26 красавiка 2024, Пятніца, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Французскія СМІ: Дэпардзье стаў прэс-сакратаром Крамля

31
Французскія СМІ: Дэпардзье стаў прэс-сакратаром Крамля

Заходняя прэса каментуе інтэрв'ю акцёра Жэрара Дэпардзье расейскаму тэлебачанню, а таксама факт яго творчага супрацоўніцтва з дачкой прэзідэнта Узбекістана.

«Паток спрэчных публічных выступаў Жэрара Дэпардзье працягваецца: ён выказаўся пра групу Pussy Riot і паўдзельнічаў у музычным відэакліпе разам з узбекскай зладзюжкай» - такі загаловак у Vanity Fair. Гэты «nouveau Russe» зноў прыцягнуў да сябе ўвагу: у тэлеінтэрв'ю ён расхваліў Пуціна і раскрытыкаваў Pussy Riot. «А таксама паспрабаваў паланіць сэрца мас, назваўшы іх «дурнымі», - дадае аўтар. Цытуюцца выказванні акцёра пра расейскую апазіцыю і развагі пра Pussy Riot і мячэці.

«Таксама нам стала вядома, што Дэпардзье нядаўна праспяваў дуэтам з Гюльнарай Карымавай і зняўся ў яе відэакліпе», - піша аўтар. The New York Times назвала Карымаву «чалавекам, якога ва Узбекістане ненавідзяць больш за ўсіх», нагадвае выданне. Карымава - «дачка аўтарытарнага лідэра, якая імкнецца прыцягнуць да сябе ўвагу», піша аўтар.

Дэпардзье уставіў фразы, якія гучаць глыбакадумна, «у поп-песню, якая ў астатнім нічым не характэрная», - піша аўтар пра кліп Карымавай «Неба маўчыць». «Звярніце ўвагу, як шчыра Дэпардзье інтэрпрэтуе і суправаджае жэстамі вершы з кнігі, дзе поўнастаронкавымі ілюстрацыямі служаць фота Карымавай ў сэксуальных уборах», - заўважае аўтар.

«Жэрар Дэпардзье хваліць Уладзіміра Пуціна і абвальвае нападкі на расейскую апазіцыю» - такі загаловак у The Guardian. Акцёр выступіў з гэтымі заявамі праз тыдзень пасля таго, як атрымаў ад прэзідэнта РФ расейскае грамадзянства, нагадвае журналістка Мірыям Элдэр.

Словы Дэпардзье, што ў расейскай апазіцыі няма праграмы, - «рэха выказванняў крамлёўскіх чыноўнікаў», мяркуе выданне.

У Францыі Дэпардзье крытыкуюць за непатрыятычнасць, а ў іншых краінах - за зносіны з «некаторымі з самых адыёзных сусветных лідэраў, асабліва ў былым СССР», як фармулюе газета.

Цікава, што вышэйзгаданае інтэрв'ю расейскаму тэлебачанню Дэпардзье даў у Баку - «у краіне, якой кіруе аўтарытарны прэзідэнт», тлумачыць аўтар. «У мінулую суботу паліцыя арыштавала сотні азербайджанцаў, якія выйшлі на адну з рэдкіх акцый пратэсту - выступілі супраць нежадання ўрада змагацца з дзедаўшчынай у войску», - гаворыцца ў артыкуле.

«Масы дурныя»: пасля нападак на Pussy Riot Жэрара Дэпардзье назвалі «прэс-сакратаром Крамля» - паведамляе ў загалоўку Daily Mail. Дэпардзье зноў абурыў Францыю, апраўдаўшы ганенні, якім Пуцін падвяргае сваіх апанентаў, і заявіўшы: «Масы дурныя», піша журналіст Іэн Спаркс.

Акцёр таксама правёў экстраардынарнае параўнанне: сказаў, што ўдзельніцы Pussy Riot былі б пакараныя, калі б правялі сваю акцыю не ў царкве, а ў мячэці, адзначае выданне.

Французская газета Metro ужо назвала Дэпардзье «прэс-сакратаром Крамля».

«Калі Жэрар Дэпардзье хоча быць міністрам культуры ў рэспубліцы, дзе да гэтага часу ёсць працоўныя лагеры-турмы, а таксама адлюстроўваць «чалавека-сэндвіч» з Уладзімірам Пуціным, гэта яго справа», - сказала дэпутат французскага парламента Карын Лепаж.

Зрэшты, у Францыі падвергнуліся нападкам і іншыя багацеі, якія хочуць эміграваць з-за павышэння падаткаў, нагадвае выданне. Па словах рыэлтараў, заможныя людзі «амаль што ў паніцы» імкнуцца прадаць сваю нерухомасць эліт-класа ў Францыі. Паралельна ўзрасла цікавасць французаў да раскошнага жылля ў Лондане.

Дарэчы, у чэрвені прэм'ер Кэмеран заявіў, што Брытанія гасцінна прыме французскіх падатковых эмігрантаў.

Пераклад: Inopressa.ru

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках