29 красавiка 2024, панядзелак, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч: Мару напісаць кнігу пра каханне

43
Святлана Алексіевіч: Мару напісаць кнігу пра каханне

Лаўрэат Прэміі міру Звязу нямецкага кнігагандлю, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч на цяперашнім Франкфурцкім кніжным кірмашы была нарасхват.

Тэлевізійныя інтэрв'ю, «круглыя сталы», сустрэчы з чытачамі і выдаўцамі... На сустрэчы з прэсай 11 кастрычніка пытанняў было столькі, што адказаць на ўсе Алексіевіч проста не паспела: яе ўжо чакала чарговая здымачная група. І ўсё ж галоўнае, думаецца, яна паспела сказаць, паведамляе Deutsche Welle.

Цывілізацыя слёз

Пачалі журналісты не з літаратуры, а з палітыкі. Тое, наколькі далёкімі ад рэальнасці могуць быць уяўленні аб Расеі і Беларусі, якія склаліся ў Заходняй Еўропе і Амерыцы, выдатна ілюстравала пытанне бразільскай журналісткі: маўляў, чаму ж народы гэтых краін працягваюць галасаваць на выбарах за Пуціна і Лукашэнку, калі яны такія дрэнныя? Святлана Алексіевіч не стала казаць аб фальсіфікацыі выбараў і таму падобным. Яна сказала пра тое, што, на яе погляд, з'яўляецца галоўным: Пуцін і Лукашэнка цалкам адпавядаюць стану большай часткі грамадства.

У Беларусі супраць Лукашэнкі выступае, у асноўным, моладзь. Астатнія баяцца, каб не стала горш, баяцца, што можа прыйсці расейскі капіталізм - дзікі і бязлітасны, не бачаць альтэрнатывы. А да «імперскага сацыялізму» Лукашэнкі неяк прызвычаіліся. Калі б народ быў сапраўды супраць, мяркуе Алексіевіч, не так цяжка было б змагацца з гэтым. «Хуткай перамогі не будзе, - падкрэсліла яна. - Шлях вылячэння - вельмі доўгі. Трэба дачакацца новых пакаленняў, якія не захочуць жыць так, як жылі іх бацькі».

Бо самае страшнае, што засталося пасля імперыі, гэта, як перакананая Святлана Алексіевіч, «чырвоны чалавек». Яна ўспомніла, як напачатку 90-х гуляла з сяброўкай у Берліне. Яны заблудзіліся, спыталі дарогу ў мінакоў. Калі тыя даведаліся, што іх суразмоўніцы - расейскамоўныя, то кінуліся іх цалаваць. Такі быў пад'ём, такое стаўленне. Здавалася, вось-вось - і мы будзем жыць у новым свеце. Але гэтага, на жаль, не адбылося. Усё аказалася значна складаней. «Мы - цывілізацыя слёз, пакут, - кажа Алексіевіч. - І дзіўна, што гэтыя пакуты не канвертуюцца ў свабоду. Ізноў усхваляюць Сталіна, зноў тужаць па імперыі».

«Улада робіць выгляд, што мяне няма»

Як ёй працуецца, як ёй жывецца ў Менску? - пыталіся журналісты. Чаму яна наогул туды вярнулася? «Я вярнулася дадому, таму што павінна чуць нашых людзей, - адказала пісьменніца. - Я - чалавек вуха. Мае кнігі жывуць пачутым, расповедамі, жывуць непасрэднымі стасункамі з нашымі людзьмі». Жывецца ёй, праўда, у Беларусі нялёгка. «Улада робіць выгляд, што мяне няма, што я не вярнулася», - распавядае Алексіевіч. Яе не друкуюць, не даюць выступаць на тэлебачанні, на радыё. Калі нейкая школа адважыцца яе запрасіць, то праз дзень тэлефануюць, што там прарвала трубу, зала ў аварыйным стане і гэдак далей.

На шчасце, яе кнігі выходзяць у Расеі, і знаходзяцца «смелыя хлопцы», як выказалася Алексіевіч, якія прывозяць іх у Беларусь. Цяпер нават хочуць выдаць яе апошнюю кнігу «Час сэканд хэнд» на беларускай мове. Але, праўда, ужо чацвёртая друкарня адмаўляецца яе друкаваць. «Але ўсё роўна, - сказала Святлана Алексіевіч, - з'язджаць з Менска я не збіраюся». У рэшце рэшт, мы прывыклі жыць у канфлікце з уладай яшчэ з часоў Пушкіна.

Раз ужо гаворка зайшла пра беларускую мову, то Алексіевіч адразу спыталі, чаму яна - беларуская пісьменніца - піша на расейскай. «Бо ў сваіх кнігах я апісваю савецкую гісторыю, савецкую ідэю. Такая ідэя прамаўляла на расейскай мове, і гаварыць пра яе можна толькі на расейскай». Акрамя таго, збіраючы матэрыял для сваіх кніг, у тым ліку і для апошняй, яна ездзіла ва ўсёй постсавецкай прасторы, дзе агульная мова для ўсіх - расейская мова.

Што тычыцца мовы беларускай, то Святлана Алексіевіч заўважыла, што яна доўгі час была без руху: пры паляках забароненая, потым Сталін знішчыў практычна ўсю беларускую інтэлігенцыю... Амаль уся краіна гаворыць сёння на расейскай. «Так здарылася ў гісторыі, і гэтага не трэба баяцца, - падкрэслівае Алексіевіч. - І не адзін з адным трэба ваяваць, а змагацца з тым, што мы зноў выпалі з часу, з гісторыі».

Будучая кніга

Ажыўленне ў зале выклікала пытанне аб тым, на што яна выдаткуе атрыманую Прэмію міру, якая складае ў грашовым вымярэнні 25 тысяч еўра. «На што я заўсёды марную, - адказала Святлана Алексіевіч. - Я купляю кнігі, перш за ўсё, сваю «Чарнобыльскую малітву», і раздаю іх людзям. «Чарнобыльскую малітву» - там, дзе Лукашэнка збіраецца будаваць атамную электрастанцыю, каб людзі ведалі, да чаго гэта можа прывесці». Акрамя таго, дадала пісьменніца, я павінна на нешта жыць, каб пісаць. Над кожнай кнігай я працую 10-15 гадоў. Увогуле, даводзіцца купляць сабе свабоду пісаць кнігі.

Адна з удзельніц сустрэчы з прэсай на Франкфурцкім кніжным кірмашы нагадала Святлане Алексіевіч яе ўласныя словы, сказаныя 12 гадоў таму, пра тое, што тая хацела б сустрэць чалавека, узрушанага не бядой, а шчасцем. Ці сустрэла яна ўжо такога чалавека?

«Зразумела, жыццё ўсё роўна ідзе, нягледзячы на Пуціна з Лукашэнкам, - адказала Алексіевіч. - Людзі кахаюць адзін аднаго, жэняцца, нараджаюцца дзеці... Цяпер, калі цыкл «Галасы Утопіі» скончаны, я мару напісаць кнігу пра каханне. Гэта будуць 100 жаночых і 100 мужчынскіх апавяданняў пра каханне».

Фота: dw.de

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках