29 красавiка 2024, панядзелак, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

125 гадоў таму нарадзіўся «вечны вандроўнік» Язэп Драздовіч

12

«Пагоня», Усяслаў Чарадзей і беларускія лясы ў яго працах суседнічалі з марсіянскія краявідамі і фантастычнымі гарадамі на Месяцы.

Знакаміты беларускі жывапісец, графік, скульптар, пісьменнік, фалькларыст, этнограф і археолаг нарадзіўся 13 кастрычніцка 1888 на хутары Пунькі Глыбоцкага раёна ў беднай шляхецкай сям'і.

Язэп Драздовіч вучыўся ў Віленскай мастацкай школе ў прафесара жывапісу Івана Трутнева. Пасля яе заканчэння служыў у войску, працаваў настаўнікам малявання ў жаночай гімназіі ў Менску. Адначасова, як ілюстратар, ён актыўна супрацоўнічаў з часопісамі і газетамі. Работы Язэпа Драздовіча з'явіліся ў выданнях «Беларускі каляндар на 1910», «Курганная кветка» Канстанцыі Буйло, «Школьны спеўнiк» Антона Грыневіча, а таксама ў яго ўласных кнігах.

Напрыканцы другога дзесяцігоддзя мінулага стагоддзя ён пачаў стварэнне графічнай серыі помнікаў замкавай архітэктуры, увасобіў вобраз беларускай прыроды ў графічных лістах «Дзісненшчына». Сярод жывапісных твораў вылучаюцца карціны з жыцця сярэднявечнай Беларусі - Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага.

Язэп Драздовіч стаў аўтарам скульптуры Францыска Скарыны, кампазіцыі «Плач Гарыславы», партрэтаў - барэльефаў маці і брата.

Падчас сваіх падарожжаў ужо ў савецкай Беларусі ён абышоў сотні вёсак, дзе размаўляў з мясцовымі жыхарамі, пісаў дываны, запісваў народныя песні, збіраў і апрацоўваў для слоўнікаў лексіку народнай мовы.

У 1931 годзе Язэп Драздовіч выдае папулярную кнігу астраноміі на беларускай мове «Нябесныя бегі» і піша графічную серыю карцін на касмічную тэму. Праз год распрацаваў схему цэлага горада на Месяцы з набярэжнымі і паркамі. Ён перачытаў мноства прац па астраноміі, бачыў сны пра іншыя міры, а раніцай запісваў убачанае. У яго вобразах і затым на палотнах узнікалі жыхары Сатурна і Марса, а таксама касмічныя караблі, якія былі створаныя толькі ў другой палове ХХ стагоддзя.

Пасля вайны, у 1949 годзе, Язэп Драздовіч спрабуе беспаспяхова апублікаваць сваю манаграфію «Тэорыя руху ў касмалагічным значэнні».

У 1993 годзе ў Траецкім прадмесці Менска на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і набярэжнай Свіслачы быў урачыста адкрыты помнік Язэпу Драздовічу. Ён створаны ў вобразе чалавека, які ідзе па дарозе ў сялянскай світцы, з кіем у руцэ, з мальбертам праз плячо. Скульптурная кампазіцыя носіць назву «Вечны вандроўнік» - менавіта такім ён запомніўся беларусам. Чалавек, які спрабаваў зразумець і адлюстраваць унутраны космас жыхароў нашай краіны праз свае працы аб Месяцы, Марсе і Сатурне.

«Пагоня», 1927. Фота: catholic.by
Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках