2 траўня 2024, Чацвер, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крысціян Хольм спадзяецца наведаць Беларусь

2
Крысціян Хольм спадзяецца наведаць Беларусь

Новы кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі мае намер актывізаваць яе працу і дамагацца аднаўлення працы офіса АБСЕ ў Менску.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю БелаПАН адразу пасля свайго прызначэння 15 кастрычніка.

«Нам важна і трэба трымаць пытанне па Беларусі на парадку дня ПА АБСЕ, - сказаў Хольм. - Мы працягнем рабіць тое ж, што і раней, - запрашаць на сустрэчы прадстаўнікоў розных груп з Беларусі. Мы лічым, што важна запрашаць не толькі беларускіх дэпутатаў, але і прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, каб была магчымасць весці дыскусіі і чуць розныя меркаванні на нашых сустрэчах».

Крысціян Хольм падкрэсліў важнасць дыялогу з усімі суб'ектамі палітычнага поля ў Беларусі - як з уладамі, так і з апазіцыяй.

Адной з найважнейшых задач шведскі парламентар лічыць «неабходнасць дамагацца дазволу на аднаўленне працы ў Менску офіса АБСЕ», закрытага беларускімі ўладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Ацэньваючы цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, Крысціян Хольм падкрэсліў: у апошняй рэзалюцыі па Беларусі, прынятай у ліпені гэтага года, ПА АБСЕ выразна дала зразумець, што Беларусь «не з'яўляецца свабоднай і дэмакратычнай краінай». «У Беларусі не выконваюцца дэмакратычныя стандарты, а правы чалавека рэгулярна парушаюцца, - сказаў ён. - Але нашы намаганні накіраваныя на сумесную працу з усімі часткамі беларускага грамадства, каб Беларусь стала свабоднай, адкрытай і дэмакратычнай».

Парламентар спадзяецца, што ў бліжэйшы час яму і іншым сябрам рабочай групы па Беларусі будзе дазволена наведванне краіны: «Я буду спрабаваць дамагчыся магчымасці наведаць Беларусь як мага хутчэй. Калі такая магчымасць прадставіцца, то мы хацелі б правесці сустрэчы як з прадстаўнікамі афіцыйнай улады, так і апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, палітвязнямі і, вядома ж, прадстаўнікамі СМІ».

Хольм адзначыў, што раней неаднаразова спрабаваў атрымаць візу ў Беларусь у амбасадзе ў Стакгольме, але яму «вярталі пашпарт без візы і якіх-небудзь тлумачэнняў».

Падчас ліпеньскай сесіі ПА АБСЕ ў Стамбуле ён размаўляў пра гэта з кіраўніком беларускай дэлегацыі, намеснікам старшыні «палаты прадстаўнікоў» Беларусі Віктарам Гумінскім. «Пазней я таксама чытаў у беларускіх СМІ, што Гумінскі вельмі ясна і выразна сказаў, што мяне няма ў спісах тых, каму забаронены ўезд у Беларусь. Спадзяюся, я магу верыць яго словам і атрымаю запрашэнне наведаць Беларусь», - сказаў Хольм.

Каментуючы сітуацыю з беларускімі палітвязнямі, шведскі парламентар адзначыў: «Кожны раз, калі я даведваюся аб вызваленні палітвязня ў Беларусі, я радуюся. Але ў цэлым сітуацыя з наяўнасцю ў краіне палітвязняў абсалютна непрымальная - палітвязняў быць не павінна. Сядзець павінны тыя, хто здзейсніў крымінальныя злачынствы. Апазіцыйныя палітыкі і актывісты павінны быць свабоднымі і мець магчымасць займацца сваёй справай».

Крысціян Хольм таксама спадзяецца, што ў хуткім часе можна будзе ўбачыць прагрэс як у самой Беларусі, так і ва ўзаемаадносінах беларускіх уладаў з АБСЕ.

Заявы афіцыйных прадстаўнікоў Менска аб тым, што рабочая група ПА АБСЕ па Беларусі не патрэбная, Хольм пракаментаваў наступным чынам: «Яе стварэнне было выразным сігналам таго, што ў Беларусі не ўсё ў парадку. Мы патрабавалі і патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, правядзення дэмакратычных рэформаў, каб урад не парушаў правы чалавека. І для ўрада праблематычна вырашаць гэтыя пытанні».

«Значна прасцей заяўляць, што рабочая група не патрэбная, чым нешта рабіць для ліквідацыі існуючых праблем у сферы дэмакратыі і правоў чалавека», - дадаў Хольм. Паводле яго слоў, ПА АБСЕ выразна дала зразумець, што такая група ўсё яшчэ неабходная і павінна працаваць больш актыўна. «Асабіста я не магу дачакацца таго моманту, калі мы зможам сказаць, што рабочая група па Беларусі нам больш не патрэбная, што сітуацыя змянілася і неабходнасць у ёй адпала», - падкрэсліў шведскі дэпутат.

Хольм распавёў, што напярэдадні свайго прызначэння размаўляў са сваёй папярэдніцай Утай Цапф, якая ўзначальвала рабочую групу ПА АБСЕ па Беларусі з 2002 года.

«Я і ў далейшым збіраюся падтрымліваць з ёй кантакты, так як у яе вялікі вопыт па беларускім пытанні, яе рэкамендацыі могуць дапамагчы. Але самая галоўная яе рэкамендацыя - працягваць працу па ўсіх тых праблемных пытаннях, якія я згадаў. Яна заўсёды выразна заяўляла, што непавага правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў з'яўляецца непрымальнай», - заявіў дэпутат Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Крысціян Хольм вядомы рэзкай крытыкай афіцыйнага Менска і з'яўляецца адным з найбольш актыўных шведскіх дэпутатаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай. У ліпені гэтага года на сесіі ПА АБСЕ ў Стамбуле ён вынес на галасаванне рэзалюцыю па Беларусі, якая ў выніку і была прынятая. У дакуменце адзначалася, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі «па-ранейшаму носяць сістэмны характар».

ПА АБСЕ рэкамендавала ўраду неадкладна і безумоўна вызваліць і апраўдаць усіх палітвязняў, спыніць ціск на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі. У рэзалюцыі таксама выказвалася шкадаванне з нагоды абмежаванага супрацоўніцтва ўрада Беларусі з многімі інстытутамі АБСЕ, у тым ліку з рабочай групай ПА АБСЕ па Беларусі, якая так і не атрымала запрашэнне наведаць краіну.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках