28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары вуліцы Караля перамаглі ўшчыльненне

4
Жыхары вуліцы Караля перамаглі ўшчыльненне

Жыхары дома па вуліцы Караля ў Менску дамагліся адмены будаўніцтва ў іх двары аўтастаянкі.

Пра гэта БелаПАН паведаміла сябра ініцыятыўнай групы Вольга Трэпашко.

«Сёння мы атрымалі ліст з адміністрацыі Маскоўскага раёна. У ім гаворыцца, што паколькі 70% апытаных жыхароў выступілі супраць будаўніцтва аўтастаянкі пад сваімі вокнамі, прынятае рашэнне будаўніцтва ў гэтым месцы не праводзіць», - сказала актывістка.

Па словах Трэпашко, «жыхары рады гэтаму лісту і выказваюць падзяку адміністрацыі раёна за ўзважанае рашэнне, паколькі будаўніцтва непасрэдна паўплывала б на стан здароўя ўсіх жыльцоў нашага дома».

Жыхары дома №18 па вуліцы Караля выступалі супраць будаўніцтва ў іх двары аўтамабільнай стаянкі. 7 жніўня ў двор прыехаў экскаватар, які пачаў здымаць урадлівы пласт зямлі з травой і пашкодзіў карані дрэў. Аднак ужо на наступны дзень, пасля публікацый на гэтую тэму ў СМІ, працы спыніліся. 21 жніўня быў праведзены агульны сход жыхароў дома, на якім прысутнічалі 35 чалавек. У ім прынялі ўдзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Андрэй Суслянкоў і выконваючы абавязкі дырэктара ЖРЭА Маскоўскага раёна Уладзімір Раманюк.

«На сходзе пацвердзілася наша інфармацыя, што архітэктурнага праекта няма, і, адпаведна, няма экалагічнай экспертызы будаўніцтва паркоўкі. Большасць прысутных былі супраць стаянкі. Выступоўцы казалі, што двор маленькі і паркоўка на 20 машын не адпавядае нормам Міністэрства аховы здароўя - 15 метраў ад фасада будынка і 15 метраў ад дзіцячай пляцоўкі, якая знаходзіцца побач. У нас адсутнічае тратуар для пешаходаў каля пад'ездаў. Прычым побач ёсць маленькая вуліца, дзе стаяць скрыні для смецця. Мы прапануем будаваць стаянку менавіта там. Людзі выказвалі сваё пажаданне ўсталяваць у двары тэнісныя сталы і баскетбольнае кальцо, пасадзіць дрэвы і разбіць клумбы, каб было чым дыхаць ўнутры загазаванай вуліцы Караля», - паведаміла 29 жніўня актывістка.

Жыхары напісалі ліст у Менскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб прыняцці мер па аднаўленні дрэў, а таксама лісты ў пракуратуру, ЖЭС, ЖРЭА і адміністрацыю раёна, Менгарвыканкам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках