27 красавiка 2024, Субота, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За рассакрэчванне падарункаў дыктатара паляцяць галовы

94
За рассакрэчванне падарункаў дыктатара паляцяць галовы

У Менаблвыканкаме шукаюць таго, хто даў СМІ дакумент, які пацвярджае перадачу земляў пад Менскам Катару.

Афіцыйна, праверка праходзіць па факце парушэння парадку абыходжання з дакументамі абмежаванага распаўсюджвання, якія маюць грыф «Для службовага карыстання».

Такія звесткі інтэрнэт-газета Naviny.by атрымала з неафіцыйнай крыніцы. Афіцыйным шляхам гэтую інфармацыю пацвердзіць не атрымалася. У прыёмнай першага намесніка старшыні Менаблвыканкама Аляксандра Замжыцкага карэспандэнту паведамілі, што «ім нічога не вядома пра такую праверку».

Нагадаем, 17 верасня інтэрнэт-рэсурс «Белорусский партизан» апублікаваў фотакопію распараджэння за подпісам Замжыцкага пад грыфам «для службовага карыстання». З дакумента вынікае, што ён прыняты ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 9 ліпеня 2012 года «Аб прадастаўленні Дзяржаве Катар зямельных участкаў для будаўніцтва рэзідэнцыі і паляўнічых вальераў», які таксама абаронены ад старонніх вачэй нумарам з пазнакай аб абмежаваным распаўсюджванні - № 302-дсп.

У прэс-службе Лукашэнкі не змаглі пракаментаваць сапраўднасць указа аб прадастаўленні Катару зямельных участкаў.

Варта заўважыць, што доступ да такіх дакументаў строга абмежаваны канкрэтным кругам чыноўнікаў.

Дакументы пад грыфам «ДСП», вядома, не маюць нічога агульнага з сакрэтнымі паперамі, якія маюць прамое стаўленне да дзяржаўных або службовых таямніц, за разгалашэнне якіх пагражае рэальны тэрмін. Грыф прыватнасці «для службовага карыстання» ставіцца на несакрэтныя дакументы органаў дзяржаўнай улады, абмежаванне на распаўсюджванне якіх дыктуецца так званай службовай неабходнасцю. Аднак для працы з імі існуюць цалкам пэўныя правілы.

Напрыклад, яны ўвогуле не павінны знаходзіцца ў адкрытых кампутарных сетках - гэта забаронена рэгламентам іх апрацоўкі. Ды і не кожнаму клерку ў органах выканаўчай улады дазволена да іх дакранацца - для гэтага трэба мець спецыяльную форму доступу. У інтэрнэт жа такія дакументы могуць патрапіць, як мінімум, па халатнасці супрацоўнікаў, якія працуюць з імі. Што, відавочна, і здарылася ў Менаблвыканкаме.

Няма сумненняў, што вінаватага або вінаватых абавязкова будуць шукаць. Не выключана, што ў сувязі з важнасцю тэмы дакумента, які спасылаецца на ўказ прэзідэнта, да пошукаў аўтара ўцечкі далучыцца Упраўленне абароны дзяржаўных сакрэтаў КДБ. Хутчэй за ўсё, крыніцу ўцечкі вылічаць. Хоць на фотакопіі распараджэння - унізе злева - наўмысна схаваныя дадзеныя (прозвішча выканаўцы, нумар яго тэлефона, ініцыялы машыністкі, колькасць надрукаваных экземпляраў і дата друкавання дакумента), але некаторыя сляды засталіся.

Па захаваных дадзеных можна зрабіць выснову, што ўсяго было сем копій дакумента, а фотакопія была зробленая з шостага экземпляра. Па кнізе рэгістрацыі лёгка вызначаецца, за кім лічыцца гэтая копія. Плюс да ўсяго, на дакуменце засталіся рукапісныя пазнакі. Магчыма, на іншых экземплярах іх няма. Так што не складзе вялікай цяжкасці высветліць, ад чыйго працоўнага стала правяраючым трэба скакаць. Усё астатняе - справа тэхнікі, магчыма, нават паліграфа.

У выпадку, калі крыніца ўцечкі дакумента з грыфам «ДСП» будзе знойдзена, то пасадзіць яе, вядома, не пасадзяць. Згодна з палажэннем «Аб парадку звароту са службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання»:

«За разгалашэнне службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, а таксама парушэнне парадку абыходжання з дакументамі, выданнямі, якія змяшчаюць такую інфармацыю, работнік арганізацыі можа быць прыцягнуты да дысцыплінарнай ці іншай прадугледжанай заканадаўствам адказнасці».

Улічваючы пікантнасць моманту, бо фотакопія дакумента з'явілася на апазіцыйным сайце, можна выказаць здагадку, што вінаватаму ва ўцечцы пагражае звальненне з дзяржорганаў, як у народзе кажуць, з «воўчым білетам». А могуць зрабіць і яшчэ больш балюча...

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках