у расейскія рэгіёны, чым Расея прыгразіла беларускаму боку, перадае «Радыё Свабода».

З трэцяй спробы беларускія перамоўнікі пагадзіліся з тым, што яшчэ ад сакавіка патрабавала Расея: па пяць рэйсаў на дзень на маршруце Масква-Менск для кожнай з краін. Такім чынам, ад Расеі на азначанай паветранай лініі будуць працаваць «Аэрафлот», «ЮТэйр» і «Сібір», ад Беларусі — манапаліст «Белавія». Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду, кіраўнік беларускай дэлегацыі Анатоль Калінін, расказваючы журналістам пра плённасць перамоваў, ужо не згадваў, што яшчэ тыдзень таму Беларусь абяцала падаць судовы пазоў на «Расавіяцыю» і зменшыць колькасць палётаў расейскіх кампаній да двух на дзень:

«У летні пэрыяд будзем лятаць з частатой пяць на пяць. У верасні падчас дадатковых кансультацый вызначым такі ж падыход, які акрэслівае ўзаемную выгаду і прыярытэт у зімовыя пералёты… Беларускі бок набыў у гэтым годзе два пасажырскія самалёты, і плянуем у наступным годзе набыць як мінімум тры самалёты. А да хакейнага чэмпіянату свету ў нашай краіне мяркуем правесці значнае абнаўленне пасажырскага парку».

У сваю чаргу, намеснік міністра транспарту Расеі Валер Акулаў выказаў задаволенасць, што не толькі будзе пашырацца частата палётаў паміж Менскам і рэгіёнамі Расеі, але магчымы і прыход на ўнутраныя лініі Беларусі расейскіх перавозчыкаў:

«Ад 27 красавіка калегі з «Белавія» ўводзяць дадатковую пятую частату ў паветраных зносінах паміж Менскам і Масквой. Палёты з Менску ў рэгіёны Расеі таксама будуць развівацца і павялічвацца. І ў пратаколе мы сапраўды ўзялі ў якасці хатняга задання неабходнасць прапрацаваць пытанне лібералізацыі паветраных зносін з мэтай ажыццяўлення палётаў, у тым ліку і на ўнутраных лініях, як унутры Расеі, так і ўнутры Беларусі».

Эканаміст Сяргей Балыкін настойлівасць расейскіх авіяперавозчыкаў у імкненні зрабіць прысутнасць на беларускім рынку максімальнай тлумачыць іхнымі стратэгічнымі планамі:

Бел

«Беларусь — вельмі прывабнае месца, каб зрабіць тут транзітную зону кшталту Шэнану ў Ірландыі. Той, хто гэта зразумее, атрымае добрыя дывідэнды. На жаль, у саміх беларусаў, у беларускіх уладаў не хапае прадпрымальнасці, каб стварыць тут такую вось зону і атрымліваць дадатковыя сродкі за кошт свайго геаграфічнага становішча. А калі нешта самім непатрэбна, то знойдуцца тыя, каму гэта будзе цікава. Гэта ж, як кажуць, бізнес, нічога асабістага».

Тым часам кіраўніцтва авіякампаніі «Белавія» выказвае сумнеў, што ўвядзенне дадатковага пятага рэйсу на маршруце Менск — Масква будзе эканамічна абгрунтаваным і выгадным для беларускага авіяперавозчыка. Бальшыня самалётаў і пры цяперашніх чатырох рэйсах лятаюць з 50-адсоткавай запаўняльнасцю, і дзеля чаго пускаць яшчэ адзін напаўпусты борт — у «Белавія» пакуль ня ведаюць.

Сяргей Балыкін кажа, што пакуль авіяцыйныя ўлады ўшчыльную ня зоймуцца фарміраваннем коштавай палітыкі, палёты для пасажыраў па-ранейшаму будуць раскошай:

«Насамрэч 10 рэйсаў на дзень — вельмі шмат. У такім разе выйграюць авіякампаніі, якія працуюць па ніжэйшых коштах і атрымліваюць прыбытак ад абароту, а не з высокіх коштаў. Так што цалкам магчыма і тут мець прыбытак. Праўда, той жа кампаніі «Белавія» давядзецца падумаць пра коштаўтварэнне, пра тое, што трэба даць магчымасьць людзям выбіраць — у тым ліку і паміж меншым камфортам пры меншых коштах. Тады пасажыры змогуць карыстацца самалётамі як аўтобусамі. Што, прыкладам, адбываецца ў ЗША. Там за сімвалічныя грошы бюджэтным рэйсам можна трапіць у любую кропку краіны».

26 сакавіка «Белавія» спыніла палёты ў Маскву пасьля таго, як «Расавіяцыя» адклікала дазвол на выкананне ёю рэйсаў па маршруце Менск — Масква. У адказ беларускі бок адклікаў дазволы на палёты ўсіх расейскіх кампаній. Пасля тэрміновых кансультацый было выпрацавана часовае пагадненне аб аднаўленні палётаў да 10 мая. Аднак 5 красавіка Дэпартамэнт авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі папярэдзіў расейцаў, што ад 13 красавіка яны змогуць выконваць толькі чатыры рэйсы на дзень. Расейскае транспартнае ведамства заявіла, што з таго ж дня для «Белавія» будуць забароненыя палёты ўва ўсе рэгіёны Расеі, акрамя Масквы. «Белавія» заявіла пра намер абскардзіць такое рашэнне ў судзе. 9 красавіка авіяцыйныя зносіны аднавіліся на ўмовах Расеі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках