27 красавiка 2024, Субота, 14:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер Нідэрландаў заявіў пра перамогу на выбарах

2
Прэм'ер Нідэрландаў заявіў пра перамогу на выбарах

Марк Рутэ заявіў пра перамогу ўзначаленай ім Народнай партыі за волю і дэмакратыю на ўсеагульных выбарах.

Пасля падліку 90% галасоў партыя Марка Рутэ атрымлівае ў ніжняй палаце парламента 41 месца са 150, а яе суперніку - левацэнтрысцкай Партыі працы пад кіраўніцтвам Дыдэрыка Самсома - дастаецца 39 месцаў, перадае ВВС.

Рутэ заявіў, што ў чацвер распачне першыя крокі па фарміраванні кааліцыйнага ўрада. Аднак прэм'ер не сказаў, з кім ён мае намер з гэтай нагоды весці перамовы.

У той жа час Партыя свабоды нацыяналіста Герта Вілдэрса панесла сур'ёзныя страты.

Хто сфармуе кааліцыю?

Цяперашнія датэрміновыя выбары стануць свайго роду лакмусавай паперкай і пакажуць, ці падтрымліваюць галандцы жорсткія меры эканоміі і нядаўнюю чараду крэдытаў дапамогі краінам еўразоны, якія не здолелі самастойна справіцца з фінансавым крызісам.

Погляды лідэраў вядучых партый - Рутэ і Самсома - на спосабы пераадолення эканамічнага крызісу разыходзяцца, і яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі абодва заявілі, што не будуць фармаваць кааліцыю. Аднак эксперты лічаць, што стварэнне кааліцыі ўсё ж магчыма.

Самсом адхіляе ідэю аб тым, што Нідэрландам патрабуюцца навучанні Францыі ці Германіі пры правядзенні антыкрызісных мерапрыемстваў.

Прапановы Рутэ пераклікаюцца з планамі Германіі па ўвядзенні палітыкі строгай эканоміі для скарачэння выдаткаў і дэфіцыту бюджэту.

Правал нацыяналістаў

Згодна з эксіт-поламі, Партыя свабоды нацыяналіста Герта Вілдэрса, чые ідэі, здавалася, набіралі папулярнасць у краіне, страціла амаль палову сваіх месцаў у парламенце - ад 24 у новым парламенце ў яе можа застацца не больш за 13. Чакаецца, што на чацвёртым месцы па колькасці месцаў у парламенце апынуцца сацыялісты - ім прадказваюць 15 крэслаў.

Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт напісаў у сваім мікраблогу ў твітары: «Здаецца, антыеўрапейскі папулісты апынуліся ў Галандыі ў вялікім пройгрышы. Бясспрэчна добрая навіна».

Папярэдні падлік галасоў завершыцца да чацвярга, а ў панядзелак афіцыйна абвесцяць канчатковыя вынікі парламенцкіх выбараў.

Для атрымання большасці ў парламенце будучай урадавай кааліцыі неабходна мець не менш як 76 мандатаў. Таму, як чакаецца, фарміраванне кабінета выльецца ў цяжкі пошук камбінацыі з трох ці нават чатырох удзельнікаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках