29 красавiка 2024, панядзелак, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Круцікаў: Гаварыць пра «выбары» лічыцца дурным тонам

39
Уладзімір Круцікаў: Гаварыць пра «выбары» лічыцца дурным тонам

Людзі нібы дамовіліся ігнараваць гэтыя «выбары».

Сёння госць сайта charter97.org актывіст з Ліды, адзін з арганізатараў кампаніі Народных Сходаў Уладзімір Круцікаў.

- Якая палітычная сітуацыя на сённяшні дзень у Лідзе?

- «Выбараў» амаль не адчуваецца, тым больш што горад падзялілі на тры акругі, чаго раней ніколі не было: частку да Вілейскага раёна прыпісалі, частку да Дзятлаўскага, а астатнюю з Бярозаўкай разам аб'ядналі. Вось у мяне на заводзе вісіць плакат, што выбары 23-га, і ўсё на гэтым. Болей нідзе нічога не бачыў.

- Дык няўжо агітацыйнай кампаніі нідзе не чуваць?

- Я яшчэ не бачыў ніводнага плаката, нават за праўладных кандыдатаў няма нідзе.

- А людзі абмяркоўваюць паміж сабой гэтыя «выбары»?

- Пра «выбары» ніхто нічога не гаворыць. Людзі нібы дамовіліся ўсё гэта ігнараваць. Калі я прыйду на завод і пачну гаварыць пра нейкія «выбары», то гэта лічыцца дурным тонам. Народ сцішыўся і думае, што рабіць, разумеючы, што лепей ужо не буде.

- Дык, можа, яны не ведаюць, што ў нас «выбары»?

- Яны ведаюць, але ніхто ісці не збіраецца. Тут шэраг прычын: і заробкі малыя, і ўзровень жыцця нізкі.

- А якія ў Лідзе заробкі?

- Ой, у нас даляраў 250 - гэта добры заробак. Вось на нашым прадпрыемстве «Лідскі аўтобус «Неман» моладзь пасля вучылішча прыйшла: электрамантажнікі, сантэхнікі 4-й катэгорыі, слесары - то ім толькі да мільёна даплачваюць. Гэта я ведаю дакладна, бо сам налічваю людзям грошы. А што хацець, калі наш завод вырабляе толькі 8 аўтобусаў у месяц. Не лепшая сітуацыя і ў «Аграпраммашы», бо там мой сусед працуе, то казаў, што толькі мільён налічылі.

- А як людзі выжываюць за такія грошы?

- Маладыя ў бацькоў на шыі сядзяць, а сталым то 2-2.5 мільёны плацяць. Вёска ратуе, з агародаў кормяцца. Хто з'язджае на заробкі, каб выжыць. Так вось людзі і выкручваюцца.

- Ці ладзіцца ў вас кампанія байкоту?

- Нічога такога адчувальнага няма, тут я вам скажу і без кампаніі ўсё ідзе да гэтага. У грамадстве да «выбараў» няма ніякай цікавасці, людзі разумеюць, што лепей жыць не стане, заробкі і ўзровень жыцця не падымуцца. Таму людзі інэртныя, але не пайсці яны могуць, хутчэй за ўсё так і будзе. Гэта такі ўнутраны пратэст.

- Зазвычай у маленькіх гарадах «выбары» безальтэрнатыўныя. А як у вас?

- Вось дзве з акруг безальтэрнатыўныя, праўда, на адной акрузе ёсць дублёр. Ніхто з актывістаў не захацеў балатавацца, бо ведаюць, што ўсё бессэнсоўна, дык навошта падстаўляць сябе ды астатніх.

- На прадпрыемствах прымушалі паставіць подпісы за кандыдатаў?

- Ніхто не прымушаў. Настаўніцы хадзілі па хатах, спрабавалі тут збіраць, амаль нічога яны не сабралі. А так агітацыйных пікетаў нават за праўладных кандыдатаў няма.

- Дык што гэта - байкот «выбараў» уладамі?

- Не, яны проста робяць усё паводле інэрцыі, яны ведаюць, што ім трэба зрабіць, ды ўсе. Асабліва раскручвацца ім не надта ёмка, таму цішком спрабуюць гэта зрабіць.

- «Беларускія выбары»- што гэта?

- Ды няма ў нас «выбараў», прыйшлі мы да фіналу, амаль ніхто не хоча на іх хадзіць.

- На вашую думку, ці будуць заганяць людзей?

- На заводах гэта цяжка зрабіць, тут проста могуць паслаць... У нас, напрыклад, ніхто не заганяе. Проста баяцца чапаць людзей. Яны самі разумеюць, што напружанае эканамічнае становішча. Тут і так людзі перыядычна падымаюцца і патрабуюць павышэння заробкаў, то апошнім разам на 5% паднялі заробак. Адміністрацыя баіцца ціснуць, бо можа зноў стыхійна люд падняцца.

- А вы самі на выбары пойдзеце?

- Я на «выбары» не пайду, лічу, што байкот - самы дзейсны сродак. Ды і людзі так настроены, гэтым яны выкажуць свой недавер да ўлады. Гэта першасны такі працэс у грамадстве, які сам па сабе наспеў.

- Чаго чакаць пасля «выбараў»?

- Я мяркую, што нічога не зменіцца, пакуль не дойдзе да масавых выступаў. А калі яшчэ раз дэвальвуюць рубель, то народ не вытрымае проста. Усе мы жывем у чаканні новай дэвальвацыі.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках